РУС БЕЛ ENG 中文

У Астравецкім ЦКРНіР кожны навучэнец сагрэты цяплом неабыякавых дарослых

16.12.2024

 

З мінулага года Астравецкі раённы ЦКРНіР з’яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта па духоўна-­маральным выхаванні, і ўжо больш за дзясятак гадоў тут дзейнічае бацькоўскі клуб “Надзея”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Невыпадкова на эмблеме ўстановы выява парасона, які можа схаваць ад непагадзі кожнае дзіця. Для выхаванцаў цэнтр — не проста месца карыснага правядзення вольнага часу і рэабілітацыі. Тут кожны навучэнец сагрэты цяп­лом неабыякавых дарослых і ў такім сяброўскім асяроддзі адкрыты для зносін са светам.

— Усе нашы дзеці таленавітыя і ўнікальныя, — расказвае пра цэнтр намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Аліна Шаўцова.

Пра многае гаворыць і такі факт: знаёмства пачалося не з экскурсіі ў вучэбныя класы і памяшканні для рэабілітацыі дзяцей, а каля яркай галерэі партрэтаў выхаванцаў у адным з холаў. Для кожнага з герояў галерэі суразмоўніцы не прыйшлося падбіраць добрыя словы. Яны шчодра ліліся самі і тут жа пацвярджаліся наглядным прадстаўленнем дзіцячых талентаў.

— Вось такія малюнкі наш Мікалай стварае без чыёй-небудзь дапамогі. З-за асаб­лівасцей развіцця яму складана выказваць пачуцці словамі, але поўнае ўяўленне пра яго ўнутраны свет даюць яго работы, — працягвае Аліна Шаўцова.

З такой жа цеплынёй яна расказвае і пра педагогаў установы, падкрэсліваючы, што работу цэнтра немагчыма ўявіць без кожнага з іх. Дзякуючы сацыяльнаму педагогу Аксане Кузьміцкай, з нядаўняга часу цэнтральным элементам усё таго ж хола з экспазіцыяй “Мы такія розныя, мы такія класныя!” з’яўляецца тэматычна аформлены куток веры. Тут кожны з бацькоў можа знайсці адпаведную літаратуру, карысныя буклеты з парадамі і словамі падтрымкі, “пачаставацца” ў кошыку пажаданняў запіскай з добрай парадай на дзень, знайсці фота з удзелам свайго дзіцяці ў розных мерапрыемствах і сустрэчах і не толькі…

— Асобны блок нашага кутка прысвечаны інавацыйнаму праекту, актыўнымі ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся з 2022 года, — падключаецца да размовы Аксана Кузьміцкая.

За афіцыйнай фармулёўкай інавацыі — “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння дзейнасці рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў” — вялікая праца. І пачалася яна не паралельна са стартам работы ў праекце, а задоўга да гэтага.

Так, удзельнікамі сустрэч з дзецьмі нярэдка становяцца прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Напярэдадні рэлігійных свят падапечныя цэнтра знаёмяцца з іх сутнасцю і традыцыямі падчас тэматычных заняткаў і разам з педагогамі наведва­юць гарадскі храм святых апосталаў Пятра і Паўла.

— У рамках інавацыйнага праекта ў нас працуе аб’яднанне па інтарэсах “Урокі дабра”. У цэлым жа наша штодзённая работа накіравана на пастаяннае ўзаемадзеянне з вучнямі двух класаў — старшай і малодшай школ — і выхаванцамі-дашкалятамі, — адзначае Аліна Шаўцова.

У Астравецкім раённым ЦКРНіР раскрываюць і развіваюць таленты дзяцей, дапамагаюць ім сацыялізавацца ў адпаведнасці з прынцыпам сямейнасці. Да дзяцей педагогі ставяцца як да блізкіх лю­дзей і штодзённы дыялог будуюць у цесным узаемадзеянні з бацькамі.

— Наша ўстанова аб’ядноўвае ў адну вялікую сям’ю 27 выхаванцаў і іх бацькоў. З 2010 года ў нас функцыянуе бацькоўскі клуб “Надзея”. Яго галоўная мэта — аб’яд­наць людзей, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, для вырашэння агульных праблем сумеснымі намаганнямі, — гаворыць ініцыятар стварэння клуба Аксана Кузьміцкая.

Тэматыка сустрэч заўсёды абумоўлена запытамі бацькоў, а зносіны ў клубе адбываюцца ў нефармальнай абстаноўцы за кубкам чаю. Формы работы і пабудовы канструктыўнага дыялогу выкарыстоўваюцца розныя. Гэта круглыя сталы і дыскусіі, тэматычныя кансультацыі з удзелам спецыя­лістаў. На кожнай сустрэчы абавязкова прысутнічае настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла.

— Гэтыя сустрэчы накіраваны на пашырэнне псіхалагічных і прававых ведаў бацькоў, фарміраванне педагагічных асноў у пытанні ўзаемадзеяння з дзіцем. Нашы педагогі распрацоўваюць адпаведныя памяткі. Акрамя таго, практыкуем анкетаванні і розныя трэнінгавыя практыкі, якія спрыяюць прыняццю ўсіх членаў сям’і, дапамагаюць зняць эмацыянальную напружанасць і паверыць у сябе, — заўважае сацыяльны педагог цэнтра.

Каб падкрэсліць знач­насць кожнага дарослага ў жыцці дзіцяці, педагогі цэнтра выкарыстоўваюць цікавыя эмацыя­нальныя практыкі. На апошняй сустрэчы, напрыклад, дыялог пачалі з інфармацыі пра тое, што сярод удзель­нікаў дыялогу выбраны лепшы з бацькоў. Даведацца, хто гэта, можна было, зазірнуўшы ў сакрэтную скрыню… У ёй кожны ўбачыў сваё адлюстраванне ў люстэрку.

Аксана Кузьміцкая пераканана, што залогам паспяховай сацыялізацыі дзяцей з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне педагогаў цэнтра і бацькоўскай грамадскасці. Сем’і выхаванцаў актыўна ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах і спартыўных святах, выездах на прыроду і экскурсіях.

— Спрыяюць сацыяльнай адаптацыі дзяцей і зносіны па-за сямейным колам. Частыя госці ў нас — вучні-валанцёры адпаведных атрадаў школ райцэнтра. Разам з тым нярэдка і нашы навучэнцы становяцца ўдзельнікамі школьных мерапрыемстваў. Мінулым летам, напрыклад, яны былі на свяце адкрыцця летняга лагера, на прэзентацыйным мерапрыемстве ад ратавальнікаў раёна ў сярэдняй школе № 1, — дадае Аліна Шаўцова.

Даўно знаёмы дзеці і з прадстаўнікамі арганізацыі — спонсара цэнтра — супрацоўнікамі Беларускай атамнай электрастанцыі. Шмат у чым дзякуючы такому парт­нёрству, ва ўстанове ёсць усе магчымасці для паспяховага развіцця дзяцей. З нядаўняга часу, напрыклад, педагогі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце інтэрактыўную дошку. Ганарацца тут і наяўнасцю шматфункцыянальнага сенсорнага пакоя, дзе дзецям вельмі падабаецца бавіць час.

— Да таго ж мы самі актыўна шукаем магчымасці зрабіць умовы знаходжання дзяцей у цэнтры больш спрыяльнымі. Дзякуючы ўдзелу ў гуманітарным праекце акцыянернага таварыства “Атамбудэкспарт”, у гэтым годзе мы сталі ўладальнікамі гранта на суму больш чым 11 тысяч рублёў. Плануем уладкаваць адно з памяшканняў пад залу сенсорнай інтэграцыі дзяцей “Дом савы”, — дзеліцца Аліна Шаўцова.

Вяртаючыся да тэмы ­ўдзе­лу ў інавацыйным праекце, нельга не адзначыць, што ў мінулым годзе ўстанова стала лаўрэатам прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Работа сацыяльнага педагога Аксаны Кузьміцкай у намінацыі “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі” была адзначана дып­ломам ІІІ ступені. На дасягнутым у раённым ЦКРНіР спыняцца не плануюць, бо цеснае ўзаемадзеянне ў гэтым тэматычным полі працуе выключ­на ў інтарэсах выхаванцаў цэнтра і іх бацькоў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: