РУС БЕЛ ENG 中文

Першы зборнік, прысвечаны педагогам Дзятлаўшчыны, выйшаў у рамках абласнога праекта «Лёс краіны ў руках настаўнікаў»

22.11.2024

Першы зборнік, прысвечаны педагогам Дзятлаўшчыны, выйшаў у рамках маштабнага абласнога педагагічнага праекта “Лёс краіны ў руках настаўнікаў”.

У зборнік увайшлі артыкулы пра лю­дзей, якія з’яўляюцца душой школы, захавальнікамі і носьбітамі культурных, маральных, інтэлектуальных і духоўных каштоўнасцей. Гэта кніга пра іх, педагогаў з вялікім сэрцам, у якім жывуць бязмежная любоў і дабрыня, мудрасць і клопат.

Адным з яркіх прыкладаў сапраўднага кіраўніка з’яўляецца дырэктар сярэдняй школы № 3 Дзятлава імя І.Ю.Філідовіча Іван Кібінь. У кожным настаўніку ён бачыць толькі добрае, заўсёды гатовы даць параду, як выканаць заданне якасна, праявіць сябе.

Гісторыя педагагічнай дынастыі Лобах — Лішык налічвае 178 гадоў. “Муд­расць + веды + дабрыня” — формула педагагічнага поспеху Святланы Салаўёвай, якая на працягу 10 гадоў кіруе педагагічнай групай. А вось Кацярына Латушка — маладая, таленавітая, абаяльная настаўніца, якая з’яўляецца прыкладам для сваіх вучняў, — натхняе іх на новыя адкрыцці і ўмацоўвае імкненне да перамогі.

Святлана Урбан, настаўніца рускай мовы і літаратуры, ведае сакрэт педагагічнага майстэрства, які дапамагае навучэнцам стаць пераможцамі конкурсаў навукова-даследчага характару. Алёна Стракоўская і Таццяна Калашнікава ведаюць, як дапамагчы навучэнцам атрымаць на цэнтралізаваным экзамене запаветных 100 балаў.

Не менш цікавыя гісторыі педагогаў раёна Тамары і Святаслава Буяк, Жанны Цяцерынай, Ірыны Шумскай, Наталлі Клімец, Алены Баковіч, Ірыны Верамейка, Святланы Кетка, Алены Радомскай, Ганны Урбановіч, якія лічаць, што быць настаўнікам — сапраўднае прызванне.

Кніга аб педагогах Дзятлаўшчыны — гэта магчымасць выказаць шчырую па­дзяку настаўнікам раёна, якія не толькі з’яўляюцца праваднікамі перадавых ідэй развіцця грамадства, але і заслугоўваюць, каб на прыкладзе іх жыццёвага і прафесійнага шляху выхоўваліся новыя пакаленні. Вельмі важна пазнаёміць грамадскасць з лепшымі прадстаўнікамі настаўніцкай прафесіі, паказаць унікальнасць кожнага з іх, расказаць пра іх педагагічны вопыт.

Кніга “Лёс краіны ў руках настаўнікаў: Дзятлаўскі раён” — вынік сумеснай работы супрацоўнікаў аддзела адукацыі, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце навучальных устаноў раёна, кіраўнікоў музеяў, класных кіраўнікоў.

Кніга створана на аснове шматлікіх матэрыялаў са школьных, музейных і асабістых, сямейных архіваў, публікацый з раённай газеты “Перамога”, успамінаў лю­дзей, якія з’яўляюцца сведкамі тых ці іншых па­дзей.

Менавіта ў руках педагогаў будучыня Беларусі. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, адданыя сваёй справе, народу і дзяржаве, якія асабістым прыкладам выхоўваюць патрыётаў. Яны прывіваюць моладзі любоў да ведаў, павагу да спрадвечных каштоўнасцей, фарміруюць беражлівыя адносіны да гісторыі роднай зямлі і гордасць за дасягненні краіны.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: