РУС БЕЛ ENG 中文

Барунская школа – два словы святыя, для кожнага, хто навучаецца тут

05.10.2026

Вясковыя школы маюць сваю асаблівую атмасферу. Размешчаныя ў маляўнічых куточках раёна, яны з’яўляюцца сапраўдным упрыгожаннем вёсак і аграгарадкоў. Тут заўсёды віруе жыццё.

У апошні вераснёўскі дзень мы прыехалі ў Барунскую школу, якая па выніках 2025 года зенесена на раённую Дошку гонару. Частка вучняў шчыруе каля яблынь, збіраючы ўраджай і складаючы налітыя сокам плады ў вёдры і кашы. Яшчэ некаторая частка прыбірае тэрыторыю ад лісця, якое каляровым дываном засыпала зямлю. Смех, жарты чуюцца здалёк. Над уваходам у школу красуе шыльда з надпісам “Сардэчна запрашаем!”. Гэты заклік так і вабіць увайсці.

Гісторыя

Школа ў Барунах мае багатую гісторыю. Гэта шлях у некалькі стагоддзяў, які пачынаецца з рэлігійнай адукацыі і праходзіць праз важныя этапы станаўлення свецкай асветы на беларускіх землях. Школа пачынае сваю гісторыю з 1617 года, а свецкай навучальнай установай яна стала ў 1780-м. Важным перыядам у гісторыі Барунскай школы сталі 1920-1922 гады, калі тут працавала Беларуская настаўніцкая семінарыя пад кіраўніцтвам вядомага дзеяча Сымона Рак-Міхайлоўскага. У 1933 годзе школа атрымала статус сямігадовай. З 1944-га яна працавала як пачатковая, а з 1953-га стала сярэдняй. У 1980 годзе ўстанова пераехала ў сучасны будынак. У 2008-м яна стала навучальна-педагагічным комплексам, а з 2022 года — сярэдняй школай. Сёння яна працягвае традыцыі адукацыі, закладзеныя стагоддзі таму.

Выпускнікі

Славіцца ўстанова і сваімі выпускнікамі, якія рэалізаваліся ў розных накірунках. Урачы, настаўнікі — яны сёння працуюць у розных сферах. З вялікім гонарам дырэктар Ірына Якубель расказвае аб тым, што сама з’яўляецца выпускніцай Барунскай школы. Сёння яна прыкладае ўсе намаганні, каб установа квітнела і развівалася, імкнецца зрабіць яе асяродкам для развіцця і росту.

— Нам ёсць чым ганарыцца. Перш за ўсё — нашымі выпускнікамі. Сярод іх — шмат годных і працавітых людзей, якія сталі кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, многія звязалі сваё жыццё з роднай гаспадаркай і праслаўляюць яе сваёй працай. Некаторыя вярнуліся ва ўстанову ў якасці настаўнікаў, — расказвае Ірына Якубель.

Школа сёння

У навучальнай установе працуе 21 педагог і навучаецца 51 вучань. Класы невялікія, але дружныя. Пад кіраўніцтвам педагогаў школьнікі прымаюць удзел у дабрачынных акцыях, з вялікай павагай ставяцца да сваёй гісторыі, ажыццяўляюць догляд за помнікамі, прысвечанымі падзеям Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Вядзецца актыўная краязнаўчая работа. Вучні прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях, з’яўляюцца экскурсаводамі школьнага музея.

— Гісторыя Барун вельмі багатая і шматгранная. Мы лічым, што маладое пакаленне павінна яе ведаць. Важна даць дзецям не толькі веды і ўменні, але і годна выхаваць. З гэтай мэтай ва ўстанове ладзяцца адпаведныя мерапрыемствы, устаноўлены стэнды, прысвечаныя героям, — дзеліцца думкамі Ірына Якубель.

Вялікая адказнасць за годнае выхаванне дзяцей ускладзена і на намеснікаў дырэктара. Вольга Казіміраўна Свірыда мае больш за 30 гадоў педагагічнага стажу. Амаль усе з іх аддадзены Барунскай школе, куды яна прыйшла працаваць маладым спецыялістам пасля некалькіх месяцаў працы ў Каецяняцкай пачатковай школе. Вопыт яна пераймала ў былога дырэктара Франца Станулевіча. Паспрабавала сябе ў якасці настаўніцы пачатковых класаў, педагога-арганізатара, настаўніка-дэфектолага, а пазней узяла на сябе абавязкі намесніка дырэктара.

— Вясковыя дзеці адрозніваюцца сціпласцю, а наша задача — раскрыць іх патэнцыял, дапамагчы рэалізаваць таленты, падтрымаць ініцыятыву. Важна заўважыць патэнцыял у дзіцяці. Некаторым лёгка даецца вучоба, хтосьці рэалізоўваецца ў спорце, іншыя праяўляюць сябе ў творчасці, — дзеліцца назіраннямі Вольга Казіміраўна.

Тэрыторыя

Прышкольная тэрыторыя патанае ў кветках і зеляніне. Хваляцца някідкай прыгажосцю стракатыя астры, падымаюць да сонца галовы вяргіні, апошнім хараством радуюць ружы. Дэкаратыўныя кустарнікі ўпрыгожваюць амаль усю тэрыторыю школы. Каля маладзенькіх туй размясціліся магутныя елкі, высаджаныя выпускнікамі 1980 года. І зараз адзінаццацікласнікі імкнуцца пакінуць пасля сябе добрую памяць — пасадзіць дрэўца перад тым, як адкрыюць новую жыццёвую старонку. Прыходзячы на вечары сустрэчы, яны назіраюць за тым, як красуюць пасаджаныя колісь дрэўцы. Можа пахваліцца школа і ўласным яблыневым садам, невялікім агародам. У гэтым годзе яблыкаў асабліва шмат.

Маладыя дрэўцы, усыпаныя чырвонабокімі пладамі, атаясамліваюцца з маладым пакаленнем, якое сёння імкнецца да навукі, каб заўтра прынесці карысць для сваёй сям’і, аграгарадка, дзяржавы. Педагогі ўпэўнены, што так і будзе. Яны, як руплівыя сейбіты, зробяць усё для таго, каб іх праца прынесла карысць.

Источник: https://www.osh.by

поделиться в: