РУС БЕЛ ENG 中文

Андрэй Іванец: наша краіна захавала сацыяльна накіраваную сістэму на ўсіх узроўнях адукацыі

13.11.2024

Урачыстае адкрыццё музейнага праекта “Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучаснасць” адбылося ў Міністэрстве адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Экспазіцыя прысвечана 105-годдзю органаў дзяржаўнага кіравання сістэмай адукацыі Беларусі і 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва. Работы, якія ўвайшлі ў яе, адлюстроўваюць слаўную гісторыю педагогікі Беларусі, знаёмяць са знакавымі асобамі ў сферы асветы, расказваюць пра навучальныя ўстановы, станаўленне і развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі. Значна, што ў прадстаўленых матэрыялах раскрыты асноўныя дасягненні сучаснай беларускай мадэлі адукацыі, галоўныя падзеі і асабісты ўклад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў стварэнне дзяржаваўтваральнай галіны краіны, адлюстравана яе ідэйная накіраванасць. Экспазіцыя прысвечана настаўнікам, выкладчыкам, асветнікам і адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і развіццём беларускай адукацыі.

— Вельмі цяжка перабольшыць ролю сістэмы адукацыі ў станаўленні і развіцці краіны, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Адкрываючы экспазіцыю, мы хацелі паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца: у нас вельмі багатая шматвекавая гісторыя асветы і сістэмы адукацыі. Але яшчэ важней паказаць, што за гэты час — 30 гадоў незалежнасці Беларусі і інстытута прэзідэнцт­ва — мы зрабілі сур’ёзны крок у развіцці адукацыі і нашага чалавечага капіталу.

Развіваючы тэму сацыяльна накіраванай сістэмы адукацыі, Андрэй Іванец нагадаў, што ў краіне захаваны бясплатныя ўстановы дашкольнай адукацыі і сёння сістэма імкнецца да поўнага ахопу да­школьнікаў адукацыяй.

— Мы вельмі сур’ёзна развіваем агульную сярэднюю адукацыю, абапіраючыся на традыцыі савецкай школы, — акцэнтаваў увагу кіраўнік ведамства. — Мы бачым, наколькі высокія вынікі нашы вучні паказваюць на шматлікіх міжнародных конкурсах і алімпіядах. Яны наша гордасць.

Міністр адукацыі спыніўся і на асаблівасцях развіцця прафесійнай адукацыі. Па словах А.Іванца, падрыхтоўка рабочых кадраў, спецыялістаў сярэдняга звяна з’яўляецца адным з ключавых элементаў развіцця эканомікі краіны і кадравага забеспячэння.

— Безумоўна, вышэйшая школа — гэта лакаматыў любой сістэмы адукацыі, — працягнуў Андрэй Іванавіч. — Тая ўвага, якую ўдзяляе Прэзідэнт краіны вышэйшай школе, заслугоўвае падзякі з нашага боку.

Разважаючы над тым, што сёння з’яўляецца важным і патрабуе ўвагі, міністр адукацыі вызначыў яшчэ адзін кірунак — падтрымку дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. А.Іванец падкрэсліў, што ў краіне спецыяльная адукацыя інтэгравана абсалютна на ўсіх узроўнях адукацыі, а тыя дзеці, у якіх ёсць асаблівыя запыты, мо­гуць вучыцца, сацыялізавацца ў грамадстве і атрымаць пуцёўку ў жыццё.

— Безумоўна, мы не можам не ска­заць пра адораных і таленавітых навучэнцаў, а гэта ўжо сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — сказаў Андрэй Іванец. — Яна ў нашай краіне вельмі развітая і ахоплівае кожны рэгіён, кожны малы населены пункт, а таксама ўсе раённыя і абласныя цэнтры. У гэты знамянальны год мы хацелі зрабіць падарунак усім нашым супрацоўнікам. Разлічваем, што экспазіцыю будуць наведваць педагогі, школьнікі, студэнты.

Летась Міністэрства адукацыі і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” выдалі кнігу “Адукацыя ў Беларусі”. Менавіта яна стала асновай для стварэння экспазіцыі “Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучас­насць”. У ёй прадстаўлены асноўныя дасягненні сістэмы адукацыі краіны, яе галоўныя падзеі. Кандыдат гістарычных навук дацэнт БДУ Вольга Яршова нагадала, што сабой уяўляла сістэма адукацыі Беларусі пачынаючы з вытокаў і да пачатку 1990-х гадоў.

Пра тое, як удасканальвалася адукацыя на працягу 30 гадоў інстытута прэзідэнц­тва, падрабязна расказаў Андрэй Іванец. Ён дэталёва спыніўся на знакавых адукацыйных дасягненнях і падзеях, а таксама нагадаў пра ролю кіраўніка дзяржавы ў развіцці не толькі асветы, але і ўсёй краіны.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: