РУС БЕЛ ENG 中文

Куток беларускасці. Сярэдняя школа №41 імя А.М. Кузняцова запрашае паглядзець на музейную экспазіцыю з чароўнай назвай «Лёсу палатно»

04.11.2024

Падчас экскурсій добрай традыцыяй стала правядзенне майстар-класаў і квэстаў.

изображение_viber_2024-10-31_16-30-18-321.jpg

Кожны крок па музейнай экспазіцыі сярэдняй школы №41 нібы крок углыб душы беларускага народа, яго традыцый і самабытнасці. «Лёсу палатно» змяшчае больш за 90 экспанатаў з самых дальніх куточкаў Гродзеншчыны.

Добрыя ідэі прыходзяць нечакана. Пацвердзяць гэта і вучні школы разам з настаўнікамі.  Год таму ідэя стварыць куток беларускасці для будучых пакаленняў увасобілася ў жыццё.  

– Гэта экспазіцыя – жывое палатно, на якім пераплятаюцца ўзоры беларускай культуры. Адкрыццё экспазіцыі мела важны значэнне для захавання нашай гісторыі. Мы імкнемся перадаць нашы нацыянальныя традыцыі наступным пакаленням, – расказвае Святлана Мікалаеўна Шаціло - намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, якая займалася зборам экспанатаў.

Адна экспазіцыя – чатыры тэматычныя часткі, якія паглыбляюць ў традыцыі прадзення і ткацтва, вымушаюць адчуць сябе часткай старажытнага рамяства.

изображение_viber_2024-10-31_16-31-40-650.jpg

– Наведвальнікі экспазіцыі могуць убачыць кросны, сукала, матавіла, мяліцу і калаўрот, якім больш за 100 гадоў, – распавядае Святлана Мікалаеўна Шаціло.

Адна з частак экспазіцыі расказвае пра гістарычныя і культурныя прыкметы рэгіёна. Наступная частка знаёміць з асаблівасцямі вырабу адзення нашых продкаў і іх вопраткай. «Лёсу палатно» пакажа, як ільняныя кашулі з ручным гафтам і фартухі з фальбонамі стваралі ў пачатку ХХ стагоддзя.

изображение_viber_2024-10-31_16-31-28-767.jpg

изображение_viber_2024-10-31_16-30-54-890.jpg

Апошняя частка экспазіцыі расказвае пра гісторыю стварэння драўлянай мэблі і яе прызначэнне. Наведвальнікі музейнай экспазіцыі могуць убачыць, які быў інтэр'ер у хатах стагоддзе таму. Ручнікі, посцілкі, падзоры і фіранкі для ложка. Здаецца, звычайныя рэчы, пакуль не даведаешся, што ім больш чым 70 гадоў. Таму кожны, хто наведаў музейную экспазіцыю сярэдняй школы №41, можа паспрабаваць уплесці класічную беларускую традыцыю і ў сваё сучаснае жыллё.  Дыван на сцяне – не заўсёды старамодна. Прадстаўленыя экспанаты расказваюць гісторыі людзей, якія выкарыстоўвалі іх у паўсядзённым жыцці. Яны гарманічна злучаюцца, ствараючы цэласную карціну беларускай культуры.  

Ганна Макарчык, педагог дадатковай адукацыі, працавала над дызайнерскім афармленнем экспазізыі:

– Дызайн выставы – гэта не толькі эстэтычны аспект, але і спосаб данесці да наведвальнікаў глыбіню нашай культуры. Мы стараліся зрабіць усё так, каб кожны мог адчуць сувязь з мінулым.

изображение_viber_2024-10-31_16-30-58-115.jpg

Адрозненне гэтай экспазіцыі ад многіх іншых у тым, што дапамагаюць наведвальнікам дакрануцца да багатай спадчыны краю самі вучні школы. Убраныя ў нацыянальныя касцюмы, яны прымяраюць на сябе ролю сапраўдных гідаў. Падчас экскурсій добрай традыцыяй стала правядзенне майстар-класаў і квэстаў. За год было праведзена каля 50 экскурсій. Музейную экспазіцыю наведалі  больш за 760 наведвальнікаў.

– Вучні, якія ўдзельнічаюць у экскурсіях, становяцца сапраўднымі праваднікамі беларускай культуры. Гэта не толькі вучэбны працэс, але і магчымасць для іх развіваць свае творчыя здольнасці, – лічыць настаўнік гісторыі і кіраўнік музейнай экспазіцыі Кацярына  Баляславаўна Талай.

изображение_viber_2024-10-31_16-29-51-883.jpg

У кутку музея стаіць кніга пажаданняў, дзе кожны можа пакінуць свае ўражанні. Каб памяць аб сустрэчы засталася, гасцям дораць магнітны мяшочак з насеннем лёну. Таму кожны можа вырасціць свой кавалачак беларускай культуры.

Многа ўжо зрабілі. Але гэта толькі пачатак. У планах школы збор новых экспанатаў, правядзенне майстар-класаў і квэстаў для школьнікаў і развіццё партнёрскіх сувязей з музеямі. Далей – болей.

изображение_viber_2024-10-31_16-29-07-800.jpg
Источник: https://grodnonews.by
поделиться в: