Як Ірына Іадкоўская з Вялікаэйсмантаўскага дзіцячага сада займаецца з выхаванцамі праектнай дзейнасцю
23.10.2024— Каб яны былі паспяховымі, добра арыентаваліся ў патоку інфармацыі, трэба навучыць дзяцей яе лёгка і хутка ўспрымаць, аналізаваць, асвойваць новае і пры гэтым знаходзіць неардынарныя рашэнні. Калі дзіця ўзаемадзейнічае з нейкімі прадметамі, аб’ектамі, яно лепш спазнае навакольны свет. Таму прыярытэт у сваёй рабоце аддаю практычным метадам навучання: эксперыментам, праектам, доследам, даследаванням. Гэта спрыяе праяўленню ініцыятывы ў дзяцей, а таксама самастойнасці ў гульні, у зносінах, навучанні, пазнавальнай і даследчай дзейнасці, — расказала Ірына Мікалаеўна.
Педагог стварае нейкую праблему, а дзецям трэба падумаць, як яе вырашыць. Так узнікаюць перадумовы для даследчай дзейнасці. Напрыклад, дзеці выдатна ведаюць вершы Агніі Барто пра жывёл. А як іх намаляваць, чым? Стварылі праблему, правялі даследаванне, знайшлі рашэнне і ў выніку атрымалі прадукт — малюнкі, калажы. Бацькі ў сваю чаргу выкарыстоўваюць гэтыя малюнкі ў дамашнім навучанні і зносінах са сваімі дзеткамі.
На занятках з выхаванцамі старэйшага ўзросту ўжо фарміруюцца перадумовы пошукавай дзейнасці. Педагог развівае ў іх уменне вызначаць магчымыя метады вырашэння праблемы, уменне прымяняць метады, якія спрыяюць выкананню пастаўленай задачы з выкарыстаннем розных варыянтаў. Спачатку дарослы падказвае, а затым дзеці разумеюць, што пытанне можна вырашыць самім. І потым вядзенне канструктыўнай гутаркі, абмеркаванне і практычная дзейнасць пад наглядам педагога.
— Праектную дзейнасць можна прадставіць як спосаб арганізацыі педагагічнага працэсу, заснаванага на ўзаемадзеянні педагога, выхаванцаў і іх бацькоў, — адзначыла Ірына Іадкоўская. — У маім разуменні гэта ідэальны варыянт, таму што задзейнічаны ўсе. Гэты саюз дапамагае дзіцяці значна лепш акумулявацца і добра засвоіць набытыя веды і навыкі, паўтарэнне ідзе з усімі.
У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвае даследча-творчыя, ролева-гульнявыя, інфармацыйна практыка-арыентаваныя праекты. Яны класіфікуюцца па тэматыцы, тэрмінах рэалізацыі, складзе ўдзельнікаў. Напрыклад, з праектам “Беларускія строі”, арыентаваным на адно дзіця, прадстаўлялі народныя строі ў раённым конкурсе.
— У ходзе праектнага навучання звярнула ўвагу на тое, што асабістая ўпэўненасць кожнага ўдзельніка моцна расце, — падзялілася суразмоўніца. — Пры гэтым развіваецца свядомасць значнасці калектыўнай работы. Дзеці разумеюць, што разам можна зрабіць значна больш. Ёсць такія, хто адчувае сябе камфортна адзін. У нас індывідуальна дыферэнцыраваны падыход, таму мы звяртаем увагу на асаблівасці кожнага дзіцяці. Гэта вельмі важна, трэба развіваць тое, што ёсць у дзіцяці, а не спрабаваць нешта выправіць.
Педагог выбірае тэму і разбірае яе з дзецьмі на працягу месяца. У выніку яшчэ атрымліваецца добры прадукт. Так, пасля праекта “Я краінай сваёй ганаруся — яе імя Беларусь” з экскурсіямі па аграгарадку зрабілі фотаальбом, пасля “Займальнай матэматыкі” з’явіўся лэпбук з задачамі для дзяцей і гульнямі па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў. Падчас рэалізацыі праекта па энергазберажэнні “Расходуй разумна” дзяўчынка разам з татам на працягу месяца вывучалі, колькі трацяць электраэнергіі ад розных электрапрыбораў, і ў выніку вырашалі, як можна сэканоміць. Былі таксама праекты “Вучымся гаварыць”, “Дажынкі”, “Сямейныя традыцыі. Сямейныя святы”, “Вясёлая нітка” і іншыя. Вынікам іх сталі прэзентацыі, выставы работ або папкі-перасоўкі, картатэка гульняў, відэа.
— Праектная дзейнасць з’яўляецца своечасовай і цікавай, таму што мы даём дзецям больш ведаў, чым на звычайных занятках, знаёмім з гістарычнымі фактамі. Развіваецца іх слоўнікавы запас, павышаецца ўзровень пазнавальных здольнасцей, назапашваецца вопыт. Гэта прымушае дзяцей думаць і будаваць гіпотэзы, шукаць розныя варыянты і выбіраць лепшы. А яшчэ зніжае дзіцячы эгаізм, яны разумеюць, што разам можна знайсці значна лепшае рашэнне, — падсумавала педагог.
Даследчая дзейнасць педагога з выхаванцамі падзелена на тры этапы. На першым яна спрыяе развіццю цікавасці дзяцей, эксперыментаванню, пераадольванню сціпласці, скаванасці, боязі памылак. Ствараюцца такія сітуацыі, якія выклікаюць цікавасць, здзіўленне, эмацыянальны водгук у дзяцей. Напрыклад, як дапамагчы дзяўчынцы спячы піражкі для бабулі. Паступова дзеці ідуць ад выбару прадуктаў да гатовага печыва.
На другім этапе развіваюцца даследчыя навыкі. Паступова ўскладняюцца ўмовы ў эксперыментаванні і даследчай дзейнасці. Аб’ектам дзіцячага эксперыментавання можа быць тое, што ім цікава. Напрыклад, таямніцы насення, чаму яны такія маленькія, а расліны вырастаюць вялікія. Дзеці нават самі пытаюцца: чаму шышка на дрэве была зялёная, а калі ўпала на зямлю, стала карычневая, што з ёй здарылася. Падчас даследаванняў даведваюцца, чаму так адбываецца.
Сумесны даследчы пошук у рамках калектыўнага праекта — трэці этап. Такая работа спрыяе таму, што дзіця вучыцца разважаць, шукаць, даследаваць і прыходзіць да высновы: любое пытанне можна вырашыць. Педагог вучыць дзяцей размаўляць, дамаўляцца, тлумачыць, шукаць. Не проста, каб яны вырашылі прапанаваную задачу, а падумалі, якія яшчэ ёсць варыянты.
— Можна проста расказаць, але яны не запомняць, а вось жывое даследаванне застаецца ў памяці. Я стараюся ім растлумачыць, што няма невырашальных пытанняў, на любое можна знайсці адказ. І ўсё гэта для таго, каб актывізаваць цікавасць не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, — падзялілася Ірына Мікалаеўна.
Вопыт сваёй работы ў гэтым кірунку І.М.Іадкоўская абагульняла на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання. У дзіцячым садзе яна працуе каля 30 гадоў, скончыўшы педагагічны каледж і БДПУ. Педагогамі сталі і дзве дачкі, старэйшая выкладае англійскую мову, сярэдняя — геаграфію. Малодшая дачка — фельчар-акушэр.
— Проста працаваць не атрымліваецца, напэўна, гэта не цікава. Трэба шукаць нешта, што зацікавіць дзяцей, але не толькі іх, а і бацькоў. Я атрымліваю маральнае задавальненне ад сваёй работы, гэта разуменне таго, што хлопчыкі і дзяўчынкі не проста выйшлі з дзіцячага сада, а нешта вынеслі. І дзецям сваім заўсёды кажу: галоўнае — не баяцца і праз усе цяжкасці ісці наперад, на гэтым шляху сустрэнеш людзей, якія табе дапамогуць, — падкрэсліла Ірына Мікалаеўна.
Источник: https://nastgaz.by