РУС БЕЛ ENG 中文

Падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу абмеркавалі ў БДСГА

22.10.2024

Якасная падрыхтоўка кадраў для аграпрамысловага комплексу. Гэтая тэма стала ключавой падчас візіту міністра адукацыі Андрэя Іванца ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

Сёння БДСГА — своеасаблівы горад у горадзе. На тэрыторыі акадэмгарадка размешчаны 16 вучэбных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў, бібліятэка з кніжным фондам больш за адзін мільён экзэмпляраў, сталовая на 800 месцаў. Зараз на дзевяці факультэтах у акадэміі вучыцца каля 8 тысяч маладых людзей. Пад­рыхтоўка кадраў тут вядзецца з акцэнтам на практыкаарыентаванасці, выкарыстоўваецца база мноства майстэрань, навуковых лабараторый, вучэбна-выставачных і інавацыйных цэнтраў, а таксама ўласных аўтатрактарадрома, дыягнастычнай станцыі аўтамабіляў, пчальніка, ветэрынарнай клінікі, плодагадавальніка, віварыя, вучэбна-доследных палёў. Для правя­дзення вольнага часу тут ёсць цэнтр студэнцкай мастацкай творчасці, спарткомплекс са стадыёнам і басейнам, цэнтр духоўна-маральнага раз­віцця.

Кіраўнік адукацыйнага ведамства адзначыў аўтарытэтнасць і ўнікальнасць БДСГА, адпаведнасць матэрыяльнай базы акадэміі самым высокім сучасным патрабаванням. Былі расстаўлены і пэўныя акцэнты. Андрэй Іванец арыентаваў кіраўніц­тва УВА на неабходнасць узмацнення прафарыентацыйнай работы, пашырэнне супрацоўніцтва з прадпрыемствамі.

— Моладзь хоча бачыць перспектыву сваёй прафесійнай будучыні. Таму трэба асаблівую ўвагу ўдзяляць не толькі прафарыентацыі, але і стварэнню ўмоў для навучання, пражывання, наступнага прафесійнага станаўлення і працы. Важна і эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу прафесарска-выкладчыцкага складу, трывалае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ў цеснай звязцы з заказчыкамі кадраў павінны паклапаціцца аб праходжанні практыкі, выкананні студэнтамі курсавых і дыпломных работ, а затым — і аб замацаванні маладых спецыялістаў на прадпрыемствах, — паведаміў Андрэй Іванавіч.

Гаворачы аб павышэнні прэстыжу сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, міністр падкрэсліў значнасць укаранення ў адукацыйны працэс перадавых дасягненняў навукі і тэхналогій. Для прыцягнення моладзі ў аграрную галіну гэта адзін з самых прывабных фактараў.

Адметна, што ў БДСГА стараюцца ўлічваць усе вышэйпералічаныя моманты. Па словах рэктара Віталя Веліканава, акадэмія ідзе ў нагу з часам.

— Пастаянна абнаўляем пералік спецыяльнасцей з улікам патрэб рынку працы, пашыраем колькасць лабараторый. Каля 70% гадзін у вучэбных планах адведзена практычным заняткам у нашых вучэбных цэнтрах і на прадпрыемствах. Будзем працягваць укараненне ў навучанне новых тэхналогій і інавацыйных падыходаў. Напрыклад, у нас даўно ёсць камбайны, якія толькі тры гады назад пайшлі ў серыйную вытворчасць. У найбліжэйшых планах — вывесці на прамысловы ўзровень наш пчальнік, — падзяліўся Віталь Віктаравіч.

Наведванне Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбылося ў Тыдзень бацькоўскай любові, таму пагаварылі і пра сямейнае выхаванне моладзі.

— Штогод праводзіцца конкурс на лепшую студэнцкую сям’ю сярод УВА краіны. Гэта добры стымул для ўсвядомленага выбару сямейнага жыцця маладымі людзьмі. У студэнцкім асяроддзі многае робіцца ў кірунку духоўна-маральнага і сямейнага выхавання. Дзяржава ў першую чаргу заснавана на сямейных традыцыях. І моладзь выхоўваецца на нашых спрадвечных беларускіх каштоўнасцях, — сказаў Андрэй Іванец.

Міністр адукацыі заўважыў, што сямейнае выхаванне павінна быць у цэнтры ўвагі ў кожнай навучальнай установе: ад дзіцячага сада, школы да каледжа і ўніверсітэта. Выкладчыкам трэба не проста пад­рыхтаваць высокакваліфікаванага спецыяліста, а сумесна з бацькамі выхаваць грамадзяніна і патрыёта.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: