РУС БЕЛ ENG 中文

Гродзенскі абласны ЦКРНіР развівае традыцыйныя формы выхавання і навучання і прапаноўвае новыя

21.10.2024

Дзейсная дапамога асаблівым дзецям і іх бацькам: Гродзенскі абласны ЦКРНіР развівае традыцыйныя формы выхавання і навучання і прапаноўвае новыя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наша ўстанова шматфункцыянальная. Мы ўзаемадзейні­чаем з дзецьмі, якія маюць парушэнні, з іх бацькамі, з раённымі ЦКРНіР, вядзём інфармацыйна-­аналітычную работу. Штогод ак­туалізуецца банк даных аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзякуючы зладжанай рабоце па ўсіх напрамках, абласному цэнтру належыць каардынуючая роля. А з пераездам у мінулым годзе ў новы будынак у нас нібы адкрылася другое дыханне, з’явілася больш магчымасцей, — падкрэсліла дырэктар Гродзенскага абласнога ЦКРНіР Алена Ана­тольеўна Федарэнка.

Акцыя, якая аб’ядноўвае

Традыцыйнай ва ўстанове стала акцыя “Розныя = роўныя”. Яна праводзіцца чацвёрты год запар. Асноўная яе мэта — фарміраванне талерантнага стаўлення грамадства да людзей з асаблівасцямі развіцця і з інваліднасцю. У рамках гэтай акцыі была арганізавана выстава малюнкаў дзяцей-інвалідаў. На фотавыставе супрацоўнікі абласнога ЦКРНіР расказалі пра лёс асаблівых дзяцей, якія дасягнулі значных поспехаў у мастацтве, музыцы, спорце. Быў выдадзены зборнік твораў 108 дзяцей-інвалідаў, куды ўвайшлі вершы, апавяданні, казкі. А летась пабачыла свет кніга “Гісторыя поспеху” — гэта аповеды пра 30 дзяцей з інваліднасцю, якія праявілі сябе ў розных справах. На яе прэзентацыю запрасілі сем’і з дзецьмі.

— Сёлета мы вырашылі расказаць пра бацькоў, якія выхоўва­юць дзяцей з інваліднасцю, бо яны насуперак таму, што ў іх асаблівае дзіця, арганізавалі бізнес, пачалі вытворчасць цацак ці іншых рэчаў, разумеючы, што іх дзіцяці гэта патрэбна. Напрыклад, адна мама-псіхолаг праводзіць трэнінгі для дарослых. Плануем выпусціць кнігу пра такіх бацькоў, — расказала А.А.Федарэнка.

Трэнінгі для дарослых

Спецыялісты цэнтра распрацавалі трэнінгі для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з СДУГ — сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю. Гэтыя дзеці вучацца па агульнаадукацыйных праграмах, але ім складана знаходзіцца ў класе і спакойна выседзець цэлы ўрок. Бацькі адчуваюць дыскамфорт, калі настаўнік скардзіцца на паводзіны іх дзіцяці, якое перашкаджае сваім аднакласнікам. Урач-псіхіятр Дар’я Ігараўна Дудко і намеснік дырэктара з адукацыяй педагога-псіхолага Юлія Вахітаўна Багатырэвіч распрацавалі трэнінгі. Ужо сабрана група бацькоў, і ў хуткім часе пачнецца работа з імі.

Плённае супрацоўніцтва

Цэнтр наведваюць 11 дзяцей з аўтызмам. Яны вучацца ва ўстановах горада, а ў ЦКРНіР для іх праводзяцца карэкцыйныя заняткі. З імі працуюць педагог-псіхолаг і настаўнік-дэфектолаг. У гэтым кірунку наладжаны тесныя ўзаема­сувязі з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Спецыялісты інстытута неаднаразова былі ў Гродне і праводзілі вучэбныя семінары не толькі для супрацоўнікаў абласнога цэнтра, але і для педагогаў з усёй Гродзенскай вобласці, якія працуюць з дзецьмі з аўтызмам. Наступная сустрэча на базе Гродзенскага абласнога ЦКРНіР запланавана на лістапад.

— Каб работа з дзецьмі з аўтызмам была больш плённай, мы вырашылі абсталяваць кабінет сенсорнай інтэграцыі. У гэтым нам прапанавала дапамагчы кіраўніцтва Гродзенскага абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд”, — расказала намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Гродзенскага абласнога ЦКРНіР Юлія Багатырэвіч.

Убачыць на свае вочы

Традыцыйнымі ў вобласці сталі семінары-нарады для кіраўніцтва спецыяльных устаноў адукацыі, якія арганізоўваюцца абласным ЦКРНіР пры дапамозе галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Праходзяць яны раз у квартал. Першая сустрэча адбылася на базе абласнога цэнтра, а потым семінары сталі выязнымі. На іх абмяркоўваюцца актуальныя пытанні навучання дзяцей з асаблівасцямі, напрыклад, камплектаванне школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннем слыху, зроку, Навагрудскай школы-інтэрната для дзяцей з пару­шэннем маўлення. На базе раённых цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі працуюць псіхолага-медыка-педагагічныя камісіі, спецыялісты якіх рэкамендуюць бацькам установу, дзе дзіця з улікам яго захворвання атрымае больш якасную адукацыю. Семінары-нарады на базе ўстаноў спецыяльнай адукацыі дазваляюць усім кіраўнікам раённых ЦКРНіР на свае вочы ўбачыць школу-інтэрнат. Такія сустрэчы вельмі эфектыўныя.

На адным з апошніх семінараў, які праходзіў у Ваўкавыску, па тэме “Комплексны падыход у арганізацыі работы па прафесійным вызначэнні і сацыялізацыі навучэнцаў спецыяльнай школы-інтэрната” абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння спецыялістаў па забеспячэнні якасці спецыяльнай адукацыі, а таксама аспекты дзейнасці ўстаноў па прафесійным самавызначэнні і сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Немалаважна тое, што ва ўстановах спецыяльнай адукацыі створана ўнікальная матэрыяльная база, працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Пра тое, наколькі эфектыўныя такія сустрэчы, расказаў дырэктар спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка імя Л.Ф.Пашынскага Алег Анікевіч:

— Праведзены на базе нашай школы ў чэрвені бягучага года семінар для дырэктараў устаноў спецыяльнай адукацыі вобласці даў свой плён, прычым вельмі хутка. Мы заканчвалі навучальны год, маючы 127 вучняў. На працягу лета адукацыйны маршрут змянілі 26 чалавек, і застаўся 101 вучань. А дзякуючы гэтаму семінару, навучальны год у нашай школе пачаў 141 вучань. Кіраўнікі ЦКРНіР паглядзелі ўмовы, у якіх жывуць і вучацца дзеці, азнаёміліся з паказчыкамі эфектыўнасці работы ўстановы і на сваім узроўні пачалі актыўна рэкамендаваць бацькам дзяцей з цяжкасцямі маўлення навучанне ў нашай школе-інтэрнаце. Цяпер яна запоўнена практычна на 100 працэнтаў. Відавочна, наколькі эфектыўныя такія семі­нары.

Задаволенымі засталіся і кі­раўнікі іншых устаноў спецыяльнай адукацыі, дзе праводзіліся такія сустрэчы. Па выніках семінараў дырэктарам школ дадзены пэўныя даручэнні, адно з якіх — распрацаваць і зняць ролік-прэзентацыю сваёй установы. А супрацоўнікі абласнога ЦКРНіР будуць прапаноўваць іх сваім рэгіянальным цэнтрам для работы з бацькамі дзяцей.

Для ўстаноў адукацыі распрацаваны алгарытм па псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У яго рамках для педагогаў-псіхолагаў рэгіянальных ЦКРНіР праведзена серыя семінараў-трэнінгаў, у тым ліку і на тэму эмацыянальнага выгарання педагога.

— Што галоўнае для настаўніка? Поспехі вучняў. А ў нас гэта шчаслівыя вочы дзяцей і словы падзякі бацькоў. І мы гэта атрымліваем, як і водзывы ў сацыяльных сетках. Бацькі дзеляцца поспехамі сваіх асаблівых дзетак, радуюцца кожнаму іх слову, усмешцы, кроку. Вось гэтым мы і жывём, — прызналася Алена Федарэнка.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: