Якія навацыі плануецца рэалізоўваць сёлета ў адукацыйным працэсе на Ашмяншчыне
15.10.2024ра асаблівасці, дасягненні, праблемы сістэмы адукацыі, а таксама намечаныя планы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з начальнікам упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святланай Баркоўскай.
— Святлана Мікалаеўна, новы навучальны год набірае абароты. Якія ўчарашнія дасягненні вы ўдасканальваеце сёння?
— У мінулым навучальным годзе праведзена значная работа па ўдасканаленні сістэмы профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі. Так, у 5 установах адукацыі для 312 навучэнцаў 5—9 класаў арганізавана вывучэнне біялогіі, хіміі, матэматыкі, беларускай, англійскай і нямецкай моў на павышаным узроўні. Акрамя таго, пашырана сетка класаў педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці — у 8 школах і гімназіі адкрыта 18 такіх профільных груп. У 4 установах адукацыі адкрыты інжынерны профіль, які выбралі 36 навучэнцаў. Яшчэ ў мінулым годзе, арганізуючы работу інжынерных класаў, мы заключылі дагаворы аб супрацоўніцтве з БНТУ і БДТУ. І зараз у рамках наладжанага супрацоўніцтва на базе УВА працягваем праводзіць заняткі з навучэнцамі інжынерных класаў, асаблівую ўвагу, як і раней, удзяляем прафарыентацыйным экскурсіям.
— Якія напрамкі адукацыйнай дзейнасці патрабуюць асаблівай увагі?
— У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі па многіх напрамках плануецца прыняць шэраг дадатковых кіраўніцкіх рашэнняў. Так, нягледзячы на станоўчую дынаміку паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі, неабходна ўдасканальваць прафарыентацыйную работу ў профільных класах прафесійнай накіраванасці. У асноўным профільныя класы фарміруюцца зыходзячы з пажаданняў бацькоў і навучэнцаў, а таксама наяўных умоў у канкрэтнай установе адукацыі. Важна рабіць упор на тыя прадметныя напрамкі і спецыяльнасці, якія запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі.
Увагі патрабуе і сістэма работы з алімпіяднікамі. Пры тым, што ў нас ёсць перамогі ў алімпіядным руху і навукова-даследчай дзейнасці на ўзроўні вобласці (заваяваны 4 прызавыя месцы, атрыманы 2 граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама) і рэспублікі (2 дыпломы ІІІ ступені па біялогіі і гісторыі).
— На што робіцца акцэнт у выхаваўчай рабоце?
— Адна з асноўных мэт сістэмы адукацыі — гэта ўмацаванне адзінага выхаваўчага асяроддзя, заснаванага на ідэнтычнасці і традыцыйных каштоўнасцях, патрыятызме, адказнасці за сваю краіну. У мінулым навучальным годзе былі адкрыты ваенна-патрыятычныя класы, прававыя класы, клас МНС у 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі. У кожнай школе ёсць ваенна-патрыятычны клуб. Мы заключылі дагаворы аб супрацоўніцтве з Акадэміяй МУС Рэспублікі Беларусь, вайсковымі часцямі. Зараз удасканальваем гэтую работу. Акрамя таго, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне рэалізуецца праз правядзенне тэматычных інфармацыйных і класных гадзін, сустрэч у рамках праекта “ШАГ”, удзел у гісторыка-краязнаўчых акцыях і конкурсах, развіццё музейнай педагогікі. Таксама школьнікі далучаюцца да пошукавай дзейнасці, наведваюць шматлікія экскурсіі.
Шмат увагі ўдзяляецца духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе для вучняў 5—7 класаў сталі праводзіць факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, для шасцікласснікаў — “Духоўная спадчына Беларусі”, для 9—10 класаў — “Святыні роднага краю”.
Таксама ў гэтым навучальным годзе будзе зроблены акцэнт на рабоце з сям’ёй, прафілактыцы незаконнага абароту наркотыкаў, стварэнні псіхалагічнага камфорту ва ўстановах адукацыі. Вядома, мы плануем пашыраць узаемадзеянне ваенна-патрыятычных класаў і падраздзяленняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, МУС. Працягнецца работа па вывучэнні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы будзем удзяляць асаблівую ўвагу пытанням бяспекі, у тым ліку інфармацыйнай.
За студзень — ліпень 2024 года навучэнцамі і выхаванцамі раёна заваявана 55 перамог у абласных і 16 — у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
— Колькі маладых педагогаў сёлета папоўнілі рады педагагічнай грамадскасці раёна? На якую дапамогу і падтрымку ад старэйшых калег яны могуць разлічваць?
— Яшчэ ў жніўні педагагічную сям’ю раёна папоўніў 41 спецыяліст: 16 выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі і 25 выпускнікоў каледжаў. Традыцыйна большая частка маладых спецыялістаў — ураджэнцы Ашмянскага раёна. Многія бралі мэтавае накіраванне, каб вярнуцца працаваць менавіта на малую радзіму.
Для падтрымкі маладых спецыялістаў у раёне праводзяцца майстар-класы, семінары, мэтавыя кансультацыі, псіхалагічныя трэнінгі. За пачаткоўцамі замацаваны 71 дасведчаны настаўнік. У раёне дзейнічае школа маладога спецыяліста для педагогаў першага і другога года работы, школа маладога настаўніка-дэфектолага “Я — дэфектолаг”, школа маладога выхавальніка дашкольнай адукацыі.
Для настаўнікаў-пачаткоўцаў раз у два гады праводзіцца раённы конкурс “Адкрыццё”. Найбольш актыўныя, яркія і творчыя педагогі прымаюць удзел у абласным фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”, становяцца ўдзельнікамі абласной школы маладых педагогаў “Формула поспеху”. Лепшыя прадстаўнікі маладых педкадраў папаўняюць Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці.
— Якія навацыі плануецца рэалізоўваць сёлета ў адукацыйным працэсе, праектнай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў?
— У планах адкрыццё класа медыцынскай накіраванасці, заключэнне дагавораў аб супрацоўніцтве профільных класаў прафесійнай накіраванасці з установамі вышэйшай адукацыі і прадпрыемствамі. У раёне рэалізуюцца адзін эксперыментальны і тры інавацыйныя праекты ў 13 установах адукацыі.
Даведка
Адукацыйны працэс на Ашмяншчыне забяспечвае 721 педагагічны работнік: на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі — 481, на ўзроўні дашкольнай адукацыі — 198, спецыяльнай — 27.
Источник: https://nastgaz.by