Дарожная карта выпускніка і супрацоўніцтва з прадпрыемствамі. Як у Лідскім раёне вучням дапамагаюць выбраць прафесію
08.10.2024— Вольга Зігмундаўна, якія пытанні сёння на кантролі ў начальніка ўпраўлення адукацыі?
— Пытанні якасці адукацыі. Павышаная ўвага — дашкольнікам, дзе асноўным паказчыкам якасці з’яўляецца развіццё ініцыятыўнай асобы выхаванца, якая імкнецца да пазнання і ўмее дзейнічаць у рэальных жыццёвых сітуацыях. Важны крытэрый — ахоп дашкольнай адукацыяй. У Лідскім раёне 100% малышоў 5—6 гадоў наведваюць дзіцячыя сады (для дзяцей ад 1 да 6 гадоў гэты паказчык складае 81%). Забяспечанасць месцамі ў садах вышэйшая за 100%. У лістападзе мінулага года ў раёне з’явілася 38-я ўстанова дашкольнай адукацыі — дзіцячы сад № 42 Ліды на 190 месцаў.
Што тычыцца навацый у дашкольнай сферы, то ў снежні мінулага года ў Ваверскай сярэдняй школе было адкрыта першае ў раёне дашкольнае лясніцтва “Вавёрачка”. Гэты вопыт аказаўся паспяховым, будзем яго пашыраць. У супрацоўніцтве з лясгасам у Лідскім раёне функцыянуюць восем школьных лясніцтваў, а дашкольныя лясніцтвы павінны стаць пачатковым звяном у сістэме прафарыентацыйнай работы. У перспектыве тыя, хто ў іх займаўся, змогуць свядома выбраць профільны ўніверсітэт, які рыхтуе кадры для лесагаспадарчай галіны.
Адзначу эфектыўнасць рэалізацыі ў дзіцячых садах рэспубліканскіх адукацыйных праектаў “Зялёныя школы”, “Інфарматыка без разеткі”. Ва ўзаемадзеянні з Паркам высокіх тэхналогій мы пайшлі далей: у 10 установах раёна паспяхова рэалізаваны пілотны праект “Лабараторыя адкрыццяў” па развіцці ў вучняў пачатковых класаў цікавасці да пазнавальна-даследчай дзейнасці. Сістэмаўтваральным кампанентам у грамадска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў з’яўляецца раённы адукацыйны праект “Я і Радзіма мая!”.
— На ўсіх узроўнях сёння абмяркоўваецца пытанне аб эфектыўнасці работы профільных класаў прафесійнай накіраванасці…
— Значэнне мае не толькі якасць ведаў вучняў такіх класаў, а ў першую чаргу тое, ці выбіраюць яны прафесіі адпаведнага профілю. У сярэднім каля 30% нашых выпускнікоў профільных класаў прафесійнай накіраванасці гэтага года паступілі на спецыяльнасці адпаведнага профілю. Высокі вынік паступлення быў па спартыўна-педагагічным (каля 54%) і педагагічным (крыху больш за 41%) профілях. Па аграрным і ваенна-патрыятычным профілях вынікі складаюць каля 29% і 17% адпаведна. Як вельмі паспяховую можна адзначыць прафарыентацыйную работу ў сярэдніх школах № 17 і № 8 Ліды і ў Тарноўскай сярэдняй школе, дзе працэнт выпускнікоў, якія паступілі па профілі прафнакіраванасці, складае 70%.
У гэтым навучальным годзе ў Лідскім раёне пашырана сетка інжынерных класаў у супрацоўніцтве з мясцовымі прадпрыемствамі. Зараз функцыянуюць 9 такіх профільных класаў — у гімназіі № 1, ліцэі № 1, сярэдніх школах №№ 9, 15, 16, 17 Ліды. Кожная ўстанова наладзіла сувязі з пэўнымі прадпрыемствамі горада, сярод якіх заводы “Конус”, “Оптык”, філіялы “Лідскія электрычныя сеткі” і “Лідскія цеплавыя сеткі” РУП “Гроднаэнерга”, з малочна-кансервавым камбінатам, ААТ “Лідахарчканцэнтраты”, ліцейна-механічным заводам, з кіруючай кампаніяй холдынга “Лідсельмаш”. Класы чыгуначнай накіраванасці ў сярэдняй школе № 11 Ліды супрацоўнічаюць з Баранавіцкім аддзяленнем Беларускай чыгункі.
З гэтага навучальнага года на базе ліцэя № 1 Ліды адкрыты профільны клас медыцынскай накіраванасці ў супрацоўніцтве з Лідскай цэнтральнай раённай бальніцай і Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.
— Ці з ахвотай вашы выпускнікі бяруць мэтавыя накіраванні?
— Навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва УВА працягнулі 65 выпускнікоў 11-х класаў, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі 31 выпускнік 9-х класаў. Размова ідзе ў асноўным аб спецыяльнасцях медыцынскага і педагагічнага профіляў. Адзначу, што павінна быць больш цеснае ўзаемадзеянне з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва для аналізу запатрабаванасці прафесій на рынку працы і прагнозу вакансій у рэгіёне. З боку прадпрыемстваў і арганізацый недастатковая ініцыятыва і зацікаўленасць у вяртанні маладых спецыялістаў на малую радзіму. Яшчэ большая ініцыятыва павінна зыходзіць ад сістэмы адукацыі.
Добра зарэкамендавала сябе практыка персанальнага прафарыентацыйнага суправаджэння выпускнікоў, якая ўжо рэалізуецца ў шэрагу нашых школ. Вядзецца пэўная работа з вучнямі і іх бацькамі па растлумачэнні ўмоў мэтавай падрыхтоўкі. Апрабавана складанне дарожнай карты выпускніка.
Дырэктар і педагог-псіхолаг установы размаўляюць з вучнямі 11-х класаў і іх бацькамі аб прафесійным самавызначэнні, карэкціроўцы планаў. Для вучняў, якія адчуваюць цяжкасці ў гэтым пытанні, праводзяцца дадатковыя індывідуальныя кансультацыі.
— Магчымасцю паступлення без уступных экзаменаў маладыя людзі карыстаюцца?
— Важная тэндэнцыя двух апошніх гадоў — жаданне вучняў удзельнічаць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. З 17 пераможцаў гэтага года студэнтамі сталі пяцёра. Захаваны лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па колькасці вучняў, якія прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Сёлета двое з іх залічаны ва УВА без уступных выпрабаванняў па рэкамендацыі наглядальнага савета тэхнапарка.
— Раскажыце пра прыярытэты ў выхаваўчай рабоце.
— Апошнім часам пашырана сетка ваенна-патрыятычных клубаў. Вядзецца сістэмная работа па фарміраванні ў дзяцей паважлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі. Імёны герояў і знакамітых землякоў за апошні год прысвоены тром установам адукацыі. Сярэдняя школа № 8 Ліды цяпер носіць імя В.Ф.Казакова, сярэдняя школа № 10 Ліды — імя А.А.Клімко, а сярэдняя школа № 16 Ліды — імя П.М.Машэрава. Пры ўдзеле пракуратуры раёна арганізаваны мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа і знішчаных населеных пунктаў, якія папоўнілі “хатынскі спіс”. Далейшае наведванне месца раскопак пахаванняў ахвяр генацыду ва ўрочышчы Уручча можа стаць важным у разуменні вучнямі каштоўнасці міру.
Пашырана супрацоўніцтва па пытаннях грамадзянскага і патрыятычнага выхавання з Расійскай Федэрацыяй. Пяць устаноў адукацыі раёна з’яўляюцца членамі Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Ад зносін у фармаце тэлемастоў мы перайшлі да паездак і асабістых сустрэч.
Источник: https://edu-lida.gov.by