РУС БЕЛ ENG 中文

Матэматыка з нацыянальным каларытам. Як кейс-тэхналогіі дапамагаюць у выхаванні юных грамадзян

27.09.2024

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Ліды Святлана Кашуціна выкарыстоўвае на ўроках матэматыкі кейс­-тэхналогіі. Названы метад дапамагае ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў”, у якім удзельнічае школа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Галоўнае ў пачатковых класах — навучыць дзіця вучыцца. Кейс-тэхналогіі дазваляюць педагогу выкарыстоўваць гэтае ўменне на любым этапе ўрока. Гэта інтэрактыўныя метады навучання, якія падразумява­юць узаемадзеянне вучняў паміж сабой і з педагогам. Прызначэнне кейс-тэхналогій — развіваць здольнасць знаходзіць рашэнне праблемы і вучыць працаваць з інфармацыяй. Акцэнт робіцца не на атрыманні гатовых ведаў, а на іх выпрацоўцы, на сумеснай творчасці настаўніка і вучня.

— Сутнасць кейс-тэхналогій заключаецца ў стварэнні і камплектацыі спецыяльна распрацаваных вучэбна-метадычных матэрыялаў у спецыяльны набор (кейс) і іх перадачы (перасылцы) вучням, — адзначае Святлана Анатольеўна. — У рамках інавацыйнага праекта мной былі распрацаваны 18 кейсаў па падручніку “Матэматыка. 2 клас” Г.Л.Мураўёвай, М.А.Урбан, 2020. Яны знаёмяць з народнымі рамёствамі беларусаў (“Ганчарства”, “Узоры на ручніках”), асаблівасцямі беларускай мовы (“Беларускі алфавіт”), прадпрыемствамі (“Беларускія кандытарскія фабрыкі”, “Цацкі Палесся”), транспартам (“Гісторыя трамвая”, “Мінскі метрапалітэн”, “Водны транспарт Беларусі”), аб’ектамі культуры (“Беларускія цыркі”, “Кінастудыя “Беларусьфільм”), гарадамі нашай краіны (“Нясвіж”, “Гарады Беларусі”, “Турыстычныя гарады Беларусі”).

Як арганізуецца работа з кейсам? На першым этапе педагог знаёміць вучняў са зместам задачы. Напрыклад: “На полі было 15 буслоў. Узляцела 8 буслоў. Колькі буслоў засталося?” (№ 5 на стар. 93, падручнік “Матэматыка. 2 клас. Частка 1” Г.Л.Мураўёвай, М.А.Урбан, 2020). На другім этапе вылучаецца асноўная праблема (праблемы) і вядзецца размова пра бусла. Дзеці дзеляцца інфармацыяй, якой валодаюць. На трэцім этапе прапануюцца канцэпцыі або тэмы для мазгавога штурму і пытанні: “Якія назвы гэтай птушкі ў беларускай мове?”, “Чаму беларусы з павагай адносяцца да бусла?”. На чацвёртым этапе аналізуюцца наступствы прыняцця таго ці іншага рашэння. Вучні самі выбіраюць: прачытаць тэкставую інфармацыю або праглядзець відэа па спасылцы. На пятым этапе рашаецца кейс, пры гэтым прапануецца адзін або некалькіх варыянтаў паслядоўнасці дзеянняў. Правяраецца атрыманая інфармацыя, вучні даюць адказы.

— Прымяняю кейсы пры рабоце над задачамі, каб растлумачыць значэнне слова або пашырыць паняцце, — гаво­рыць педагог. — Матэрыялы кейса “Веславанне” я выкарыстала для тлумачэння слова “Весляры” ў наступнай задачы: “У дзвюх лодках 12 весляроў. У адной з іх 8 весляроў. Колькі весляроў у другой лодцы?”. Безумоўна, узняла пытанні “Чаму заняткі веславаннем умацоўваюць здароўе?”, “Што ў нашай краіне ро­бяць для развіцця веславання?”, “Якая колькасць весляроў можа быць у складзе каманды?”.

Пры рашэнні задачы “На экскурсію ў Нясвіж паехалі 24 хлопчыкі. Іх было на 8 менш, чым дзяўчынак. Колькі дзяцей паехала на экскурсію?” па матэрыялах кейса “Нясвіж” Святлана Анатольеўна арганізавала работу з высокаматываванымі вучнямі. Дзецям, якія ведаюць рашэнне задачы, прапануецца азнаёміцца з матэрыяламі і адказаць на пытанні: “У якой вобласці знахо­дзіцца Нясвіж?”, “Якія славутасці зацікавяць турыстаў у гэтым горадзе?”, “Адкуль пайшла назва горада?”. Перайшоўшы па спасылцы на YouTube-канале школы ў межах праекта “Спазнаем Беларусь”, можна ўбачыць славутасці Нясвіжа.

Матэрыялы кейса “Ганчарства” дапамаглі ў рабоце над такой задачай: “Ганчар зрабіў для выставы 12 збаноў і 15 ваз. На выставе 7 яго вырабаў былі прада­дзены. Колькі вырабаў засталося?”. Паколькі гэта дамашняе заданне, інфармацыю аб традыцыйным беларускім рамястве дзеці могуць атрымаць самі на YouTube.

Пры складанні кейсаў Святлана Кашуціна выкарыстоўвае не толькі тэкставы матэрыял, але і спасылкі на відэа, ілюстрацыі, схемы, табліцы, карты, графічныя малюнкі.

— Чытаючы змест задачы, разважаю пра яе карысць з пункту гледжання таго, чым можа ганарыцца грамадзянін нашай краіны і што будзе цікава для дзяцей. Вось, напрыклад, простая задача, якая часта сустракаецца ў падручніках: “Было 15 цукерак. Дзеці з’елі 7 цукерак. Колькі цукерак засталося?”. Чаму б не расказаць вучням, што ў нашай краіне ёсць кандытарскія фабрыкі, што яны функцыянуюць больш за 100 гадоў, што выпускаюць да 30 тысяч тон прадукцыі ў год кожная? Гэтыя факты фарміруюць у дзяцей пачуццё гордасці за сваю краіну, — разважае настаўніца. — Для развіцця цікавасці да роднай мовы я выкарыстала кейс “Беларускі алфавіт” не толькі на ўроках матэматыкі пры рашэнні задачы “У беларускім алфавіце 32 літары. Гэта на 6 літар больш, чым у англійскім алфавіце. А ў іспанскім алфавіце на 1 літару больш, чым у англійскім. Колькі літар у іспанскім алфавіце?”, але і на ўроках беларускай мовы пры вывучэнні тэмы “Беларускі алфавіт”. Матэрыялы кейсаў таксама актыўна прымяняю пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў.

Усе матэрыялы кейсаў размешчаны на YouTube-канале школы (спасылка тут).

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: