РУС БЕЛ ENG 中文

Працаваць з архівамі і аказваць першую дапамогу навучацца школьнікі на абноўленым факультатыве

04.09.2024

Пастановай Міністэрства адукацыі ад 19 ліпеня 2024 г. № 87 зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Гатовы Радзіме служыць!». Аб гэтым інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Праграма прызначана для 10—11-х класаў і разлічана на 69 гадзін (35 — у 10-м і 34 — 11-м). Структурны змест прадстаўлены інварыянтным (агульны для ўсіх модуль «Нацыянальная бяспека дзяржавы. Абарона Айчыны — доўг і абавязак грамадзяніна») і варыятыўнымі (модулі «Ваенная справа», «Будучы пагранічнік», «Будучы мытнік», «Будучы следчы», «Будучы ратавальнік», «Будучы абаронца правапарадку») кампанентамі. Педагог мае права з улікам асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове, вучэбна-пазнавальнай дзейнасці і пазнавальных магчымасцей старшакласнікаў змяніць колькасць гадзін і паслядоўнасць праходжання матэрыялу ў межах вучэбнага часу, прызначанага для засваення зместу модуля.

Мэта факультатыву — фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў моладзі, светапогляднай, інфармацыйнай і паводзінскай культуры, устойлівай цікавасці да прафесійнай дзейнасці, звязанай з сістэмай забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, пашырэнне ведаў у гэтым напрамку. Так, модуль «Ваенная справа» накіраваны на фарміраванне гатоўнасці вучняў да праходжання ваеннай службы, у тым ліку матывацыі да паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы; выхаванне высокіх маральна-псіхалагічных якасцей, настойлівасці і рашучасці, каманднага духу і павагі да сваіх таварышаў, азнаямленне са спецыфікай ваенных прафесій, павышэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці. Модуль «Будучы пагранічнік» садзейнічае развіццю здольнасцей самастойна ацэньваць абставіны, прымаць рашэнне і дзейнічаць у незнаёмай сітуацыі, маральна-псіхалагічнай гатоўнасці да нясення пагранічнай службы, знаёміць са спецыфікай і роляй органаў пагранічнай службы. У рамках асваення модуля «Будучы мытнік» старшакласнікі даведаюцца пра дзейнасць мытных органаў, набудуць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, неабходныя для праходжання службы ў мытных органах. Падчас вывучэння модуля «Будучы следчы» моладзь авалодае тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі, неабходнымі для следчай работы, будзе здольная аналізаваць следчыя сітуацыі, вылучаць і правяраць следчыя версіі.

Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць актыўныя, пераважна практычныя формы і метады арганізацыі і правядзення заняткаў: віктарыны, гульні, трэнінгі, спаборніцтвы, паходы, выкананне нарматываў і інш.

Школьнікі, якія засвоілі праграму, будуць ведаць канстытуцыйныя правы і свабоды, абавязкі грамадзян Беларусі, памятныя даты ў гісторыі нашай краіны, дзяржаўныя святы і найважнейшыя падзеі Беларусі, спосабы праверкі праўдзівасці інфармацыі, механізмы скажэння інфармацыі ў інтэрнэце і г. д. Старшакласнікі таксама навучацца выкарыстоўваць архіўныя даныя, электронныя базы даных па пошуку імён воінаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны; арыентавацца на мясцовасці; выбіраць месцы для ўстаноўкі палаткі, ставіць яе; аказваць першую дапамогу пры пагражальных жыццю станах.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: