РУС БЕЛ ENG 中文

Сняжана Капыш з Ашмян: у школе адчуваю сябе на сваім месцы і ўпэўнена, што шмат чаго змагу ў педагогіцы

15.07.2024

Малады спецыяліст з паўночнага раёна Прынёмання Сняжана Капыш ужо трэцяе лета ў якасці важатай праводзіць у аздараўленчым лагеры “Дружба”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З некаторымі са сваіх вучняў, дзякуючы гэтаму, знаёма яшчэ са студэнцкіх гадоў і шчыра пераканана, што педагогіка — гэта месца вялікіх магчымасцей і падтрымкі з боку старэйшых калег.

Прафесію яна выбрала, гле­дзячы на старэйшую сястру Алесю Капыш, якая ў гэтым навучальным годзе стала ўдзель­ніцай рэаліці-шоу “Ёсць дзяўчынка адна” як выхавальнік дашкольнай установы. А падводзячы вынікі свайго першага года работы ў сярэдняй школе № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага ў якасці маладога спе­цыяліста, упэўнена: выбрала правільны напрамак і не зверне з намечанага шляху.

— У калектыве мяне прынялі вельмі цёпла. У першы дзень работы пачула важныя словы падтрымкі і нават атрымала падарункі — вучэбныя дапаможнікі і план-канспект, які нідзе не магла знайсці. Дапамагчы парадай мне заўсёды гатовы ўсе педагогі нашай кафедры матэматыкі. З вялікай цікавасцю назіраю за іх падыходамі ў арганізацыі работы, і прыклад многіх натхняе і настройвае на сур’ёзную працу. Чаго толькі вартая наша Зоя Мікалаеўна Кізік, якая свой шлях у прафесіі працягвае ў 80 з невялікім гадоў і сваім прыкладам вучыць усіх жыццёвай актыўнасці і аптымізму, — дзеліцца малады спецыяліст.

Пасля заканчэння БДПУ яна вярнулася на малую радзіму і ніколькі аб гэтым не шкадуе. Мінулы навучальны год для яе стаў першым у якасці маладога спецыяліста, але зусім не стартавым у прафесіі. На апошнім курсе ўніверсітэта сумяшчала вучобу з работай у сталічнай школе № 179.

— У мяне было па шэсць урокаў у дзень у розных паралелях. З 5 па 11 клас вяла матэматыку, а пачынаючы з 6-га — інфарматыку. Адразу пасля работы ў школе спяшалася на заняткі ва ўніверсітэт, а пасля — рыхтавалася да ўрокаў у школе на заўтра. Гэты рытм быў сапраўды няпростым, але павучальным. Ён навучыў правільна размяркоўваць час і цаніць моманты адпачынку, — з усмешкай успамінае Сняжана Капыш.

Яна праводзіць цікавую паралель паміж педагогікай і сваім любімым вучэбным прадметам — матэматыкай:

— Правілы здаюцца зразумелымі да таго часу, пакуль ты не сустрэнешся са складаным прыкладам, дзе трэба іх прымя­ніць. Гэтак жа і ў нашай прафесіі: вучоба ва ўніверсітэце дае вялізны багаж ведаў, але поўнае разуменне ўсіх граней настаўніцтва прыходзіць падчас работы ў калектыве.

Малады педагог Сняжана Іванаўна свой педагагічны вопыт атрымала пасля заканчэння першага курса ўніверсітэта. Студэнткай яна заўсёды прыязджала ў родныя Ашмяны, каб працаваць у кругласутачным лагеры адразу некалькі змен.

— Вопыт работы ў лагеры павінен быць у скарбонцы ўсіх маладых педагогаў. Не проста таму, што гэта добрыя планы на лета. Гэта магчымасць на практыцы навучыцца наладжваць узаемадзеянне з дзецьмі. Бо педагогіка — гэта не толькі пра веды школьнікаў, але і пра даверлівыя адносіны на ўзроўні “настаўнік — вучань”, — дзеліцца перакананнем малады спецыяліст.

Нельга не адзначыць, што яе вучні пачалі свой шлях у тым ліку да алімпіядных вышынь. Адразу трое ўвайшлі сёлета ў лік лепшых знаўцаў матэматыкі — занялі прызавыя месцы ў раёне.

— Напярэдадні алімпіяды рыхтаваліся практычна кожны дзень і былі вельмі рады добраму выніку. Гэта мой першы настаўніцкі поспех такога плана, і, трэба сказаць, ён моцна матывуе на далейшую работу, — прыгадвае суразмоўніца.

Яна ўпэўнена, што ў арсенале педагога сёння нямала спосабаў зацікавіць дзіця сваім прадметам. Канкрэтна ў сваёй рабоце Сняжана актыўна выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі.

— Вяла матэматыку ў 5-х і фізіку ў 8-х класах. У кожным вучэбным памяшканні для гэтых прадметаў у школе ёсць мультымедыйная тэхніка, уключаючы праектары і тэлевізары, электронныя дош­кі. Іх выкарыстанне робіць урокі больш дынамічнымі і дапамагае ўтрымліваць увагу дзяцей, — тлумачыць Сняжана Капыш.

Ёсць у яе і яшчэ адзін лайфхак на шляху да безумоўнай увагі школьнікаў. У вучэбны клас яна ўваходзіць задоўга да званка і праз абстрактныя пытанні накшталт “Як прайшоў дзень?” і “Што новага?” настройвае дзяцей на дыялог.

— У прафесіі я нядаўна, але ўжо ведаю, як нялёгка адпускаць дзяцей. Вучні з Мінска сёлета адшукалі мой нумар тэлефона, каб павіншаваць з Днём настаўніка. Ска­заць, што гэта прыемна, — нічога не ска­заць, — працягвае суразмоўніца.

Зрэшты, амаль у сярэдзіне лета яна крыху сумуе ўжо і па сваіх сённяшніх вучнях. Як і яны. Якраз па дарозе на сустрэчу з карэспандэнтам убачыла свайго ўжо шасцікласніка і пасля звыклага “Сняжана Іванаўна, добры дзень” пачула вельмі важнае: “У наступным годзе я абавязкова буду выдатнікам!”

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: