РУС БЕЛ ENG 中文

100 радкоў пра калегу. Знаходзіць нестандартныя рашэнні, радавацца поспехам вучняў — складнікі работы Ірыны Швек

30.10.2025

Сёлета Ірына Іванаўна Швек, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, адзначыла 70-гадовы юбілей і 35-годдзе працоўнай дзейнасці ў гэтай установе адукацыі.

Яна выхавала не адно пакаленне дзяцей, падрыхтавала дзясяткі алімпіяднікаў. Вучні Ірыны Іванаўны займалі прызавыя месцы ў такіх навукова-даследчых канферэнцыях, як “Хрустальная Альфа”, “Край Гарадзенскі”, “Купалаўская вышыня”. Каля 30 гадоў яна ўзначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

У вучэбным кабінеце, да афармлення якога педагог прыклала шмат намаганняў, ёсць і этнаграфічны куток, і выстава літаратуры для пазакласнага чытання, і навукова-даследчыя распрацоўкі, да якіх настаўніца за­ахвочвае вучняў.

Для Ірыны Іванаўны педагогіка — гэта не прафесія, а лад жыцця. На ўроках яна стараецца адносіцца да вучняў з разуменнем, паважаць іх годнасць, а з канфліктных сітуацый выхо­дзіць з гумарам. Настаўніца вучыць дзяцей разважаць, як паво­дзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, выказваць свае думкі, заўсёды заставацца людзьмі і, вядома ж, любіць родную мову, карыстацца ёй у штодзённым жыцці. Ірына Іванаўна паказвае вучням добры прыклад, і суразмоўнікі стараюцца адказваць ёй таксама па-беларуску.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: