РУС БЕЛ ENG 中文

У дзіцячым садзе № 2 Дзятлава працуе група псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення

15.02.2024

Разам з выхавальнікамі і настаўнікам-дэфектолагам удзельнікамі групы псіхолага-­педагагічнага суправаджэння (ППС) з’яўляюцца педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, якія выкарыстоўваюць на практыцы эфектыўныя метады і прыёмы работы з дзецьмі з АПФР.

Названыя спецыялісты на занятках прад’яўляюць наглядны і вербальны вучэбны матэрыял у больш павольным тэмпе, спакойным тонам, каб выхаванцы паспелі яго ўспрыняць і ўсвядоміць. Яны выкарыстоўваюць неаднаразовае паўтарэнне дакладнай інструкцыі адной і той жа фразай, каб дзеці былі нацэлены на выкананне, прад’яўляюць дашкольнікам меншую колькасць аднамомантнага матэрыялу, для засваення і запамінання практыкуюць большую колькасць паўтарэнняў дзецьмі матэрыялу і мадыфікуюць спосабы паўтарэння (седзячы за сталом, стоячы ў коле, узяўшыся за рукі, паказваючы дзеянне ці работу, прапяваючы, прапляскваючы).

Акрамя гэтага, педагогі эмацыянальна афарбоўва­юць матэрыял і прапанаваную дзейнасць (момант здзіўлення, мастацкае слова, змяненне тону, музычнае суправаджэнне), ствараюць апоры для запамінання і ўзнаўлення матэрыялу (алгарытмы, мадэлі, схемы, рады карцінак), даюць магчымасць кожнаму дзіцяці бліжэй і лепш разгледзець і абследаваць нагляднасць (прадмет, узор, фотаздымак, малюнак), выкарыстоўваюць знешнія апоры, маркеры (маркіруюць правую руку дзіцяці каляровай рызінкай, на лісце паперы маркіруюць пэўны край ліста, прапаноўваюць графічныя карткі або фішкі). Разам са штрыхоўкай, маляваннем, выразаннем, лепкай для развіцця дробнай маторыкі рук дзецям даюцца спецыяльныя практыкаванні з прышчэпкамі, ліпучкамі, прыродным матэрыялам, а таксама такія заданні, як нанізванне, выкладванне, шнуроўка.

На занятках па фізічнай культуры выхаванцы 4—6 гадоў з цяжкімі парушэннямі маўлення (ЦПМ) вучацца браць спартыўныя атрыбуты, выконваць павароты направа і налева па правай руцэ, ярка абазначанай рызінкай, арыентуюцца ў прасторы па стрэлках на падлозе. Дзеці праяўляюць цікавасць да выканання рухавых гульняў з рыфмаванымі радкамі, ахвотна расказваюць, чаму навучыліся і чаму хочуць навучыцца.

Музычныя заняткі адрозніваюцца мерным тэмпам паказу, праслухвання, прайгравання. Выхаванцы 4—6 гадоў з ЦПМ вучацца адрозніваць сродкі музычнай выразнасці, з дапамогай педагога перадаюць рытмічны малюнак па яркіх картках-мадэ­лях воплескамі, пстрычкамі, ігрой на бубне або клавесах. Слухаючы музыку, яны мадэлююць развіццё мелодыі мімікай і танцавальнымі рухамі, з цікавасцю даведваюцца пра дзіцячыя музычныя інструменты і іграюць на занятках у міні-аркестры.

На занятках у педагога-псіхолага выхаванцы з ЦПМ аддаюць перавагу знаходжанню пад сухім душам з рознакаляровых стужак і ў сухім басейне, слухаючы спакойную музыку, падбіраюць эмоцыі да свайго настрою, гуляюць з пяском, рэлаксацыйнымі цацкамі, тактыльнымі дошчачкамі. На індывідуальных занятках педагог-псіхолаг вучыць дзяцей прагаворванню ўласных дзеянняў на ўсіх этапах дзейнасці: пры прыняцці задання (“Раскажы, што ты будзеш рабіць”) і планаванні ходу яго выканання (“З чаго пачнеш? Што будзеш рабіць далей?”); пры выкананні задання (“Што ты робіш? Што будзеш рабіць далей?”); пры завяршэнні задання (“Раскажы, што ты зрабіў. Як ты гэта рабіў?”).

Важнай умовай паспяховасці развіцця дзяцей з АПФР з’яўляецца спецыяльная прафесійная кампетэнтнасць усіх педагагічных работнікаў, якая заключаецца ў наяўнасці пэўных ведаў аб дзецях — ведаў, якія кіруюць дзейнасцю і дазваляюць атрымліваць максімальна магчымыя вынікі. Наша задача — удзяляць павышаную ўвагу асаблівым адукацыйным патрэбам выхаванцаў і рабіць гэта прафесійна і комплексна.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: