РУС БЕЛ ENG 中文

Ражанкаўскую сярэднюю школу ўспрымаюць як кузню кадраў для сістэмы адукацыі рэгіёна

06.02.2024

Ражанкаўскую сярэднюю школу Шчучынскага раёна ўспрымаюць як кузню кадраў для сістэмы адукацыі рэгіёна. Мэтанакіраваная работа адміністрацыі з маладымі спецыялістамі не толькі садзейнічае замацаванню педагогаў ва ўстанове адукацыі, але і іх прафесійнаму росту. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сельская школа са 164 навучэнцамі і яшчэ 54 выхаванцамі дзіцячага сада вельмі цёпла сустракае маладых педагогаў і выхавальнікаў. У ёй не толькі створаны ўсе ўмовы для працы, але і пануе добразычлівая атмасфера, аказваецца ўсебаковая падтрымка моладзі калегамі. Набыўшы вопыт, маладыя спецыялісты папаўня­юць спіс перспектыўнага рэзерву кадраў раёна і ўжо займаюць кіруючыя пасады ў адміністрацыях школ.

Нядзіўна, што выпускнікі гэтай установы, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вяртаюцца ў сцены роднай школы. На сённяшні дзень тут працу­юць 11 настаўнікаў і 3 выхавальнікі — былыя навучэнцы школы. Сярод іх дырэктар установы адукацыі А.Т.Цівінская і яе намеснік па выхаваўчай рабоце А.В.Дашкевіч.

Вырашылі запытацца ў маладых спецыялістаў, якія ўжо некалькі гадоў працуюць і толькі месяц назад пераступілі парог установы адукацыі, якім быў іх шлях у сельскую школу, як іх тут прынялі, чаму вырашылі застацца.

Аляксандр Віктаравіч Марозік, настаўнік англійскай мовы:

— Маім першым працоўным месцам стала родная Ражанкаўская сярэдняя школа. На размеркаванні ў 2021 годзе пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта сам папрасіўся ў школу, дзе я вучыўся 11 гадоў. Мне тут вельмі камфортна, мяне сустрэлі знаёмыя настаўнікі, адміністрацыя, прынялі вельмі добра. Ёсць узаемаразуменне з навучэнцамі, разам стараемся вырашаць нейкія праблемныя пытанні, калі яны ўзнікаюць. Як і ўсе маладыя спецыялісты, прымаю ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, конкурсах як ва ўстанове адукацыі, так і раённага ўзроўню.

Правядзенне ўрокаў падчас вучобы ва ўніверсітэце і цяпер, на сваім рабочым месцы, безумоўна, адрозніваецца. На практыцы немагчыма было ахапіць усе моманты работы з дзецьмі, вя­дзенне дакументацыі. Цяпер адчуваеш больш адказнасці за выкананне пастаўленых перад табой задач. Урокі вяду для вучняў ад малодшых 3-х класаў да выпускных 11-х. Падабаецца працаваць са старшымі школьнікамі, адчуваеш аддачу ад сваіх урокаў. А ў малодшых класах даеш базавыя веды.

Лізавета Анатольеўна Дробыш, настаўніца пачатковых класаў:

— У школе вяду ўрокі музыкі і выяўленчага мастацтва, а таксама працую выхавальнікам групы прадоўжанага дня, раней была педагогам-арганізатарам. Пасля заканчэння 9 класаў сярэдняй школы № 3 Шчучына пайшла вучыцца ў Лідскі педагагічны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Не скажу, што мяне нехта падштурхоўваў, сама выбрала шлях у педагогіку, бо люблю маленькіх дзяцей, адчуваю, што магу даць ім нешта карыснае для іх развіцця. А яшчэ вельмі паважаю сваю настаўніцу пачатковых класаў Алену Іванаўну Тарасевіч, магчыма, яе прыклад і паўплываў на мой выбар. З задавальненнем падтрымліваю кантакт з ёй.

У школу прыйшла па мэтавым накіраванні, працую ўжо трэці год. З дзецьмі вельмі цікава, яны такія розныя. Да таго ж я класны кіраўнік 9 класа. Так што працую як з маленькімі дзецьмі, так і з падлеткамі. Стараюся быць з імі на роўных.

Хаця сама вучылася ў горадзе, лічу, што сельская школа — вельмі добрае месца для маладых спецыялістаў. Тут менш дзяцей, невялікі калектыў. Прыходзіш сюды, і цябе прымаюць як у сям’ю, з дабром, і ты адказваеш тым жа. Ведаю імя кожнага дзіцяці, яго адносіны да вучобы, яго цікавасці, а гэта велізарны плюс. Другі год вяду гурток па маляванні. Мае выхаванцы становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных конкурсаў. Радуе, што дзеці з задавальненнем прыходзяць у шосты школьны дзень, а падчас канікул — у лагер. Дарэчы, я заўсёды працую выхавальнікам у лагерах.

Нядаўна мне пашчасціла — маё імя занесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў Шчучынскага раёна, а затым і ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці.

Мая мэта — паступіць на завочнае аддзяленне ГрДУ імя Янкі Купалы і атрымаць вышэйшую адукацыю.

Вікторыя Вячаславаўна Лебядзевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

— У Ражанкаўскай сярэдняй школе працую сёмы год. Калі прыехала сюды па размеркаванні пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы, адразу атрымала жыллё. Прынялі мяне ў школе вельмі цёпла, дапамагалі ва ўсім. Адразу стала класным кіраўніком, на сённяшні дзень гэта выпускны 11-ы клас. З гэтым класам я ўжо шосты год, лічу іх сваімі дзецьмі. Прыцягваю школьнікаў да ўдзелу ў конкурсах, да напісання навуковых, творчых работ. Працую з матываванымі вучнямі, рыхтую іх да ўдзелу ў алімпіядах.

Вельмі шмат залежыць ад адміністрацыі, калектыву. У нашай школе дружны, згуртаваны калектыў, калегі падтрымліва­юць ва ўсім, заўсёды дапамогуць у складанай сітуацыі. Шмат маладых спецыялістаў, што таксама радуе.

Маргарыта Аляксандраўна Палуян, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Скончыўшы сёлета філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы, я па мэтавым накіраванні трапіла ў Ражанкаўскую сярэднюю школу. І адміністрацыя, і калектыў вельмі добра мяне прынялі, адразу адчула, што апынулася ў дружным калектыве, дзе да цябе заўсёды з дабром. Атрымала жыллё, што таксама немалаважна. Калі параўнаць з урокамі, якія я вяла ў Гродне падчас практыкі, то дзеці ў сельскай школе мяне вельмі парадавалі. Яны больш адкрытыя. Безумоўна, хвалявалася перад першым урокам, але ўсё атрымалася.

Жанна Іванаўна Мяцько, намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама:

— Дырэктар Ражанкаўскай сярэдняй школы Аліна Тадэвушаўна Цівінская вельмі мудра накіроўвае педагагічны калектыў, асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце з маладымі спецыялістамі, у сувязі з чым ва ўстанове адукацыі вельмі добрая замацавальнасць кадраў. Дзякуючы яе вопыту, мы можам ініцыіраваць вылучэнне маладых спецыя­лістаў на кіруючыя пасады. Так, А.В.Кіман сёння працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Шчучына.

Усе маладыя спецыялісты адзначаюць А.Т.Цівінскую як мудрага, вопытнага кіраўніка, якая змагла знайсці правільныя словы, падтрымаць, накіраваць, зацікавіць сваёй справай, стварыць камфортныя ўмовы, не пабаялася даверыць адказны ўчастак работы. Яна заўсёды турбуецца, каб быў абсталяваны кабінет, прадастаўлена жыллё, а працэс адаптацыі маладога чалавека ў калектыве прайшоў спакойна. Маладыя спецыялісты ў гэтай школе заўсёды сустракаюць з усмешкай і ніколі не скардзяцца на праблемы, таму што яны вырашаюцца на месцы.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: