РУС БЕЛ ENG 中文

Доля камандных форм работы на ўроках фізкультуры ў Пагародзенскай школе вырасла да 70 %. Што дзякуючы гэтаму змянілася?

19.11.2026

Для настаўнікаў­-наватараў Пагародзенскай сярэдняй школы ўдзел у інавацыйным праекце стаў магчымасцю па-­новаму паглядзець на звычайны ўрок фізічнай культуры і здароўя.

Калі мы гаворым пра сучасную школу, усё часцей задумваемся пра тое, якім чалавекам стане дзіця. Ці зможа працаваць у камандзе, слухаць іншых, дамаўляцца, адказваць за свае рашэнні, не баяцца праяўляць ініцыятыву? Менавіта гэтыя ўменні мы называем сацыяльнай кампетэнтнасцю.

У Пагародзенскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна рэалізоўваецца інавацыйны праект, накіраваны на фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў сродкамі фізічнай культуры з улікам іх асабістых характарыстык і дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу. У праекце ўдзельнічаюць 50 навучэнцаў і восем педагогаў.

Пачыналася ўсё няпроста. Мы сутыкнуліся з тыповай праблемай падлеткаў — у сярэдніх класах у навучэнцаў пачынала згасаць цікавасць да ўрокаў, ім цяжэй давалася адаптацыя. Тады мы вырашылі перабудаваць працэс. У гэтым го­дзе доля камандных форм работы на ўроках фізічнай культуры і здароўя вырасла да 70%. Ведаеце, што змянілася? Вучні перасталі баяцца памылак.

На занятках настаўнікі Галіна Тадэвушаўна Казлоўская і Антаніна Валянцінаўна Івашкевіч усё часцей выкарыстоўваюць камандныя формы работы. Дзеці вучацца дзейнічаць разам. Прычым склад каманд і ролі навучэнцаў мяняюцца. Сёння адно дзіця можа быць капітанам, заўтра — адказ­ваць за пэўнае заданне, а паслязаўтра — дапамагаць іншым членам каманды. Такая простая, на першы погляд, ратацыя дазваляе кожнаму паспрабаваць сябе ў розных сітуацыях.

Асаблівую ўвагу настаўнікі ўдзяля­юць дыферэнцыяцыі. Усе дзеці розныя: у адных — добрая фізічная падрыхтоўка, другім цяжка выканаць нават звычайнае практыкаванне, нехта лёгка знаходзіць агульную мову з аднакласнікамі, а нехта спачатку трымаецца ўбаку. Таму важна не параўноўваць дзяцей, а даць кожнаму магчымасць ад­чуць свой поспех. Для гэтага настаўнікі выкарыстоўваюць заданні з рознымі ўзроўнямі складанасці, а вучні атрымліваюць магчымасць выбіраць спосаб іх выканання.

Важнай часткай урока стала рэфлексія. Пасля заняткаў абмяркоўваецца, як працавала каманда, што атрымалася, што было складаным, ці ўдалося дамовіцца адно з адным. Паступова дзеці пачалі самі заўважаць свае моцныя і слабыя бакі. Лічым, гэта адзін з найбольш каштоўных вынікаў нашай работы.

Цікавыя магчымасці для развіцця сацыяльных навыкаў дае і група прадоўжанага дня. Тут мы выкарыстоўваем ролевыя і камунікатыўныя гульні: “Магазін”, “Бальніца”, “Падарожжа”, “Угадай эмоцыю”, “Чароўны мяшочак”, “Сапсаваны тэлефон” і інш. Дзеці вучацца слухаць адно аднаго, перадаваць інфармацыю, разумець эмоцыі і працаваць у групе.

Выхавальнік Ганна Францаўна Прэпляс­ка праводзіць рухавыя гульні, у якіх няма аднаго пераможцы, а поспех залежыць ад усіх удзельнікаў. У групе прадоўжанага дня ўкараняецца прынцып свабоднага выбару. У “Гульнятэцы ГПД” дзеці могуць самі выбраць гульню. Здавалася б, дробязь, але менавіта так мы вучым іх прымаць рашэнне і адказваць за свой выбар. Пры гэтым педагог застаецца побач, дапамагае, накіроўвае.

Праект дазваляе нам выхо­дзіць за межы звычайнага ўрока фізічнай культуры і здароўя. Напрыклад, у пачатковых класах настаўніца Алена Сцяфанаўна Ластоўская рухальную дзейнасць спалучае з матэматыкай. Дзеці выконваюць заданні, звязаныя з лікамі, геаметрычнымі фігурамі, адлегласцямі, але пры гэтым рухаюцца, працуюць у парах і групах. Падчас такіх заняткаў вучоба становіцца больш жывой і зразумелай.

Выйшлі мы і за межы школы. Другі год работы ў праекце запомніўся гарачымі турнірамі па міні-футболе, таварыскімі сустрэчамі з суседзямі з Радунскай і Доцішскай школ і нават валейбольнымі матчамі з пагранічнай заставай “Драбішуны”.

Я з’яўляюся каардынатарам праекта ў школе, наша група маніторынгу (настаўніца матэматыкі Ірына Леанардаўна Кахоцкая і педагог сацыяльны Людміла Генрыхаўна Салмановіч) строга сочыць за паказчыкамі. Высветлілася, што сацыяльная кампетэнтнасць хлопчыкаў і дзяўчынак у эксперыментальных класах значна вышэйшая, чым у звычайных. Больш за тое, амаль 85% нашых вучняў цяпер дадаткова займаюцца ў спартыўных секцыях.

А яшчэ мы ўкаранілі абавязковую рэфлексію: у канцы кожнага ўрока настаўнік з вучнямі сядаюць у кола і абмяркоўваюць, чаму сёння гульня не ладзілася або, наадварот, дзякуючы чаму яны перамаглі. Гэта вучыць дзяцей усвядомленасці: мацнейшы дапамагае таму, каму цяжэй, а не толькі імкнецца быць першым.

Вядома, не ўсё ідэальна. Нам ката­страфічна не хапае стандартных 45 мінут урока, каб паспець і патрэніравацца, і адкрыта выказацца ў рэфлексіўным коле. Але мы вучымся спраўляцца з гэтымі цяжкасцямі, інтэгруючы абмеркаванні прама ў гульнявыя паўзы. Галоўнае — мы бачым сапраўдную падтрымку. Бацькі пры апытанні адзначаюць: дзеці сталі больш адказнымі, дружнымі. Дзеля такіх водгукаў і варта праца­ваць. Зараз у нас фінальны, трэці год праекта. Будзем абагуль­няць вопыт і рыхтаваць метадычныя рэкамендацыі, каб нашай ма­дэллю маглі карыстацца і іншыя школы краіны.

Мы прыходзім у спартыўную залу не толькі для таго, каб дзеці сталі больш моцнымі, хуткімі і спрытнымі. Нам хочацца, каб яны выйшлі адтуль больш упэўненымі ў сабе, навучыліся ра­зумець іншых, працаваць разам і адчу­ваць адказнасць за агульны вынік. Бо сапраўдны вынік фізічнага выхавання, на нашу думку, — гэта не медаль, грамата або выкананы нарматыў, а чалавек, які ўмее быць часткай каманды, паважае іншых, ве­рыць у свае сілы і не баіцца зрабіць наступны крок. І менавіта дзеля гэтага варта шу­каць новыя формы работы і мяняць звыклы ўрок, робячы яго больш жывым, цікавым і блізкім да рэальнага жыцця.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: