РУС БЕЛ ENG 中文

Формула жывога ўрока ад настаўніка года Гродзеншчыны Алены Лапато

24.06.2026

Калі пасля званка вучні са шкадаваннем пытаюць: “А што, урок ужо скончыўся?”, Алена Лапато з сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма ціхенька святкуе маленькую перамогу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На яе ўроках хіміі ў ход ідуць мухабойкі, чорная скрыня, святочны каляндар… Але за кожным, на першы погляд, нестандартным прыёмам — не імкненне здзівіць, а дакладна прадуманая задача: зацікавіць, уключыць у працэс мыслення, давесці да разумення.

Пра сваю апантанасць прафесіяй Алена Браніславаўна гаворыць з усмешкай. І прызнаецца, што гэта заўважаюць не толькі вучні і іх бацькі, але нават людзі, далёкія ад школы. Сацыяльныя сеткі педагога даўно ператварыліся ў жывы дзённік школьных будняў.

— Нядаўна сяброўка, якая працуе ў іншай сферы, падзялілася: “Заўсёды з цікавасцю гляджу твой блог. У цябе ж вочы га­раць, ты сапраўды на сваім месцы!” Гэта вельмі прыемна чуць. Цудоўна, калі тваю захопленасць бачаць не толькі дзеці і іх бацькі, з якімі ўзаемадзейнічаеш кожны дзень, — падзялілася суразмоўніца.

Ад гульні ў школу да сапраўднай дошкі

Працоўныя будні Алены Лапато цяжка ўявіць па-за межамі школы. Аднак яе прафесійны шлях мог скласціся па-іншаму. У выпускным класе Алена Браніславаўна вагалася паміж медыцынай і педагогікай. А выбар на карысць настаўніц­тва давялося нават адстойваць перад бацькамі.

— Вялікі дзякуй маім настаўнікам хіміі і біялогіі, якія прывялі мяне ў прафесію, асаб­ліва Таццяне Васільеўне Рукінай — яна ў свой час захапіла алімпіядным рухам, — адзначыла Алена Браніславаўна.

Ад сваіх педагогаў яна пераняла не толькі любоў да прадмета, але і стаўленне да дзяцей. Да гэтага часу памятае выпадак са школьных гадоў: падчас кантрольнай па матэматыцы настаўніца, зазірнуўшы ў сшытак, спакойна сказала: “Я была ўпэўнена, што ў цябе будзе пяцёрка, а ты такую недарэчную памылку зрабіла”.

— Хіба не ў гэтым сапраўдны прафесіяналізм — ве­рыць у вучня больш, чым ён сам? — па­дзялілася развагамі педагог. — Таму, калі тлумачу складаную тэму, часта пачынаю са слоў: “Гэта проста, глядзіце…” Часам менавіта гэтае “проста” здымае ўнутраны бар’ер у вучняў.

Вялікай прафесійнай удачай Алена Браніславаўна лі­чыць і першае процоўнае месца — Галынкаўскую сярэднюю школу імя У.Ф.Дравіцы Зэльвенскага раёна. Калегі прынялі цёпла і шчодра дзяліліся сакрэтамі майстэрства. З асаблівай удзячнасцю педагог успамінае выдатніка адукацыі настаўніцу матэматыкі Соф’ю Аркадзьеўну Міхута. Вопытная калега тактоўна цікавілася, колькі мэт да ўрока піша малады спецыяліст. У верасні першага года работы іх было пяць. Да мая засталося тры. “Правільная дынаміка”, — з усмешкай рэзюмавала настаўніца. Алена Браніславаўна тады пачала разумець, што за знешняй прастатой урока стаіць прафесійная сталасць.

Малако і крыху чараўніцтва

Сёння ў 4-й школе Слоніма педагог выкладае хімію і біялогію. Любімчыка сярод гэтых прадметаў яна вызначае не адразу. Магістратуру заканчвала па біялогіі і пэўны час больш захаплялася гэтай навукай. Але, калі пачала працаваць у школе, па-іншаму паглядзела на хімію, убачыўшы ў ёй асаблівую, строгую логіку.

— У хіміі значна больш ваў-момантаў, якімі можна зацікавіць. Таму, калі пакласці абодва прадметы на шалі, хімія, мабыць, крыху пераважыць, — прызналася настаўніца.

На кожным уроку яна робіць стаўку на развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў, перш за ўсё праз сістэматычнае выкарыс­танне праблемных заданняў, якія прымушаюць не проста слухаць, а супастаўляць, удумліва шукаць адказ.

Так, пры вывучэнні тэмы “Металы” ўрок у 9 класе можа пачацца з пытання: чаму алюміній, які ў радзе актыўнасці стаіць лявей за жалеза, не падвяргаецца карозіі? І тут жа — наглядны прыклад: алюмініевая фольга і ржавы жалезны цвік.

У структуру ўрока Алена Браніславаўна ўключае нечаканыя хады. Адзін з любімых — пачаць заняткі з пытання “Якое сёння свята?”. Праз памятныя даты яна падводзіць дзяцей да тэмы ўрока. Металы? Можна згадаць Дзень работнікаў грама­дзянскай авіяцыі і пагаварыць пра матэрыялы для самалётабудавання. Міжнародны дзень аховы азонавага слоя, Дзень Моля, Сусветны дзень вады — усе гэтыя даты становяцца часткай урока і дапамагаюць дзецям уключыцца ў тэму.

Часам настаўніца прыно­сіць у кабінет чорную скрыню. У ёй — прадмет, які вучні павінны адгадаць праз навадныя пытанні. А часам вывучэнне новай тэмы пачынаецца з галаваломкі: Алена Лапато прыносіць на ўрок малако і капронавыя калготкі. Задача класа — знайсці паміж імі сувязь. Такі нестандартны ход робіцца не дзеля забавы. Менавіта праз звычайныя побытавыя рэчы вучні выхо­дзяць на важныя паняцці арганікі: малочная кіслата — лактам, капрон — капралактам.

— Перад знаёмствам з вадародам у 7 класе прапаную дзецям назваць усё ў нашым кабінеце, што звязана з гэтым элементам. Першы адказ, вядома, вада. А далей падказваю сваім разумнікам: вадарод — гэта і кожны з вас, бо гэты элемент — адзін з галоўных будаўнічых матэрыялаў нашага цела, — па­дзялілася педагог.

У яе арсенале ёсць і гульнявыя прыёмы. Напрыклад, на дошцы запісваюцца сімвалы хімічных элементаў. Два вучні атрымліва­юць мухабойкі. Настаўніца называе элемент, і трэба як мага хутчэй знайсці патрэбнае абазначэнне і ўдарыць па ім мухабойкай.

Гэты ж прыём яна выкарыс­тоўвае і на ўроках біялогіі: называе жывёлу, а вучні вызнача­юць клас, да якога яна адносіцца. Праўда, такія эмацыя­нальна яркія моманты пакідае на фінал урока, калі асноўная работа ўжо выканана.

Тых, хто паспяхова асвоіў складаную тэму, чакаюць аўтарскія пасведчанні — “Прафесар солей”, “Майстар кіслот”, “Лепшы знаўца фотасінтэзу”. У 7—8 класах добра зарэкамендавалі сябе ўрокі-квесты.

— А калі бачу, што тэма “не ідзе”, уключаю поўны сама­аналіз, шукаю іншыя падыходы. Калі цяжкасці ўзніклі з-за недакладных вылічэнняў, звяртаюся да калег-матэматыкаў і прашу больш увагі ўдзяліць прабелам у ведах некаторых дзяцей. Поспех вучня — гэта заўсёды камандная работа, — падкрэсліла Алена Лапато.

Галоўны маркер поспеху для яе — шчырае пытанне дзяцей пасля званка: “А што, урок ужо скончыўся?” Для педагога гэта знак, што ў яе атрымалася і зацікавіць, і ўтрымаць увагу вучняў. Менавіта ў гэтым яна ба­чыць ­адзін з найважнейшых вынікаў сваёй працы.

Пры гэтым пераможца абласнога этапу “Настаўнік года” ўмее ўлюбіць школьнікаў не толькі ў свае прадметы, але і ў прафесію педагога. Вучні нярэдка ідуць па яе слядах. Магчыма, таму, што бачаць перад сабой чалавека, які жыве педагогікай.

Адзін з такіх прыкладаў — родны брат Алены Браніславаўны. Ён быў яе вучнем, а яна — не толькі настаўніцай хіміі і біялогіі, але і класным кіраўніком.

— Вельмі ганаруся, што Раман скончыў педагагічны клас. Сёння ён вучыцца на 3 курсе гістарычнага факультэта БДУ, ужо праходзіў практыку ў Ліцэі БДУ і пераканаўся ў правільнасці свайго выбару, — сказала Алена Браніславаўна.

Выклік сабе і эстафета майстэрства

Педагог уваходзіць у рэспуб­ліканскую творчую групу настаўнікаў хіміі і біялогіі, удзельнічае ва ўдасканаленні вучэбных праграм, распрацоўвае практыка-арыентаваныя заданні. Яна мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Здавалася б, прафесійныя вяршыні ўжо дасягнуты. Але прапанову паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года” Алена Браніславаўна  ўспрыняла як новы выклік.

— Для мяне гэта была магчымасць паглядзець на сябе з іншага боку, пераасэнсаваць назапашаны вопыт, адчуць падтрымку калег не толькі сваёй школы, але і ўсёй прафесійнай супольнасці — раёна, вобласці, рэспублікі, — адзначыла яна. — А яшчэ пераканацца, што за такімі конкурсамі сочаць не толькі педагогі. Пасля кожнага этапу я атрымлівала зваротную сувязь, а пасля перамогі на абласным узроўні віншаванні прыходзілі нават ад выпускнікоў, якія даўно скончылі школу.

Маладым калегам Алена Браніславаўна раіць памятаць галоўнае: уваходзячы ў клас, трэба пакідаць усё лішняе за дзвярыма і разумець, што ты не проста праводзіш урок, а ўдзельнічаеш у фарміраванні асобы.

Адзін з яе прынцыпаў — не прапускаць адкрытых урокаў калег:

— Я хімік, але хаджу і да настаўніка музыкі, і да настаўніка беларускай мовы і літаратуры. І знаходжу на гэтых занятках рэчы, якія потым пераношу на свае ўрокі хіміі. Галоўнае — убачыць арыгінальную ідэю.

Асобную ўвагу яна раіць удзяляць майстэрству пабудовы дыялогу з вучнем:

— Трэба быць не над вучнем, а побач. А калі школьнік ніяк не можа зразумець нейкі момант, важна прывесці прыклады выпускнікоў, якія таксама спачатку думалі, што ім цяжка, а потым справіліся. Дзеці вельмі добра счытваюць сітуацыю поспеху: калі змог не­хта іншы, значыць, змагу і я.

А яшчэ Алена Браніславаўна акцэнтуе ўвагу на тым, як важна ўбачыць іскру ў кожным дзіцяці, нават калі гэта праяўляецца ў іншым прадмеце.

У гэтых тэзісах — стыль работы Алены Лапато: адкрытасць новаму, павага да вучняў і жывая, непаказная любоў да прафесіі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: