РУС БЕЛ ENG 中文

Ці маюць права ва ўстанове адукацыі адмовіць у прадастаўленні бацькам копіі (фота/скан) кантрольнай работы дзіцяці

25.06.2026

 

Ва ўстанове адукацыі мне было адмоўлена ў прадастаўленні копіі (фота/скан) кантрольнай работы майго дзіцяці, а таксама тэкстаў заданняў, выкарыстаных пры правядзенні атэстацыі. Было прапанавана толькі асабістае азнаямленне з работай ва ўстанове. Гэтая адмова перашкаджае рэалізацыі права на правя­дзенне работы над памылкамі па-за сценамі ўстановы адукацыі.

На пытанне адказвае Яўгенія Мельнікава, старшы інспектар упраўлення кадравай палітыкі Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі.

У адпаведнасці з падпунктам 1.4 пункта 1 артыкула 33 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў маюць права на атрыманне інфармацыі аб ходзе і змесце адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, выніках вучэбнай дзейнасці навучэнцаў у парадку, які вызначаецца кіраўніком установы адукацыі з удзелам органа самакіравання, куды ўваходзяць асобы з ліку законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў.

У школе, у якой вучыцца ваша дзіця, зацверджаны Парадак атрымання законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў інфармацыі аб ходзе і змесце адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, выніках вучэбнай дзейнасці.

Адносна работы над памылкамі тлумачым. Згодна з пунктам 12 Метадычных рэкамендацый па фарміраванні культуры вуснага і пісьмо­вага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаных 20 жніўня 2025 года (далей — Метадычныя рэкамендацыі), кантрольныя работы выконваюцца толькі ў сшытках для кантрольных работ. Вучнямі 5—11 (12) класаў работа над памылкамі выконваецца ў тых жа сшытках, у якіх выконвалася кантрольная работа. Па выніках праверкі работы над памылкамі па меркаванні настаўніка-прадметніка можа быць выстаўлена адзнака з наступным выстаўленнем у класны журнал і дзённік навучэнца (пункты 36, 38 Метадычных рэкамендацый).

Такім чынам, парадак азнаямлення з кантрольнай работай вызначаецца кіраўніком установы адукацыі. Для азнаямлення з вынікамі кантрольнай работы, выкананай вашым дзіцем, і атрымання ўсіх неабходных растлумачэнняў вам неабходна звярнуцца ва ўстанову адукацыі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: