РУС БЕЛ ENG 中文

40 гадоў сярод кніг і дзяцей: будні бібліятэкара з сярэдняй школы ў Юрацішках

05.05.2026

 

Бібліятэкар з Юрацішкаўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Ганна Покуць больш за 40 гадоў развівае літаратурны густ вучняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пачынала працаваць у масавай бібліятэцы, але доўга там не затрымалася: энергічнай асобе не хапала зносін і падзей, якіх у школе заўсёды дастаткова, таму хутка стала часткай школьнага калектыву.

Бібліятэка 1980—1990-х і біб­ліятэка сённяшняя, па словах суразмоўніцы, — два розныя светы. Спачатку не было нават друкавальнай машынкі, і ўсе справаздачы, сцэнарыі мерапрыемстваў пісалі ад рукі. Сёння працаваць значна прасцей. Але змянілася адчуванне часу.

— Напэўна, зямля хутчэй стала круціцца. Не паспееш прыйсці на работу, як пара ўжо дадому, — смяецца Ганна Валянцінаўна.

Галоўны выклік для школьнага бібліятэкара сёння — зацікавіць дзяцей чытаннем. І тут, пераканана Ганна Покуць, важна працаваць у тандэме з настаўнікамі. Сумесна з педагогамі яна афармляе выставы да прадметных тыдняў, право­дзіць віктарыны з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі, літаратурныя гульні з прэзентацыямі, а яшчэ квесты, якія дзеці асабліва любяць.

— Летам, калі працуюць школьныя лагеры, агранізоўваем квесты нават на вуліцы. Тэматыка і літаратурная, і гістарычная, — адзначыла Ганна Валянцінаўна.

У холе бібліятэкі — цэлая сістэма тэматычных выстаў. “Неўміручая перамога — неўміручыя яе салдаты” да 9 Мая, экспазіцыя пра Беларусь і родны край, стэнд пра здаровы лад жыцця, выстава пра сям’ю. Асобны стэнд — “Кнігі-юбіляры нашага часу” з інфармацыяй пра юбілеі беларускіх і расійскіх выданняў.

— Напрыклад, сёлета 180 гадоў спаўняецца першаму друкаванаму выданню Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Сялянка”. І яно дагэтуль на паліцы. Неверагодна, але факт. Дзецям такое падабаецца! — працягвае бібліятэкар.

Фонд школьнай бібліятэкі ў Юрацішках — больш за 11 тысяч экзэмпляраў мастацкай і метадычнай літаратуры плюс падручнікі. Для школы з 204 вучнямі гэтага дастаткова. Хоць, прызнаецца Ганна Валянцінаўна, фантастыкі і прыгод не хапае — атрымліваюць у асноўным праграмную літаратуру. Але тут на дапамогу прыходзіць пасялковая бібліятэка.

— Мы працуем у тандэме. Сама часта заходжу па кнігі, а бывае, прашу яркія сучасныя выданні для нашых тэматычных выстаў, — заўважае Ганна Валянцінаўна.

Калі ў школе вучняў няшмат і працуеш ва ўстанове 40 гадоў, то ведаеш не проста кожнае дзіця, але і яго бацькоў, якія таксама вучыліся тут. Ганна Валянцінаўна ўпэўнена, што фарміраванне любові да кнігі — справа агульная, хоць і няпростая.

— Першымі ў школу прыяз­джаюць дзеці з суседніх вёсак, якія нярэдка бавяць час у бібліятэцы. Мы проста размаўляем. Пра тое, што цяжэй, а што лягчэй даецца ў вучобе. Пра тое, што падабаецца ці не падабаецца. Ведаю па сабе: баць­кам не заўсёды хапае часу проста паразмаўляць. А для дзяцей гэта важна. І ўжо ў працэсе такой размовы плаўна пераходжу да кніг: “Што ты чытала (чытаў) апошнім часам? А да мяне чаму не заходзіш?”

Памятаю, дзяўчынка з 5 класа папрасіла: “Дайце мне нешта вельмі кранальнае”. Прыгадала з уласнага дзяцінства кнігу, над якой шчыра плакала, — “Вецер рве павуціну” Міхаіла Герчыка. Парэкамендавала яе, і гэта было вынікова. Пасля з цікавасцю размаўлялі пра змест твора і шчырыя слёзы маёй юнай чытачкі, — паведамляе Ганна Валянцінаўна.

Зразумела, ёсць у бібліятэкара і “цяжкія” чытачы — тыя, каго за кнігай не дачакаешся. Таму калі такое дзіця завітала ў бібліятэку, няхай нават па праграмны твор, Ганна Валянцінаўна ператварае гэта ў значную падзею.

— Тады ўся ўвага нале­жыць выпадковаму госцю. Толькі прыходзь часцей, “частуйся” кнігамі! — з усмешкай расказвае Ганна Покуць.

Разам са школьнікамі яна стварае буктрэйлеры для рэкламы кніг. Адзін з іх, работа дзевяцікласніцы, некалькі гадоў назад заняў 1-е месца ў раёне і 3-е — у вобласці, а сёння размешчаны на YouTube-канале Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага. Але ўсё ж галоўным вынікам такой дзейнасці Ганна Валянцінаўна лічыць цікавасць дзяцей да кнігі.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: