РУС БЕЛ ENG 中文

Аднолькавыя знешне і ў імкненнях: маладыя педагогі-блізняты працуюць у Шчучынскім раёне

10.01.2024

Разам вызначыліся з будучай прафесіяй, паступілі і паспяхова скончылі ўніверсітэт, вярнуліся на малую радзіму і пачалі свой прафесійны шлях. Так у сям’і Нядвецкіх са Шчучына з’явіліся адразу два педагогі — Лізавета і Кацярына. 

Аб’ядноўваюць сясцёр не толькі агульныя інтарэсы, але і літаральнае падабенства. Маладыя спецыялісты-блізняты працуюць у розных установах адукацыі, але, калі аказваюцца разам, вучні абедзвюх губляюцца — знайсці адрозненні сапраўды няпроста. Прычым не толькі знешнія: аднолькава шчыра яны ўлюбёны ў прафесію педагога.

Дарогай да ведаў разам з Лізаветай Нядвецкай ідуць вучні пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Шчучына, а з Кацярынай Нядвецкай — юныя знаўцы хіміі з біялогіяй і прадмета “Чалавек і свет” з Васілішкаўскай сярэдняй школы.

Пачынаючы размову, варта адзначыць, што сур’ёзна аб выбары прафесіі Лізавета і Кацярына задумаліся ў 10 класе. Для пачатку вызначыліся з горадам. У пераліку спе­цыяльнасцей ГрДУ імя Янкі Купалы выбралі найбольш падыходзячыя для жанчын.

— Нашы бацькі — чыгуначнікі. Калі для таты гэта цалкам лагічная прафесійная справа, то для жанчыны — захавальніцы хатняга цяпла — не ў той ступені, — удакладняючы адна адну, кажуць Лізавета і Кацярына.

Выбар на карысць педагогікі яны зрабілі, таксама прыслухоўваючыся да парад сваіх школьных настаўнікаў. Малодшая роўна на 15 мінут Ліза адразу вырашыла спыніцца на пачатковых класах, а Каця ў пераліку прадметаў выбрала хімію з біялогіяй.

— Гэта галоўным чынам дзякуючы яскраваму прыкладу педагога, — тлумачыць Кацярына Нядвецкая. — Часта ўспамінаю сваю настаўніцу па хіміі і біялогіі Галіну Янаўну Каляду. І сёння перад вачыма многія цікавыя моманты з яе ўрокаў. За час вучобы пагля­дзела на яе вопыт ужо па-іншаму — скрозь прафесійную прызму. Магу сказаць, што многія методыкі, якія Галіна Янаўна выкарыстоўвала на ўроках падчас нашай вучобы, сёння прыўношу ўжо ў сваю работу.

Заўсёды разам!

Скрыбаўскі дзіцячы сад — сярэднюю школу Шчучынскага раёна сёстры скончылі на выдатна, але паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, будучы дакладна ўпэўненымі, што родны край — галоўнае месца сілы на ўсё жыццё.

Цікава, што розныя спецыяльнасці будучыя педагогі тады выбралі ў большай ступені, каб пазбегнуць саперніцтва. Адразу пасля заканчэння вучобы паступілі ў магістратуру і толькі тут даганялі адна адну. З улікам розных спецыяльнасцей у Лізаветы вучоба доўжылася год, а для Кацярыны заняла два.

— Мусіць, першы год работы Лізы для нас упершыню стаў часам, калі разлучаліся на некалькі тыдняў і месяцаў. Менавіта таму для абедзвюх ён быў сапраўды няпростым. Нягледзячы на адлегласць, імкнуліся максімальна падтрымліваць адна адну. Стартавае першага верасня для Лізы ў новай ролі — настаўніка, добра яго памятаю і я. Тады была побач з ёй у дзень урачыстай лінейкі і з усмешкай улоўлівала лёгкую збянтэжа­насць дзяцей і бацькоў яе першакласнікаў, якія гледзелі на мяне — свайго роду дублікат іх педагога, — з гумарам успамінае Кацярына.

Дарэчы, і нядаўняя сустрэча з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” прайшла пад знакам такой дзіцячай збянтэжанасці. Як толькі ў класе апынуліся адразу дзве сястры-настаўніцы, шустрыя пачаткоўцы маладога педагога раз-пораз паглядалі адно на аднаго, пытаючыся: “Ці не дваіцца ў іх у вачах?”

Сумяшчаючы вучобу і работу

Варта адзначыць, што работа ва ўстановах адукацыі Шчучына для Лізаветы і Кацярыны не першы настаўніцкі вопыт. Навучанне ў магістратуры маладыя педагогі сумяшчалі з работай па спецыяльнасці ў розных школах абласнога цэнтра. З нейкім асаб­лівым цяплом і не без гонару яны дадалі, што ў родны Шчучын іх адпускалі з сумам — матываваным і сапраўды зацікаўленым прафесіяй педагогам усюды рады, але з умовамі мэтавай падрыхтоўкі не паспрачаешся.

— Мой 2 “Б”, які ўжо стаў родным, кожны дзень запэўнівае, што малая радзіма — лепшае месца для старту ў прафесіі. Дзеткі, праўда, цудоўныя, — заўважае Лізавета, у класе якой сёння вучыцца 18 чалавек.

Класны кіраўнік яшчэ для 14 хлопчыкаў і дзяўчынак яе сястра-блізнятка ў Васілішкаўскай школе.

— Падчас работы ў сярэдняй школе № 39 Гродна ў мяне было восем 8-х класаў. Вядома, напаўняльнасць класаў выглядала зусім інакш, але працаваць з адной паралеллю было ў пэўнай ступені прасцей. Нягледзячы нават на тое, што адзін і той жа ўрок у кожным класе праходзіць па-рознаму. Сёння вяду заняткі па хіміі, біялогіі і прадмеце “Чалавек і свет” з 5 па 9 клас. Падрыхтоўка, зразумела, патрабуе значна больш часу, — гаворыць Кацярына.

Хлеб педагога — смачнейшы

З усмешкай сёстры адзначаюць, што дамашнія вечары ў іх праходзяць у фармаце сямейнага педсавета. Разам яны бяруцца за праверку сшыткаў, даюць адна адной парады пры планаванні ўрокаў, дзеляцца школьнымі навінамі… Так супала, што ў раскладзе кожнай найменш загружаны дзень — серада. І менавіта гэты дзень адведзены галоўнаму сямейнаму хобі — кулінарыі. Меню сёстры ўзгадняюць загадзя, а сустрэўшыся на кухні, робяць усё, як кажуць, у чатыры рукі. Нязменнай стравай абавязкова становіцца печыва. Прычым пачынальнікам такой смачнай традыцыі Каця і Ліза хорам назвалі маму.

Салідарныя маладыя педагогі не толькі ў гэтым. Прызнаюцца, што даўно зразумелі, што хлеб педагога не самы лёгкі. Але для іх ён усё роўна самы смачны.

— Упэўнены, што мы на сваім месцы, — узгадніўшы адказ літаральна поглядам, кажуць сёстры-педагогі. — Здараюцца складанасці, але галоўнае — правільна адносіцца да іх і ўспрымаць як стымул станавіцца лепшымі!

Вопыт у анлайне і афлайне

Чэрпаюць веды суразмоўніцы не толькі на розных курсах і з вопыту зносін са старэйшымі калегамі. Ёсць у іх свае аўтарытэты сярод настаўнікаў краіны, якія актыўна вя­дуць свае блогі з акцэнтам на педагогіцы.

— Памятаю, вельмі спадабалася ідэя калегі з Гомеля па трэніроўцы вуснага лічэння. Спрабавала яго і са сваімі вучнямі, а Каця, па сутнасці, аналагічны метад адаптавала пад сваіх, але ўжо з кіслотамі, — прыводзіць прыклад Лізавета.

Зрэшты, яна і сама актыўна вядзе настаўніцкі блог, дзе дзеліцца ўласнымі ідэямі. Што да афлайну, зусім нядаўна малады педагог удзельнічала ў раённых педагагічных чытаннях і майстар-клас па выкарыстанні дыдактычных гульняў на ўроках праводзіла ўжо для калег з усяго рэгіёна.

— Сёння інфармацыя даступна фактычна ў неабмежаванай колькасці. Трэба толькі жаданне цікавіцца вопытам і напрацоўкамі калег, імкненне да пастаяннага самаўдасканалення і развіцця, — дадае Кацярына.

Дарэчы, у мінулым годзе Лізавета ўдзельнічала ў раённым конкурсе маладых спе­цыялістаў “Сваёй прафесіяй ганаруся”. Зразумела, на сцэну тады падняліся абедзве сястры, і іх педагагічны дуэт заняў 2-е месца.

Агульнымі намаганнямі

Кожны дзень маладыя педагогі ўзаема­дзейнічаюць з дзецьмі рознага ўзросту, але абедзве салідарныя ў тым, што вучні — крыніца невычэрпнай энергіі.

— Заўсёды цікава назіраць, як мае пачаткоўцы ўспрымаюць новыя заданні. Імкнуся любы складаны матэрыял падаць з выкарыстаннем дыдактычных гульняў. Апошнія, дарэчы, нярэдка ствараем з сястрой агульнымі намаганнямі. Да ночы выра­заць, напрыклад, марожанкі, на якіх прапісаны прыклады для запамінання складу ліку, — звыклая практыка, — адзначае Лізавета.

Яна, дарэчы, нязменна асвяжае і свае веды ў галіне хіміі і біялогіі. Першай зусім нядаўна апрабавала гульню, якую Кацярына набыла, каб цікава падаць няпросты матэрыял пра кіслоты сваім старшакласнікам.

Крыніца вечнай маладосці

Школу маладыя педагогі Лізавета і Кацярына Нядвецкія ўспрымаюць яшчэ і як крыніцу вечнай маладосці. Вечарам размовы з бацькамі ў іх і цяпер пачынаюцца з жартаўлівага пытання мамы: “Зноў вы за ўрокамі? Зноў шмат задалі?”

Акрамя заўсёды вывучаных урокаў, у іх настаўніцкім графіку заўсёды ёсць месца для рознага роду трэнінгаў і семінараў, дыялогавых пляцовак. Нават першая сустрэча з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” прайшла не ў Шчучыне, а ў Гродне падчас работы школы маладых педагогаў.

Ёсць у сясцёр-блізнят і адна няздзейсненая ідэя — вельмі спадзяюцца, што ў будучыні змогуць працаваць у адной школе. Сёлета, дарэчы, Лізавеце прапаноўвалі ўзяць клас у Васілішкаўскай сярэдняй школе, але такі варыянт яна не разглядала нават пры наяўнасці вялікага жадання працаваць побач з сястрой усяго па адной прычыне: цяжка пакінуць вучняў, якія сталі роднымі.

Источник: https://nastgaz.by