РУС БЕЛ ENG 中文

Скідзельчанка Юлія Мацута стварыла электронную анталогію хоку

08.01.2024

Фото героя материала

Электронную анталогію хоку японскіх і беларускіх аўтараў стварае вучаніца 10 «А» класа СШ №1 г. Скідзеля імя В. Р. Пяшко Юлія Мацута.
 
Старшакласніца даўно захапляецца японскай культурай, асабліва анімацыяй – анімэ. Аднак пра адзін з класічных жанраў літаратуры Краіны ўзыходзячага сонца – хоку – да мінулага года яна не чула. Таму, калі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Марыя Радзецкая прапанавала Юліі даследваць творчасць паэтаў-хайдзінаў, дзяўчына адразу пагадзілася. Потым яна дазналася, што сярод прыхільнікаў усходняй вершаванай мініяцюры ёсць беларускія пісьменнікі, і яшчэ больш зацікавілася невядомымі і незвычайнымі творамі.
 
– Хоку яшчэ называюць хайку альбо хай-кай. Гэта скарочаная форма пяцірадковай танка – монастрафічны верш, які па-японску запісваецца ў адзін радок, на еўрапейскіх мовах – у тры. У ім адсутнічае рыфма, але захоўваецца пэўная колькасць складоў у вершарадах: у першым і трэцім – пяць, у другім – семь, – тлумачыць Юлія Мацута. – Класічны хоку адлюстроўвае жыццё прыроды і чалавека ў іх непарыўным адзінстве на фоне кругазвароту пор года, таму ў творы абавязкова ўжываецца сезоннае слова «кіго». Напрыклад, у вершы пра вясну выкарыстоўваецца вобраз сакуры: яна сімвалізуе не толькі росквіт прыроды, але і хуткаплыннасць жыцця. 
 
Разам са сваім навуковым кіраўніком Марыяй Давыдаўнай дзяўчына прасачыла вытокі станаўлення і развіцця жанру, яго шлях да беларускай літаратуры.
У сакавіку з сабраным матэрыялам вучаніца 9 «Б» удзельнічала ў XVIII раённым конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў «Першыя крокі ў навуку». Тады яна была ўзнагароджана дыпломам II ступені ў секцыі «Беларуская літаратура». Даследванне нерыфмаваных монастрофаў Юлія Мацута прадоўжыла ў 10 класе. Разам з Марыяй Радзецкай яна распрацавала анталогію пейзажных хоку японскіх і беларускіх аўтараў, экземпляры якой занялі пачэснае месца ў школьнай бібліятэцы і ў кабінетах беларускай і рускай мовы і літаратуры. Настаўніца і вучаніца спадзяюцца, што кніжка будзе карыснай пры вывучэнні аглядавых тэм па сучаснай літаратуры і для правядзення пазакласных мерапрыемстваў. 
 
Але на гэтым Юлія Мацута не спынілася. У лістападзе на абласным конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ навучэнцаў «Крышталёвая Альфа-2023» дзяўчыну адзначылі дыпломам III ступені. Кіраўнік школьнага навуковага таварыства «Пошук», настаўнік фізікі Аксана Крыніцкая падказала ёй падаць заяўку на рэспубліканскі моладзевы праект «100 ідэй для Беларусі», новы сезон якога як раз стартаваў. На занальным этапе ў горадзе Свіслач свае праекты ў розных сферах прэзентавала моладзь са Свіслацкага, Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў. Навуковая праца юнай даследчыцы ўразіла журы, і наша прадстаўніца атрымала пуцёўку ў абласны этап конкурсу. Цяпер па парадах экспертаў дзяўчына збіраецца выкласці зборнік хоку ў агульны доступ, каб яго ўбачылі яшчэ больш людзей. Акрамя таго, гэта дазволіць дапаўняць анталогію новымі вершамі на іншыя тэмы. Напрыклад, філасофскімі ці жартоўнымі. Альбо нават аўтарскімі. Юлія і сама спрабавала напісаць хоку, але гэта аказалася нялёгкай справай. Асаблівую цяжкасць выклікала неабходнасць прытрымлівацца адпаведнай колькасці радкоў і складоў, прызнаецца скідзельчанка.
– Гэтыя вершы кароткія, аднак толькі на першы погляд лёгкія для разумення ці складання. Нягледзячы на сцісласць і прастату, на самай справе яны патрабуюць глыбокіх пазнанняў і вялікага кругагляду. 
Але я лічу, што знаёмства з мастацкай спадчынай усходняй культуры дапаможа выклікаць у школьнікаў жаданне чытаць на роднай мове: хоку – гэта той фармат, які імпануе нашаму пакаленню «зэт», – упэўнена старшакласніца. 
 
Источник: https://proregion24.by