РУС БЕЛ ENG 中文

Меркаванне: выхаванне працавітасці — адна з найважнейшых задач, якая стаіць перад школай

22.12.2023

Прывучванне да працы — важны аспект у фарміраванні юных беларусаў. Ці дастаткова ўстановы адукацыі робяць для гэтага? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Лілія Сімановіч, дырэктар сярэдняй школы № 2 Круглага, Магілёўская вобласць:

— Па маіх глыбокіх перакананнях, праца — найважнейшы аспект у фарміраванні юных беларусаў. З 2019 года ў нашай установе для старшакласнікаў прадугледжаны прадмет “Працоўнае навучанне”, дзе рэалізуецца адукацыйная праграма прафесійнай пад­рыхтоўкі рабочых па I мадэлі, мэтай якой з’яўляецца навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі і прадастаўленне ім магчымасці атрымаць прафесійныя навыкі. Прааналізаваўшы наяўную матэрыяльна-тэхнічную базу і наяўнасць адпаведных спецыялістаў, мы зрабілі акцэнт на пад­рыхтоўцы да засваення прафесіі сталяра і кветкавода 2-га разраду. А з мінулага навучальнага года выбралі яшчэ адзін напрамак — падрыхтоўку да засваення прафесіі швачкі. Гэтыя навыкі дзеці паспяхова рэалізоўваюць у перыяд летняга працаўладкавання. Мы вядзём работу над тым, каб дзеці плённа працавалі на роднай зямлі. Правільнае працоўнае выхаванне — дзейсны фактар грамадзянскага сталення, які спрыяе развіццю такіх маральных якасцей, як прыстойнасць, асабістая адказнасць і ініцыятыўнасць. На ўроках і пазакласных мерапрыемствах нашы педагогі разглядаюць праблему захавання і падтрымання аўтарытэту сумленнай працы, якая з’яўляецца асноўным сродкам дасягнення жыццёвага поспеху. Вучні школы часта прыцягваюцца да працоўнай дзейнасці па добраўпарадкаванні прышкольнага ўчастка. У школе функцыянуюць 4 валанцёрскія атрады для дзяцей розных узростаў. А ў летні перыяд на базе ўстановы працуе лагер працы і адпачынку “Імпульс”. Задача педагогаў — накіраваць вектар энергіі юных беларусаў у правільным кірунку. Тады можна смела сцвярджаць, што будучыня краіны ў на­дзейных руках.

Юлія Саматыга, дырэктар Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, Мінская вобласць:

— Уменне працаваць і старанна выконваць задачы дапамагае падрастаючаму пакаленню ­стаць паспяховым і незалежным у будучыні. Прынцып гімназіі ў гэтым напрамку — выхаваць стваральніка, а не спажыўца. Менавіта таму ў нашай установе створаны ўмовы для фарміравання сацыяльна-працоўных кампетэнцый. На першы план выходзяць урокі працоўнага навучання і грамадска карыснай працы. У гэтым напрамку акцэнт робім на інавацыйныя формы правядзення заняткаў. У гімназіі ўрок працоўнага навучання — гэта ўрок вольнай і калектыўнай творчасці, у рамках якога актыўна прыцягваем дзяцей да даследаванняў. Так, у гэтым годзе дзевяцікласнікі на ўроках працоўнага навучання правялі міні-даследаванне па вырабе лялек для гімназічнага тэатра, наведалі тэатры Мінска і сумесна з настаўнікам працоўнага навучання вырабілі лялек-марыянетак. Кожны кавалачак тэрыторыі гімназіі замацаваны за пэўным класам, і ўжо другі год запар тэрыторыя гімназіі займае 3-е месца па выніках абласнога конкурсу па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Праекты — яшчэ адзін складнік працоўнага выхавання. На працягу пяці гадоў у нас рэалізуецца праект “Зялёныя школы”, які эфектыўны не толькі ў экалагічным, але і ў працоўным выхаванні, бо зрабіць кармушкі, стварыць экасметніцы і правесці экалагічныя акцыі па асобным зборы смецця — каласальная частка працоўнага выхавання. Валанцёрская дзей­насць дапамагае прывык­нуць працаваць, паступаць, як чалавек і грамадзянін. Гімназічны валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” вядомы кожнаму ў аграгарадку Лошніца. Зараз нашы валанцёры актыўна ўдзельніча­юць у абласной акцыі “Тры дзясяткі добрых спраў”. Прыемна чуць словы падзякі ад тых, каму патрэбна дапамога. Праца дапамагае лепш ра­зумець каштоўнасць грошай і вучыць кіраваць сваімі фінансамі ў будучыні. У гімназіі гэта рэалізуецца праз дзейнасць стартап-класа “Бізнес для падлеткаў”. За працоўнай дзейнасцю ў спалучэнні з бізнес-ідэямі будучыня. Упэўнена, што створаная ў нашай гімназіі сістэма фарміравання сацыяльна-працоўных кампетэнцый дазволіць вырасціць сапраўднага стваральніка і патрыёта нашай краіны.

Марына Гайдукевіч, дырэктар Гальшанскай сярэдняй школы, Гро­дзенская во­бласць:

— Такая задача ў нашай школе вырашаецца з дапамогай стварэння адукацыйнай прасторы, якая дазволіць вучню найбольш поўна развіць уласныя магчымасці, паспяхова інтэгравацца ў сістэму вытворчых, бытавых і культурных адносін грамадства. Працоўнае выхаванне ў школе ажыццяўляецца на аснове арганізаванага спалучэння вучэбнай працы з практычнай дзейнасцю. Галоўны стратэгічны напрамак працоўнага выхавання — фарміраванне чалавека працы, здольнага знайсці сваё месца і прымяненне сваім здольнасцям у эканамічнай прасторы Беларусі. Арганізавана і актыўна працуе школьная бізнес-кампанія “КВЕЦЕНЬ”. Пры стварэнні бізнес-кампаніі была мэта не толькі зара­бляць грошы, але наву­чыць дзяцей працы на зямлі і запоўніць іх час карыснай справай. Работа тут не перапыняецца і ў летні перыяд. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў навучэнцы змаглі вырасціць і рэалізаваць якасную расаду кветкавых раслін. У гэтым годзе, акрамя кветак, вырошчвалі расаду агародных культур — перцу, таматаў, капусты. Тэрыторыя школы таксама ўпрыгожана кветкамі і кустамі, вырашчанымі навучэнцамі. Дзеці разам з настаўнікамі ў гонар 75-годдзя Перамогі прынялі актыўны ўдзел у закладцы і добраўпарадкаванні сквера адпачынку, заклалі яблыневы сад. У летні перыяд працягвалі работу па доглядзе высаджаных раслін. У складзе студэнцкіх атрадаў вучні задзейнічаны ў праполцы сельскагаспадарчых культур і працы на зерняскладзе. Імкнучыся да таго, каб усе вышэйпаказаныя ўмовы выконваліся, педагог фарміруе ў вучняў уяўленне аб працы як аб прывабнай дзейнасці, якая выклікае пачуццё маральнага задавальнення. Тут важна ўлічыць, што ў працоўнай дзейнасці дзеці набываюць не толькі практычны вопыт правільных грамадскіх паводзін. У іх фарміруецца такая каштоўная маральная рыса характару, як павага да людзей працы. Такім чынам, правільна арганізаваная грамадска карысная праца — умова для выхавання маральнай свядомасці і ўчынкаў.

Наталля Апанасёнак, дырэктар Бачэйкаўскай сярэдняй школы Бешанковіцкага раёна імя ­М.А.Высагорца, Віцебская воб­ласць:

— Выхаванне працавітасці — адна з найважнейшых задач, якая стаіць перад школай. Педагогі нашай установы адукацыі праз арганізацыю розных відаў дзейнасці імкнуцца прывіваць дзецям сапраўдную любоў да працы. Малодшыя класы на ўроках выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання лепяць, выраза­юць, ствараюць вырабы і назіраюць за парадкам на працоўным месцы. Пачынаючы з 3 класа навучэнцы прыцягваюцца да розных відаў грамадска карыснай дзейнасці: выраб вучэбна-наглядных дапаможнікаў, рамонт падручнікаў, догляд кветкава-дэкаратыўных раслін і вырошчванне прадукцыі для школьнай сталовай. Для навучэнцаў сярэдніх класаў у школе арганізавана работа аб’яднання па інта­рэсах “Юны кветкавод”. Дзеці паліваюць і рыхляць глебу, займаюцца перасадкай і размнажэннем пакаёвых раслін. Школьнікам гэта падабаецца. Можа, таму што яны жывуць у сельскай мясцовасці, дзе бацькі сваім прыкладам вучаць іх працавітасці і тым самым прывіваюць любоў і павагу да роднай зямлі. Дарэчы, у старшых класах на працягу пяці апошніх гадоў функцыянуюць профільныя класы прафесійнай (аграрнай) накіраванасці. Паколькі школа размешчана ў сельскай мясцовасці, у нас ёсць свой прышкольны ўчастак і цяпліца, дзе мы вырошчваем прадукцыю для сталовай. У нашай установе дзейнічаюць два валанцёрскія атрады — “Цімураўцы” і “Клопат”. Юныя валанцёры аказваюць ветэранам педагагічнай працы і адзінокім састарэлым людзям неабходную пасільную дапамогу. Некалькі гадоў назад у школе быў закладзены сад надзеі. Сёлета ён папоўніўся 30 саджанцамі яблынь. А наогул, у школе мы заўсёды працуем разам, ці гэта будзе суботнік, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, ці працоўныя або экалагічныя акцыі. Асабістым прыкладам прывіваем дзецям любоў да працы.

Источник: https://nastgaz.by