РУС БЕЛ ENG 中文

Пра атэстацыю на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і не толькі: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

18.12.2023

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

У настаўніка фізічнай культуры з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй вучань заняў прызавое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ці мае гэты настаўнік права атэставацца на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і якія для гэтага дакументы патрэбны?

Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам сістэмы адукацыі вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101 (далей — Інструкцыя).

Згодна з часткай першай пункта 19 Інструкцыі педагагічныя работнікі могуць прэтэндаваць на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе, якую займаюць, пры наяўнасці стажу работы на гэтай пасадзе тры гады з даты прысваення першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Выключэнне складаюць выпадкі, прадугледжаныя часткамі трэцяй — пятай і сёмай пункта 19, пунк­тамі 20 і 20-1.

З тэкстам Інструкцыі вы можаце азнаё­міцца на афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Названы вамі выпадак Інструкцыяй не прадугледжаны ў якасці падставы для допуску да атэстацыі без уліку стажу работы.

Разам з тым у адпаведнасці з пунктам 20-1 Інструкцыі допуск да атэстацыі на прысваенне вышэйшай катэгорыі без уліку стажу работы можа мець месца ў выпадку атрымання згоды кіраўніка структурнага падраздзялення абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі (у залежнасці ад месца знаходжання ўстановы адукацыі). Такая згода выдаецца па хадайніцтве кіраўніка ўстановы адукацыі або атэстацыйнай камісіі.

***

Педагагічны работнік прыняты ва ўстанову адукацыі да ўступлення ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.10.2023 № 689, вышэйшую педагагічную адукацыю атрымаў ва Украіне. Ці можа гэты педагагічны работнік прэтэндаваць на прысваенне педагагічнай катэгорыі і на якіх умовах?

Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам сістэмы адукацыі вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101.

На думку Міністэрства адукацыі, прыняцце пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.10.2023 № 689 не адмяняе самога факта прызнання дакумента аб адукацыі, атрыманага ва Украіне. Разам з тым, калі грамадзянін не вызвалены ад праходжання працэдуры прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, пры прыёме на работу пасля ўступлення ў сілу гэтай пастановы спатрэбіцца правядзенне такой працэдуры.

Парадак прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўлення іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь вызначаны Палажэннем аб парадку прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўлення іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, прызнання і ўстанаўлення адпаведнасці перыядаў навучання ў замежных арганізацыях, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 09.08.2022 № 518.

Прызнанне дакумента аб адукацыі, выдадзенага асобе ў замежнай дзяржаве, з’яўляецца адміністрацыйнай працэдурай (п. 6.8 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200).

Заява аб прызнанні дакумента аб адукацыі, выдадзенага ў замежнай дзяржаве, і ўстанаўленні яго эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументу аб адукацыі Рэспублікі Беларусь падаецца ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” (адрас: г.Мінск, 220001, вул.Маскоўская, 15, кантактны тэлефон +375 (17) 228-13-13), на афіцыйным сайце якога можна азнаёміцца з поўнай інфармацыяй па гэтым пытанні.

***

Я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Падчас вучобы асвойваў такія дысцыпліны, як асновы псіхалогіі і педагогікі, паліталогія, фізіялогія чалавека і інш. Падкажыце, калі ласка, ці можна з маёй адукацыяй выкладаць у школе? Цікавяць такія прадметы, як “Геаграфія” або “Чалавек і свет”.

Пунктам 1 артыкула 51 Кодэкса Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі вызначана, што асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да педагагічных работнікаў, устанаўліваюцца кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, што зацвярджаюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад педагагічных работнікаў вызначаны Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2020 № 69 (далей — АКДП).

Згодна з АКДП да пасады “Настаўнік” прад’яўляюцца наступныя кваліфікацыйныя патрабаванні: вышэйшая (сярэдняя спецыяльная) адукацыя, адпаведная педагагічнай дзейнасці, або вышэйшая (сярэдняя спецыяльная) адукацыя і перападрыхтоўка па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы, а ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаце, гімназіі-каледжы мастацтваў, ліцэі, ва ўстанове вышэйшай адукацыі пры рэалізацыі адукацыйных праграм сярэдняй адукацыі — вышэйшая адукацыя, якая адпавядае педагагічнай дзейнасці і вучэбнаму прадмету, што выкладаецца, або вышэйшая адукацыя і перападрыхтоўка па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя”, якая адпавядае вучэбнаму прадмету, што выкладаецца, без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы.

Пад адукацыяй, якая адпавядае педагагічнай дзейнасці, у гэтым выпадку трэба ра­зумець адукацыю з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік”, “выкладчык”, “педагог”.

Зыходзячы з выкладзенага, вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” не адпавядае кваліфікацыйным характарыстыкам пасады “Настаўнік”.

***

Ці можна адмовіцца ад харчавання ў школе? Ці ёсць устаноўлены парадак адмаўлення ад харчавання?

Абавязковасць харчавання ў школе не ўстаноўлена. Дакументальнага афармлення адмаўлення ад харчавання не патрабуецца, дастаткова вусна паведаміць аб гэтым класнаму кіраўніку або адміністрацыі ўстановы адукацыі.

 Разам з тым адміністрацыя ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам нясе адказнасць за здароўе навучэнцаў. Адначасова інфармуем, што харчаванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана ў адпаведнасці са спецыфічнымі санітарна-­эпідэміялагічнымі патрабаваннямі, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспуб­лікі Беларусь ад 07.08.2019 № 525.

***

Мой сын у 2024 годзе пасля заканчэння 9 класаў школы хоча паступіць у Ліцэй БДУ ці Ліцэй БНТУ на фізіка-матэматычны профіль. Ці можна падаць дакументы і здаць уступныя экзамены ў абодва названыя ліцэі, каб мець магчымасць паступіць у той з іх, дзе будзе дастаткова набраных балаў па выніках уступных экзаменаў?

Парадак прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў ліцэі, універсітэты вызначаны Правіламі прыёму (залічэння) асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў ліцэях, універсітэтах, зац­верджанымі пастановай Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь ад 17.08.2022 № 270 (далей — Правілы).

Пунктам 8 Правіл устаноўлена, што абітурыенты прад’яўляюць у прыёмную камісію ліцэя, універсітэта дакументы, прадугле­джаныя абзацам першым часткі першай пунк­та 2 артыкула 151 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а таксама дакументы, якія пац­вярджаюць права на льготы (пры наяўнас­ці льгот) і пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі, што выключае магчы­масць удзелу ў конкурсе ў двух ліцэях, універсітэтах адначасова.

Дадаткова інфармуем, што, згодна з пунктам 28, асобы, якія прынялі ўдзел у конкурсе на атрыманне сярэдняй адукацыі ў ліцэях, але па выніках конкурсу не ўвайшлі ў лік навучэнцаў 10-х класаў ліцэяў, маюць права на ўдзел у дадатковым прыёме.

Такім чынам, працэдура паўторнага ўдзе­лу ў конкурсе можа быць рэалізавана пры ўмове правядзення дадатковага прыёму.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: