РУС БЕЛ ENG 中文

Настаўнік назаўжды. Пра вялікі жыццёвы шлях Веры Піліпаўны Цімафеевай

13.12.2023

На жаль, з кожным годам сярод нас усё менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У Воранаўскім раёне ў жывых застаўся толькі адзін — педагог Вера Піліпаўна Цімафеева. У гэтай мілай жанчыны вялікі жыццёвы шлях і вялізны вопыт — ёй ужо 100 гадоў.

Нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Аляксандраўка Харкаўскай вобласці. Веру мабілізавалі ў першы ж дзень вайны. Абмундзіравалі і адправілі за горад на вучэнне. Дзяўчаты вучыліся страляць з вінтоўкі і кулямёта, вадзіць аўтамабіль — рыхтаваліся да работы ў паходных умовах. У 1941 годзе прынялі прысягу і праз месяц паехалі на фронт. Трапілі ў самае пекла — пад Бранск, у невялікі горад Дзядзькава.

У школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі мы знайшлі ўспаміны, запісаныя Верай Піліпаўнай: “Шпіталь размясціўся ці то ў былой школе, ці то ў дзіцячым садку, не памятаю. Разлічаны ён быў на 200 чалавек, а паступіла адразу больш за тысячу. Параненыя ляжалі на падлозе ва ўсіх пакоях і калідорах будынка, у садзе, на прылеглых вуліцах і проста на зямлі. А санітарныя машыны ўсё пад’язджалі і пад’язджалі. Бясконца ішлі аперацыі, перавязкі. Урачы і сёстры літаральна валіліся з ног, засыналі на хаду. Але тут жа падхоп­ліваліся і працягвалі працаваць. Адкуль толькі сілы браліся…”

У шпіталі Вера Піліпаўна шмат чаму навучылася, на некаторых апера­цыях магла замяніць доктара. А перамогу яна сустрэла ва ўсходне-прускім мястэчку Бартэнштат. Потым шпіталь вярнуўся ў Кёнігсберг. І тут Веру адшукаў малады артылерыст капітан Ілья Цімафееў, якога яна выха­дзіла аднойчы ад кантузіі і які пісаў ёй потым лісты. Неўзабаве згулялі вяселле. Начальнік шпіталя падарыў маладым цудоўны сталовы сервіз. У Веры Піліпаўны каля 30 узнагарод, 6 з іх — баявыя.

Пасля вайны больш за 30 гадоў яна ўзначальвала Радунскі дзіцячы яслі-сад, шмат гадоў працавала і пасля выхаду на пенсію. Яе паўвекавы працоўны стаж адзначаны медалём “Ветэран працы”.

Былая медсястра дзіцячага ясляў-сада Ніна Іванаўна Чупрова ўзгадвае: “Як кіраўнік Вера Піліпаўна рабіла ўсё для таго, каб дзіцячы сад квітнеў, камфортна працавалася супрацоўнікам, а бацькі давяралі нам сваіх дзяцей. Пад яе кіраўніцтвам у калектыве склаліся добрыя адносіны паміж выхавальнікамі, дзецьмі і бацькамі. Право­дзіліся ранішнікі, якія далучалі дзяцей да нацыянальных традыцый, не забывалі пра ветэранаў, запрашалі на сустрэчы, віншавалі са святамі”.

Выхавальніца Марыя Віктараўна Верамейчык з любоўю і павагай успамінае тыя гады: “Я працавала ў групе, дзе былі малыя ад 2 да 3 гадоў. Малых вучылі лічэнню, канструяванню, знаё­мілі з навакольным светам. Музыка, маляванне, лепка, стварэнне вырабаў і аплікацый уваходзілі ў абавязковую праграму. Вера Піліпаўна старалася дастаць наглядны матэ­рыял для вырабаў і аплікацый, цікавілася поспехамі дзяцей. Работнікі кухні гатавалі смачныя снеданні, абеды, падвячоркі. Вера Піліпаўна заўсёды сачыла за гатаваннем ежы”.

Калегі Веры Піліпаўны часта ўспамінаюць яе як прафесіянала, добрага чалавека. Дзякуючы Веры Піліпаўне, мы захоўваем памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, прафесіяналізме педагогаў-ветэранаў. Доўгіх ёй гадоў жыцця!

Источник: https://nastgaz.by