РУС БЕЛ ENG 中文

Малады педагог з Зэльвенскага раёна ў рабоце і жыцці прытрымліваецца прынцыпу «ніколі не сядзець на месцы»

12.12.2023

— Чатыры гады вучобы ў Гро­дзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праляцелі вельмі хутка. І ўжо амаль такі ж адрэзак часу на пасадзе настаўніка проста мільгануў перад вачыма, — з усмешкай гаворыць педагог.

За гэты час усе шасцёра яе вучняў сталі быццам родныя. З хваляваннем настаўніца чакае абвяшчэння вынікаў усіх конкурсаў, у якіх яны ўдзельнічаюць. І кожны дзень са шчырай радасцю слухае аповеды вучняў пра тое, як прайшоў іх учарашні дзень.

— З маладым педагогам нам сапраўды вельмі пашанцавала. Заўсёды прыемна, калі ў калектыве з’яўляецца чалавек, які адказна ставіцца да любой справы. Гэта тычыцца і арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу, і грамадскага жыцця школы, — гаворыць намеснік дырэктара на вучэбна-выхаваўчай рабоце Галынкаўскай сярэдняй школы Ірына Сілевонік.

Дастаткова сказаць, што, акрамя прафесійных поспехаў, у скарбонцы дасягненняў Веранікі Іосіфаўны значыцца членства ў Моладзевым парламенце пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь другога склікання. Сёння малады педагог з’яўляецца таксама членам Савета працуючай моладзі пры галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама, знаходзіцца ў перспектыўным кадравым рэзерве Зэльвенскага райвыканкама.

На заканамернае пытанне, як атрымліваецца ўсё гэта спалучаць, педагог з усмешкай заўважае:

— Калі рацыянальна выкарыстоў­ваць час, можна паспець вельмі шмат. Найлепшым настаўнікам планавання і дысцыпліны справядліва лічыцца спорт, а з ім я даўно сябрую. Яшчэ школьніцай захапілася валейболам, наведвала секцыю лёгкай атлетыкі і паспяхова ўдзельнічала ў раённых і абласных спаборніцтвах.

Ужо на другім годзе работы імя Веранікі Бусловіч было ўнесена у Кнігу пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Яна стала лаўрэатам прэміі “Паспяховы старт”.

— Скончыла невялікую Каралінскую школу на Зэльвеншчыне, таму размеркаванню ў сельскую школу была рада: тут мне ўсё знаёма і зразумела. Да таго ж калектыў сустрэў вельмі цёпла. За час работы ні разу не сустрэлася з непаразуменнем, а па параду заўсёды магу звярнуцца да кожнага, — працягвае размову Вераніка Бусловіч.

Галоўным у педагагічнай справе яна лічыць імкненне заўсёды быць на адной хвалі з дзецьмі і іх бацькамі. Толькі ў такім тандэме шлях да ведаў ёй бачыцца камфортным для ўсіх бакоў адукацыйнага працэсу.

З’яўляючыся самым маладым настаўнікам установы адукацыі, Вераніка Бусловіч імкнецца быць яшчэ і самым сучасным з пункту гледжання выкарыстання найноўшых тэхналогій на ўроку. Для гэтага ў Галынкаўскай школе ёсць усе неабходныя ўмовы. У распараджэнні педагогаў — некалькі мультыбордаў.

Маладая настаўніца ідзе па жыцці, прытрымліваючыся прынцыпу “ніколі не сядзець на месцы”, і менавіта з гэтай прычыны праходзіць перападрыхтоўку ў БДПУ. Для чаго? Ужо другі год, акрамя заняткаў у сваіх пачаткоўцаў, яна вядзе ўрокі матэматыкі ў 5 і 6 класах.

І гэта далёка не поўны спіс настаўніцкіх спраў. Экскурсійная дзейнасць Галынкаўскай сярэдняй школы яркая і займальная зноў жа дзякуючы Вераніцы Бусловіч. Навучэнцаў не толькі са свайго класа, а з усёй школы яна возіць па Беларусі. Настаўніца імкнецца адкрываць перад школьнікамі ўсё новыя гарызонты.

У гэтым годзе вельмі захацелася ўнесці ў жыццё новыя фарбы. Вырашыла паспрабаваць свае сілы ў конкурсе “Міс Беларусь” і стала фіналісткай абласнога этапу.

Пра ўдзел у конкурсе “Міс Беларусь” маладая настаўніца нічога не казала вучням. Аднак, калі пасля яго правядзення ўвайшла ў клас, з парога атрымала галоўную пазаконкурсную ацэнку вучняў: “Вераніка Іосіфаўна, вы ў нас самая прыгожая!”

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: