РУС БЕЛ ENG 中文

У мастоўскім дзiцячым садку № 3 дзецям прапаноўваюць цікавыя падарожжы ў мінулае

11.12.2023

Складаюць у цікавай форме сямейныя радаводы, ствараюць лялек-­абярэгаў, лепяць караваі і нават знаёмяцца з будовай кроснаў. У дзіцячым садзе № 3 Мастоў дашкольнікам прапаноўваюць захапляльныя заняткі ў форме падарожжа ў мінулае. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Маршрут такога падарожжа будуецца ў музейным пакоі ўстановы дашкольнай адукацыі “Беларуская хатка”. Сваіх маленькіх гасцей ён знаёміць з традыцыйным побытам беларусаў, а ў дарослых выклікае ўспаміны з дзяцінства.

У адным памяшканні суседнічаюць адразу некалькі тэматычных экспазіцый. Тут і шчодра аздобленыя караваі каля бутафорнай печы, і калыска для немаўляці, і макет мясцовага храма як сімвал прыхільнасці да праваслаўных традыцый, і мініяцюрная калядная батлейка, і ўпрыгожаны расшытым ручніком абраз у сваім традыцыйным месцы — чырвоным куце. Кожная рэч мае цікавую і павучальную гісторыю.

— Кросны родам з майго дзяцінства. Яшчэ маленькай дзяўчынкай з цікавасцю назірала, як пад умелым “дырыжорствам” бабулі нараджалася палатно. Дываны ў нашым музеі, дарэчы, вытканы якраз на гэтым прадмеце экспазіцыі, — гаворыць выхавальніца Ірына Сухоцкая.

У музейным пакоі для выхаванцаў старшай групы арганізаваны заняткі аб’яднання па інтарэсах “Крыніца”. Цікавы дыялог з малымі вядзе не толькі Ірына Сухоцкая, але і запрошаныя майстры народнай творчасці, настаяцель храма Святой Праведнай Соф’і Слуцкай іерэй Іаан Аўсіевіч.

Уважліва прыслухоўваючыся да дыялогу педагога з журналістам, маленькія госці музея з цікавасцю абкружылі кросны. Яны занялі месца ткача і, працягваючы слухаць выхавальніка, з дапамогай уяўлення нібыта ўзяліся за працу.

— Ці адчуе нешта падобнае сучаснае дзіця ў звыклым хатнім асяроддзі? Наш музей адкрывае для малых унікальную магчымасць — дакрануцца да мінулага літаральна, ад­чуць сябе яго часткай, — працягвае Ірына Сухоцкая.

Свой аповед пра мінулае і традыцыі беларусаў музейны пакой пачаў у 2021 годзе. Менавіта з гэтага часу ў дашкольнай установе рэалізуецца інавацыйны праект.

Удзельнікі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі этнічнай сацыялізацыі і фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы навучэнцаў сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” — выхаванцы старшай групы.

— Упершыню ў мінулым навучальным годзе актыўнымі ўдзельнікамі баць­коўскага клуба “Вытокі мудрасці”, які створаны ў рамках інавацыйнага праекта, сталі ў тым ліку бабулі і дзядулі нашых выхаванцаў. Бывалі сустрэчы, якія аб’ядноўвалі ў нашым музейным пакоі адразу тры пакаленні: дзіця з мамай і бабуляй сумесна ляпілі караваі, чыталі вершы і спявалі песні. Такія сустрэчы атрымалі шырокі водгук, таму працягваюцца і ў гэтым годзе, — адзначыла загадчыца дзіцячага сада № 3 Мастоў Святлана Шчука.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: