РУС БЕЛ ENG 中文

Як у рамках інклюзіўнай адукацыі дзецям дапамагаюць адаптавацца і сацыялізавацца?

08.12.2023
Як у рамках інклюзіўнай адукацыі дзецям дапамагаюць адаптавацца і сацыялізавацца? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Вольга САЎЧЫК, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 16 імя А.Сухамбаева Гродна:

— Сучаснае разуменне інклюзіўнай адукацыі заключаецца ў тым, што ўсе дзеці павінны вучыцца ра­зам, калі гэта магчыма, нягле­дзячы на перашкоды і цяжкасці, якія сустракаюцца на іх шляху. У нашай установе адкрыты 9 класаў інтэграванага навучання і выхавання, адзін спецыяльны клас, дзе вучацца дзеці з парушэннямі слыху, кампенсаванага кахлеарным імплантам (або слыхавым апаратам), і дзеці з аўтыстычнымі парушэннямі. Арганізацыя адукацыйнага працэсу для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрабуе стварэння спецыяльнага адаптыўнага асяроддзя. Вучні, якія маюць парушэнні слыху, займаюцца па праграме агульнаадукацыйнай школы, спецыяльнае абсталяванне не выкарыс­тоўваецца. Аднак пры арганізацыі адукацыйнага працэсу настаўнікі ажыццяўляюць індывідуальны і дыферэнцыраваны падыход, прымяняюць метады і прыёмы візуалізацыі вучэбнай інфармацыі. А для навучання дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі праведзена рэарганізацыя школьнага памяшкання. Наш педагагічны калектыў — гэта спецыялісты, якія імкнуцца павышаць узровень свайго прафесійнага майстэрства, наведваюць тэматычныя семінары і канферэнцыі. Кожны педагог, які працуе з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — майстар сваёй справы. У школе дзейнічае творчая група “Школа роўных магчымасцей”, удзельнікі якой право­дзяць кансультацыі па пытаннях навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, распрацоўва­юць метадычныя матэрыялы і право­дзяць мерапрыемствы па фарміраванні талерантных адносін да людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Педагогі, вучні і бацькі талерантна ставяцца да вучняў, якім неабходна дапамога. Набывае актыўны характар валанцёрскі рух. Ужо сталі традыцыйнымі школьныя мерапрыемствы “Дзень добрага сэрца”, “Навагоднія сустрэчы” і “Дні інфармавання аб праблемах аўтызму”.

Наталля МАЛІНОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Заслаўcкай сярэдняй школы № 2 імя М.К.Пуцейкі, Мінская воб­ласць:

— Я цвёрда пераканана ў тым, што інклюзіўная адукацыя ў роўнай ступені спрыяе адаптацыі і сацыялізацыі як дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, так і дзяцей, якія не маюць такіх асаблівасцей. У нашай школе вучацца дзеці з рознымі адукацыйнымі патрэбамі. Сумеснае навучанне, удзел у мерапрыемствах і цікавыя паездкі дазваляюць дзецям з асаблівасцямі ў развіцці заводзіць сяброў, вучыцца выбудоў­ваць узаемаадносіны і ўмацоўваць упэўненасць у сваіх магчымасцях. Адным з яркіх прыкладаў таго, што сацыялізацыя і адаптацыя адбываюцца менавіта ў сумеснай дзейнасці, можна назваць работу ў нашай школе інклюзіўнага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Рука ў руцэ”. Падчас рэалізацыі праекта дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзеці з інваліднасцю атрымалі вопыт самастойнага жыцця, навыкі зносін са звычайнымі аднагодкамі. Для некаторых з іх знаходжанне ў лагеры — адзіная магчымасць правесці доўгі час без бацькоў. Дарэчы, у школе вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню безбар’ернага асяроддзя. Наша ўстанова адна з нямногіх у Мінскім раёне, дзе даступнасць адукацыі для ўсіх катэгорый дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці складае 80%.

Таццяна ПОЛАЗАВА, дырэктар сярэдняй школы № 25 Віцебска:

— Адукацыйны працэс у нашай установе, дзе вучацца 86 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, грунтуецца на ідэях роўнага стаўлення да ўсіх вучняў. Сацыялізацыя і адаптацыя вучняў у рамках інклюзіўнай адукацыі ўключаюць у сябе фарміраванне талерантнага стаўлення, уменне абменьвацца інфармацыяй рознымі спосабамі, стварэнне камфортнага псіхалагічнага клімату ў калектыве. Мы ўпэўнены, што толькі ў цесным узаемадзеянні кіраўніцтва, настаўнікаў-дэфектолагаў, сацыяльна-псіхалагічнай службы школы і бацькоў магчыма стварэнне такой атмасферы, дзе ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу ўмеюць слухаць і разумець партнёра, планаваць і ўзгоднена ажыццяўляць сумесную дзей­насць. Вопыт практычнай работы ў гэтым напрамку паказвае, што паспяховай адаптацыі і сацыялізацыі нашых дзяцей спрыяюць урокі дабрыні, фестывалі, конкурсы, канцэрты, выставы і акцыі. Падчас правядзення такіх мерапрыемстваў ствараецца атмасфера роўнага партнёрства звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Усё гэта сведчыць аб тым, што інклюзіўныя падыходы дазваляюць падтрымліваць дзяцей у навучанні і дасягненні імі поспеху, што ў далейшым стварае магчымасці для іх лепшага жыцця ў грамадстве.

Наталля ГРЫН, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 111 імя М.Каснерыка Мінска:

— Паўнавартасная сацыяльная адаптацыя — гэта асноўная мэта сістэмы адукацыі ў дачыненні да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У нашай школе праграма спецыяльнай адукацыі пабудавана такім чынам, што дазваляе мне ў рабоце ссоўваць акцэнт з набыцця ведаў, уменняў і навыкаў на фарміраванне ў вучняў з асаблівасцямі развіцця жыццёвых кампетэнцый. Гэта значыць, што кожныя заняткі настаўніка-дэфектолага максімальна практыка-арыентаваныя. Што вывучаем, тое і адпрацоўваем, выкарыстоўваем у рэальным жыцці тут і цяпер. Вялікае значэнне мае ўцягванне такіх дзяцей у што­дзённую сумесную з іншымі навучэнцамі вучэбную, творчую, фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць. Так, вучні з АПФР засвойваюць правілы паводзін, сумесных гульняў і нават правілы адпачынку. У заключэнне хачу дадаць, што калі ёсць жаданне, то заўсёды з’яўляецца і тысяча магчымасцей. Інакш у нашай прафесіі нельга.

Святлана ЛІТВІНЮК, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 9 Рэчыцы, Гомельская вобласць:

— Інклюзіўная адукацыя Беларусі пад­разумявае сумеснае навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, уключаючы арганізацыю аб’яднаных вучэбных заняткаў, вольнага часу, і навучэнцаў, якія не маюць такіх абмежаванняў. У нашай школе ёсць класы інтэграванага навучання і выхавання поўнай і няпоўнай напаўняльнасці. Тыя вучні, якія займаюцца ў класах няпоўнай напаўняльнасці, цалкам інтэграваны ў жыццё класа. Настаўнік ажыццяўляе адукацыйны працэс так, што дзеці з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця ўключаны ва ўрок, а таксама ў адукацыйнае жыццё класа. У класах поўнай напаўняльнасці навучэнцы не цалкам інтэграваны ў клас. Але вучэбная праграма спецыяльнай школы для вучняў з цяжкасцямі ў навучанні пятага года навучання скла­дзена так, што большасць тэм адпавядаюць вучэбнай праграме сярэдняй школы 4 класа. Настаўнікі-дэфектолагі і настаўнікі пачатковых класаў нашай школы склада­юць каляндарна-тэматычнае планаванне так, каб вучні з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маглі прысутнічаць у класе на ўроках і быць цалкам уключанымі ў працэс. Таксама дзеці ўсе разам малююць малюнкі на конкурсы, удзельнічаюць у гуртках, секцыях, выставах і канцэртных праграмах.

Источник: https://nastgaz.by