РУС БЕЛ ENG 中文

Алена Ганчарэнка з Зэльвы: «У пачатковай школе, здаецца, як нідзе, дзеці праходзяць праз сэрца настаўніка»

08.12.2023

У жыцці Алены Ганчарэнка з Зэльвы кожны пяты год здараецца так званае настаўніцкае дэжавю. Яна зноў трымае ў руках буквар і вітае нясмелых першакласнікаў. Разам з вопытным педагогам дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы яны штораз 1 верасня пачынаюць цікавы шлях да ведаў. А дзякуючы майстэрскаму падыходу першай настаўніцы да класнага кіраўніцтва, нібы бонусам, атрымліваюць сяброў на ўсё жыццё. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У педагогіцы Алена Уладзіміраўна ўжо 27 гадоў. У ліку яе сённяшніх пачаткоўцаў ёсць дзеці былых выпускнікоў, а часам да педагога па чарзе трапляюць усе дзеці з адной сям’і. На пытанне, у чым сакрэт такой папулярнасці, суразмоўніца сціпла адказвае:

— Проста сапраўды люблю тое, што раблю.

Дастаткова сказаць, што падчас апошніх канікул Алена Уладзіміраўна арганізавала для дзяцей велапрагулку па памятных месцах раёна, а ў дзень сустрэчы з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”, які супаў з Міжнародным днём талерантнасці, класная гадзіна яе вучняў прайшла вельмі незвычайна. У раённым Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі чацвёртакласнікі Алены Уладзіміраўны гулялі з аднагодкамі, забыўшыся пра асаблівасці развіцця выхаванцаў установы спецыяльнай адукацыі.

Вяртаючыся да пачатку размовы, варта адзначыць, што ў педагогіку Алена Ула­дзіміраўна прыйшла дзякуючы натхненню… Натхненню, якое разгледзела ў сваім настаўніку.

— У маім жыцці быў яскравы прыклад Педагога з вялікай літары. Ніна Аляксееўна Чычанкова вяла рускую мову і літаратуру ў роднай школе № 2 у Хойніках, што на Гомельшчыне. Для ўсіх нас яна была прыкладам дабрыні і спагадлівасці, нягле­дзячы на складаны асабісты лёс. Лепш за ўсякія словы аб ёй гаворыць адзін факт: у нашым класе дзевяць чалавек скончылі школу з залатым медалём і ўсе зрабілі выбар на карысць педагагічных спецыяльнасцей.

На Гродзеншчыну Алену Ганчарэнка прывяла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Менавіта з гэтай прычыны ў Зэльву пера­ехала яе сям’я, і ўжо больш за 30 гадоў гэты край для нашай гераіні родны.

— Калі з дзецьмі ідзём кудысьці з экскурсіяй, яны пытаюцца: “Адкуль вы ўсіх ведаеце?” Зэльва — невялікі і ўтульны горад, дзе з усімі вітаюся. Адных вучыла, другія — іх блізкія, а трэція адпачывалі ў лагеры “Блакітная хваля”, дзе на працягу многіх гадоў працую намеснікам дырэктара падчас летняга адпачынку.

Адным словам, Алена Уладзіміраўна на зэльвенскай зямлі асоба вядомая. Да таго ж яшчэ і актыўная, і ў гэтым ёй вельмі імкнуцца адпавядаць вучні. Яны заўсёды ў ліку ўдзельнікаў усіх мерапрыемстваў — ад культурных да спартыўных. І трэці год сярод усіх пачаткоўцаў трымаюць лідарства ў конкурсе на лепшы клас года.

— Мая сям’я, можна сказаць, завочна знаёмая з кожным вучнем, бо ў пачатковай школе, здаецца, як нідзе, дзеці прахо­дзяць праз сэрца настаўніка. З кожным імкнуся падзяліцца ўсім, што магу прапанаваць як педагог.

Такая эмацыянальная шчодрасць заўсёды выклікае спагадлівасць вучняў і бацькоў.

У пачатку года ў рамках школьнага мерапрыемства, прысвечанага прафесіям, многія мамы і таты вучняў Алены Уладзіміраўны гатовы былі прыняць экскурсіі ў сябе на працоўным месцы. Каб паспець усюды, прыйшлося складаць графік.

Для настаўніка межы рабочага часу — паняцце вельмі размытае. Але дома да прафесіі Алены Уладзіміраўны ўсе ставяцца з разуменнем і павагай. Сын часта гаворыць, што захапляецца настаўнікамі, гледзячы на маму, якая ўвесь час у руху. Думаю, не памылюся са здагадкай, што сын па прыкладзе галоўнага педагога ў яго жыцці, які што­дзень аддае сябе справе служэння дзецям, выбраў не менш значны прафесійны шлях — ён вучыцца ў медыцынскім універсітэце.

Источник: https://nastgaz.by