На базе дзіцячага сада №54 Гродна плануюць адкрыць раённы рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні
07.12.2023Калектыў дзіцячага сада № 54 Гродна ўжо многа гадоў працуе ў рэчышчы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту.
Пачуццё патрыятызму шматграннае і змястоўнае. У сваёй дзейнасці супрацоўнікі ўстановы вызначылі тры асноўныя кірункі: любоў да Айчыны; пачуццё прыналежнасці да свайго дому, сям’і, дзіцячага сада, горада і краіны; яскравыя ўспаміны аб месцы, дзе нарадзіўся і жывеш, прыгажосці прыроды роднага краю.
Павага да Радзімы праяўляецца праз развіццё грамадзянскага абавязку, які фарміруем паступова ў працэсе назапашвання ведаў аб жыцці і працы людзей на карысць краіны, гордасці за сваю Айчыну, яе дасягненні, дзяржаўную сімволіку, знакамітых людзей і народных герояў.
Калі маленькае дзіця пераступае парог дашкольнай установы, першае, што аказвае непасрэднае ўздзеянне на яго развіццё, — гэта прадметна-прасторавае асяроддзе. Дашкольная ўстанова і групы аформлены ў беларускім стылі. Адзін з холаў прысвечаны сімволіцы Беларусі, другі — архітэктурным помнікам Гродна, лесвічныя маршы — народным святам. Групы маюць прыгожыя назвы: “Вясёлка”, “Крынічка”, “Званочкі”, “Пралеска”, “Сунічкі” і г.д.
Сіламі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі Г.Ч.Валынец, А.К.Дзерангоўскай, Г.І.Лапацік, Г.Г.Пецкель, Л.М.Сяўко створаны кабінет беларускай творчасці, у якім дзяцей знаёмяць з беларускімі цацкамі, зробленымі з розных матэрыялаў, прадметамі побыту і народных рамёстваў, творамі выяўленчага і фальклорна-прыкладнога мастацтва, а таксама праводзяць майстар-класы для выхаванцаў па вырабе беларускай цацкі. Працягам гэтай работы з’яўляецца супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі з музеем дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі ў Цэнтры рамёстваў “Спадчына”, музеем гісторыі рэлігіі. Як вынік — цікавасць дзяцей да музеяў і стварэнне ва ўстанове адукацыі сваіх міні-музеяў, такіх як “Побыт і праца нашых продкаў”, “Чым багатая беларуская хата”, “Адкуль хлеб прыйшоў”, “Як з’явілася кніга”, “Ваенная тэхніка” і інш. У рабоце міні-музея, створанага ў дзіцячым садзе, удзельнічаюць не толькі педагогі і бацькі, але і самі дашкольнікі.
Дзякуючы творчаму падыходу музычных кіраўнікоў А.А.Нагорнай і К.П.Падгайчанка, і дзецям, і дарослым вельмі весела падчас правядзення народных свят і абрадаў (Дажынкі, Багач, Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Купалле). Далучаючы выхаванцаў да беларускай нацыянальнай абрадавай культуры, педагогі знаёмяць іх з народнымі звычаямі, традыцыямі, народным этыкетам.
Асаблівую ўвагу педагогі ўстановы ўдзяляюць развіццю беларускамоўных зносін дашкольнікаў. Знаёмства дзяцей з роднай мовай пачынаецца з парога дзіцячага сада: словы ветлівасці “добрай раніцы”, “калі ласка”, “дзякуй”, “да пабачэння” дзеці чуюць з ранняга ўзросту кожны дзень. І з кожным годам формы работы з выхаванцамі пашыраюцца і ўскладняюцца, становяцца больш цікавымі, змястоўнымі. Стала традыцыяй 21 лютага адзначаць Дзень роднай мовы. Адным з мерапрыемстваў гэтага дня з’яўляецца літаратурна-музычнае свята роднай мовы, дзе беларуская мова гучыць у вершах, народных гульнях, песнях. Цікава праходзяць мерапрыемствы на беларускай мове, такія як фізкультурная забава “Карагод народных гульняў”, конкурс на лепшае выкананне беларускай народнай калыханкі “Гучы, мая мова, песняй!”, вечар беларускай казкі з драматызацыяй беларускіх народных казак. Далучаць дашкольнікаў да беларускага друкаванага слова дапамагаюць выстава “Літаратурнае суквецце Гародні”, якую праводзяць супрацоўнікі дзіцячага філіяла бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага, і выстава “Беларуская дзіцячая кніга” ў бібліятэцы № 4.
Выхаванцаў знаёмяць не толькі з друкаваным словам, але і з тымі, хто стварае творы для дзяцей. Гасцямі мерапрыемстваў былі гродзенскія пісьменніцы Людміла Кебіч і Ганна Скаржынская-Савіцкая. На сустрэчах з імі дзеці чыталі іх вершы, паказвалі драматызацыю іх твораў, рыхтавалі разам з бацькамі кніжкі-самаробкі па іх казках.
Усведамляючы сваю адказнасць за выхаванне сапраўдных грамадзян сваёй краіны, міралюбівых, талерантных, добразычлівых, калектыў установы дашкольнай адукацыі імкнецца павышаць у дзяцей цікавасць да гісторыі Беларусі, фарміраваць першапачатковыя ўяўленні аб Вялікай Айчыннай вайне, аб подзвігах людзей на фронце і ў тыле, аб цане перамогі. Напярэдадні дзяржаўных свят — Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл — у садзе штогод арганізоўваюць розныя тэматычныя мерапрыемствы і акцыі: урачыстае мерапрыемства з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны “Перамогу памятае Беларусь!”, прагляд слайд-фільма “Дзецям аб вайне”, акцыю “Паштоўка для ветэрана”, музычна-літаратурную вечарыну “Мінулае ў памяці жыве”, музычна-літаратурнае свята “Дзяржаўныя сімвалы мы ведаем!”, спартыўную гульню “Ваенныя вучэнні”, экскурсіі ў музей баявой славы ваеннай часці № 05733 і музей партызанскай славы сярэдняй школы № 22 Гродна.
Да работы педагогаў далучыліся і бацькі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей. Усім запомніліся выстава кніжак-самаробак па беларускіх творах, конкурс беларускай цацкі. Таты і мамы ўдзельнічаюць і ў квестах “Дарогамі Перамогі”, “Мой родны горад”, у фотачэленджы “Па месцах памяці”, у музычным квізе “Галасы Перамогі” па выкананні песні “Дзень Перамогі”, у тэматычным чэленджы “Чытаем вершы на роднай мове”, дапамагаюць педагогам у вырабе дыдактычных гульняў і дапаможнікаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.
Нягледзячы на вельмі багаты вопыт у азначаным кірунку, калектыў установы працягвае распрацоўваць новыя формы работы, дзяліцца шматгадовым вопытам з установамі раёна і горада. Так, на 2024 год запланавана адкрыццё на базе ўстановы раённага рэсурснага цэнтра па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. Матэрыяльна-тэхнічнае і навукова-метадычнае забеспячэнне, кадравы патэнцыял, назапашаны педагагічны вопыт — усё гэта дазволіць на высокім узроўні ажыццяўляць работу рэсурснага цэнтра, накіраваную на метадычнае суправаджэнне дзейнасці педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі і трансляцыю эфектыўнага вопыту работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту.
Источник: https://nastgaz.by