Чаму настаўнікам варта ўспрымаць «Роднае слова» як часопіс для прафесійнага натхнення?
06.12.2023Сёлета 35-годдзе адзначае часопіс для настаўнікаў і ўсіх аматараў роднага слова. Яго так і называюць: часопіс для прафесійнага натхнення.
Пра розныя мовы. Неабходная прадмова
На пачатку 70-х падручнікі мне да школы куплялі бацькі. Прывезлі з Баранавіч і “Родное слово” — для 3 ці 4 класа. Гартаючы кніжку, не мог я ўцяміць: нібыта і блізкае “слово”, але ж іншае. Паказаў маме, яна ўчыталася: “Дык гэта ж на рускай, сынок…” То было дзівам, што прадалі вяскоўцам падручнік для рускамоўных школ. Так і адкрывалася мне, што ёсць слова роднОе — і ёсць рОднае. Пазней спазнаваў тонкасці моўнай светабудовы (спроба самаідэнтыфікацыі, скажуць псіхолагі), дапытваўся ў дарослых: “А палякі ці нашы?..” Тата ж вучыўся ў польскай школе “за польскім часам”, “пад немцамі” рос, а рускую мову асвойваў, калі ўжо “Саветы прыйшлі”… Пад прэсам жыццёвых акалічнасцей у гаворку роднай мне Яцкаўшчыны ўвайшлі розныя іншамоўныя слоўцы: вось і трасянка. Вяскоўцы так называюць корм для каровы ці каня — змешаныя разам сена і салому, звычайна парэзаныя ў сячкарні.
За 35 гадоў часопіс выдаў сапраўдную энцыклапедыю метадычнага вопыту настаўнікаў розных пакаленняў: распрацоўкі ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, дыдактычны матэрыял.
А ці варта казаць, нібыта наша трасянка ёсць сімвал адсталасці? У тэксце Ірыны Багдановіч пра вялікага паэта Уладзіміра Дубоўку знаходзім звесткі: яго бацька Мікалай, “меўшы некалькі дзесяцін зямлі, займаўся сельскай гаспадаркай і выязджаў на заробкі. Ён быў пісьменным чалавекам, ведаў польскую, яўрэйскую і нямецкую мовы, а дзед паэта Тодар валодаў латынню”. Сяляне з такой “трасянкай” многім цяперашнім “адукаванцам” узор для пераймання.
Якое слова больш блізкае сёння школьнікам Беларусі? Па-ранейшаму, як вядома, ёсць школы з беларускай мовай навучання, аднак пераважаюць тыя, дзе прадметы выкладаюцца на рускай. Спрэчкі ж, якая лепшая, напэўна, спараджаюцца дурнотаю і лянотаю. І яны такія ж неэтычныя ў цяперашняй моўнай сітуацыі, як і правакацыйныя пытанні да малога дзіцяці: каго больш любіш — маму альбо тату? І тады бывае бяда, калі па моўнай прыкмеце нехта спрабуе падзяляць людзей на горшых і лепшых, “сваіх” і “чужых”, “нашых” і “не нашых”… Прыклад суседняй Украіны няхай будзе навукай — для тых, хто здольны яе засвоіць.
Пры ўсім тым не варта і сумнявацца: веданне мовы народа, на зямлі якога жывеш, здабыткамі якога карыстаешся, ёсць знак нашай культурнасці. У сёлетняй юбіляркі Яўгеніі Янішчыц ёсць на гэты конт радкі: “Сто гадоў шукай другой красы, // А тым больш, што свет зусім не вузкі. // Ды калі ты не бязродны сын, // Гавары са мной па-беларуску”. Ды і сама родная мова ёсць важны, глыбінны сімвал і аснова як беларускай дзяржаўнасці, так і нашай Бацькаўшчыны. Таму стваральная праца на карысць зберажэння беларускай мовы — справа дзяржаўнай важнасці.
На пачатку 90-х мне пашчасціла працаваць у часопісе “Беларуская мова і літаратура”. Па ініцыятыве крэатыўнага яго стваральніка і кіраўніка Міхася Шавыркіна выданне бурна развівалася, пашырала тэматыку, і заканамерным стаў рэбрэндынг яго ў “Роднае слова”.
Пра тое, чым сёння адметны часопіс, пра кірункі яго далейшага развіцця расказвае галоўны рэдактар выдання Наталля Шапран.
Рэвалюцыя? Эвалюцыя!
— Наталля Мікалаеўна, станаўленне “Роднага слова” прыпала на бурны час: адыходзіла савецкая эпоха, Беларусь толькі станавілася на шлях незалежнасці. Даводзілася чуць нават, нібыта “РС” быў “народжаны рэвалюцыяй”. Але ж мы, хто рабіў тады часопіс, не адчувалі сябе рэвалюцыянерамі…
— Гэта быў, вы памятаеце, час перабудовы. Тады шмат гаварылі пра новую свядомасць, і на той хвалі быў інтарэс у грамадстве да нацыянальных традыцый, роднай мовы і культуры. Так што ўзнікненне часопіса — хутчэй эвалюцыйная з’ява ў нашай гісторыі, чым рэвалюцыйная. Многае тады было ўпершыню: ішлі пошукі ўласнага стылю, назвы, канцэпцыі першага нацыянальнага філалагічнага выдання. Фармат і традыцыі, пачатыя ў той перыяд, прадвызначылі адметнае месца часопіса ў сучаснай культурна-асветніцкай прасторы: гэта ўжо адно з найстарэйшых навуковых выданняў Беларусі. “РС” уключаны ў Пералік выданняў ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацыі вынікаў навуковых даследаванняў, з 2019 года ўваходзіць у структуру выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
— А цяперашні юбілей для вас — гэта…
— Найперш гэта своеасаблівы камертон для штодзённай працы. Зверка гадзіннікаў… Мы зберагаем традыцыі часопіса, нашу гісторыю, багатую на славутыя імёны. Юбілей гучыць чыстай нотай прафесіяналізму “роднасловаўцаў” і адгукаецца чытацкай увагай. Таму не толькі першы, святочны, нумар гэтага года, а і ўсе іншыя ў 2023-м робяцца пад дэвізам “35 гадоў разам”: як даніна павагі традыцыям выдання.
— Па ўсім бачна, юбілей не застаўся без увагі навуковай і педагагічнай грамадскасці.
— Так. З удзячнасцю да ўдзельнікаў згадваем урачысты круглы стол “Феномен навукова-асветніцкай традыцыі часопіса “Роднае слова” ў Нацыянальнай бібліятэцы. Сустрэча была і святочнай, і плённай у творчым сэнсе. Там жа экспанавалася калекцыя аўтографаў класікаў беларускай літаратуры і знакамітых навукоўцаў з архіва часопіса. Гэта вітальныя словы нашаму выданню, мудрыя наказы настаўніцтву і шчырыя выказванні, прысвечаныя роднай мове. Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і многія іншыя творцы. Неацэнны скарб! Для мяне асабіста гэтыя аўтографы, а іх у калекцыі больш за сорак, — найярчэйшае сведчанне плёну “РС”, які варты асэнсавання і развіцця.
— Прыемна ўсведамляць, што некаторыя з аўтографаў атрымліваў ад класікаў і я, у іх кватэрах… А чым адметны сучасны этап развіцця часопіса?
— На сёння “Роднае слова” — адзінае штомесячнае беларускамоўнае выданне, якое комплексна прэзентуе самыя актуальныя даследаванні навукоўцаў краіны ў галіне філалогіі, мастацтвазнаўства, культуралогіі, педагогікі. Часопіс, безумоўна, спрыяе фарміраванню навуковай эліты Беларусі. Мяркуйце самі: толькі за тры апошнія гады апублікавана больш за 100 даследаванняў дактароў навук, больш за 450 — кандыдатаў навук, больш за 150 артыкулаў маладых навукоўцаў. З аўтарскіх цыклаў у “РС” можна сабраць не адну “кнігу” па якой-небудзь тэме яшчэ да таго, як яны складуць асобную манаграфію.
Генерацыя ідэй
— Ведаю, рэдакцыя часопіса выступае па-ранейшаму і як своеасаблівы генератар ідэй…
— Так, мы не толькі асвятляем дасягненні, але ж і генерыруем праекты, скіраваныя на іх актуалізацыю сярод спецыялістаў, якія маюць дачыненне да адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Напрыклад, мінулы год прайшоў для нас пад знакам 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Штонумар выходзілі матэрыялы праекта “І мудрасці, і ведаў храм”: пра гісторыю і таямніцы найстарэйшай кніжнай скарбніцы. Было і асэнсаванне ролі бібліятэк у асветніцкай дзейнасці педагогаў, навукоўцаў, літаратараў, мы расказвалі пра лёсы ўласных бібліятэк знакамітых пісьменнікаў. Мяркуючы па водгуках, праект атрымаўся ўдалы.
Прыкмета фірменнага стылю “Роднага слова” і выпуск тэматычных нумароў, прысвечаных класікам літаратуры, чыя творчасць вывучаецца ў школе і мае вялікі выхаваўчы патэнцыял. Так мы адзначылі юбілеі Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча. Асаблівы рэзананс мелі нумары-альманахі, падрыхтаваныя да 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлета ўбачыў свет нумар, прысвечаны Янку Маўру.
Ці бывае зашмат навуковасці?
— Наталля Мікалаеўна, ці запатрабаваны такія грунтоўныя праекты часопіса ў настаўнікаў? Наколькі арыентавана сёння “Роднае слова” на педагога-практыка?
— Упэўнена, што ў пошуках карыснага і, галоўнае, новага матэрыялу настаўнік-філолаг неаднойчы звернецца да часопісных альманахаў. І пры падрыхтоўцы кожнай публікацыі ў “РС” бярэцца пад увагу патэнцыял яе выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Лічу, што навуковая іпастась выдання толькі ўзмацняе іпастась метадычную.
Праз нашы публікацыі настаўнік далучаецца да падзей у навуковым свеце і трансліруе адкрыцці вучням, напаўняе новым гучаннем традыцыйныя падыходы ў засваенні класічнай спадчыны. Апошняе вельмі важна ва ўмовах асобасна арыентаванага навучання, якое патрабуе ад педагога няспыннага самаўдасканалення. Бывае, праўда, што нас дакараюць: маўляў, занадта далёка нашы аўтары адыходзяць ад школьных праграм. А як жа інакш настаўніку заставацца ў прафесійным тонусе і арыентавацца ў сучасным філалагічным свеце?..
Для прафесійнага натхнення
— Як галоўны рэдактар якім найперш матэрыялам аддаяце перавагу, калі працуеце над зместам чарговага нумара?
— Калі адказваць сцісла, то найперш кіруемся слоганам “Часопіс для прафесійнага натхнення”. Ведаю па чытацкіх водгуках, што сучасны настаўнік мае асаблівую патрэбу ў эксклюзіўным матэрыяле. А, скажам, забытыя фотаздымкі Янкі Купалы, надрукаваныя ў ліпеньскім нумары, могуць стаць эмацыянальным стрыжнем урока. Па творах жывапісу, якія рэдка пакідаюць музейныя сховішчы, але з’яўляюцца на вокладках “РС”, школьнікі пішуць сачыненні. А нашы артыкулы як асвятляюць надзённыя пытанні, так і спрыяюць метадычнай творчасці педагогаў. За 35 гадоў часопіс выдаў сапраўдную энцыклапедыю метадычнага вопыту настаўнікаў розных пакаленняў: распрацоўкі ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, дыдактычны матэрыял… Сёння мы не толькі змяшчаем якасныя напрацоўкі з партфоліа спрактыкаваных педагогаў, але і выступаем ініцыятарамі стварэння такіх метадычных матэрыялаў, якія адпавядаюць тэме пэўнага нумара. Хачу скарыстацца нагодай і падзякаваць аўтарытэтным і мабільным аўтарам, якія фактычна разам з намі працуюць над выпускамі “РС”, за падтрымку такога часопіснага эксперымента. Сярод іх настаўнікі-метадысты М.І.Навумчык і Я.В.Есіс, настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Л.В.Бязручка і Т.В.Лойша, бібліятэкар М.Г.Петрашкевіч і іншыя.
— Бываючы ў камандзіроўках, чую ад настаўнікаў падзячныя словы ў адрас “Роднага слова”. У тым ліку і за вашы конкурсы, у якіх вучні ўдзельнічаюць…
— Гэта яшчэ адна традыцыя “РС”, якой больш за дзесяць гадоў: правядзенне конкурсаў навукова-даследчых і творчых работ сярод старшакласнікаў. Паўдзельнічалі ўжо сотні маладых людзей з усіх рэгіёнаў. Напрыклад, сёлета падвялі вынікі конкурсу “Адрасы роднага слова”, які ладзілі пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
Жывая мова
— Мы часта чуем выслоўе “Мова — жывая душа народа”, яе параўноўваюць з жывым арганізмам, які ўвесь час развіваецца. Як суадносіце вы ў сваёй працы неабходнасць прытрымлівацца традыцый і ў той жа час дапускаць у мову “свежыя павевы”?
— На жаль, праблема правільнасці друкаванага слова сёння стаіць больш востра, чым пытанне яго абнаўлення. Таму лічу, што цяпер куды важней зберагаць традыцыі, да таго ж і акадэмічны характар часопіса засцерагае нас ад паспешлівасці ў моўна-правапісных пытаннях. Заўважаючы новае ў мове, не будзе лішнім дачакацца ўзважанага слова нашых аўтараў-мовазнаўцаў. У гэтым сэнсе “Роднаму слову”, чытачам нашым пашчасціла: у пошуках адказу на тое альбо іншае пытанне мы можам абапірацца на меркаванне аўтарытэтных навукоўцаў. Сотні падрыхтаваных імі публікацый у пастаянных рубрыках “Культура мовы” і “Мовазнаўчы досвед”, часам і ў дыскусійным фармаце, — добрая падтрымка для ўсіх, каму гэта цікава, хто неабыякавы да роднага слова і яму вучыць.
Источник: https://nastgaz.by