РУС БЕЛ ENG 中文

Што здзівіла гасцей з Томска ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 97 Гродна

01.12.2023

У сярэдзіне лістапада дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 97 Гродна гасцінна расчыніў свае дзверы перад гасцямі з Расіі.

Кіраўнікі 23 дашкольных адукацыйных арганізацый Томскай вобласці прыехалі ў наш горад, пераадолеўшы амаль 5 тысяч кіламетраў, каб азнаёміцца з вопытам беларускіх калег у галіне дашкольнай адукацыі. Прадставіў свае напрацоўкі і наш калектыў.

Госці з Томска наведалі цудоўны зімовы сад дашкольнага цэнтра, які ўжо 33 гады насяляюць не толькі экзатычныя расліны, але і прадстаўнікі жывёльнага свету: чарапахі, трусы, папугаі, амадзіны і інш. Нечакана трапіўшы ў лета сярод позняй восені, сібіракі доўга не маглі паверыць, што гэта рэальнасць, а не казка. Шчыра парадаваўшыся за нашых выхаванцаў, якія што­дзень могуць любавацца такой прыгажосцю, госці выказалі жаданне прадоўжыць экскурсію па дашкольным цэнтры.

Паказаць ім вырашылі самае цікавае — арганізацыю даследчай дзейнасці выхаванцаў дашкольнага ўзросту. З мэтай развіцця ў дзяцей даследчых уменняў у нашым цэнтры шмат гадоў працуе гурток “Каркуша”, дзе дзеці вучацца назіраць за аб’ектамі жывой і нежывой прыроды, эксперыменту­юць, выказваюць меркаванні адносна тых ці іншых з’яў і прадметаў, спрабуюць аргументаваць свой пункт погляду, робяць высновы. У юных даследчыкаў ёсць свая дзіцячая лабараторыя з неабходным абсталяваннем: лупамі, мікраскопам, вымяральнымі прыборамі. Дзеці з задавальненнем працуюць тут, а калі ім не хапае інфармацыі, атрыманай у ходзе эксперыментаў, упэўнена звяртаюцца да энцыклапедычнай літаратуры і не саромеюцца задаваць пытанні дарослым.

Гасцям з Томска давялося пабываць на адным з пасяджэнняў юных вучоных і паназіраць за іх работай. Аб’ектам даследавання гэтым разам было паветра. Паўга­дзіны захапляльнай сюжэтна-дыдактычнай гульні “У інстытуце навукі” хапіла для таго, каб уразіць гасцей сабранай дзецьмі інфармацыяй не толькі пра ўласцівасці паветра, але і пра спосабы яго выкарыстання чалавекам. Усё, пра што даведаліся юныя вучоныя, было запісана з дапамогай схематычных малюнкаў у спецыяльныя дзённікі даследчыкаў і агучана адным з дакладчыкаў у фінале мерапрыемства.

Дзве з паловай гадзіны актыўных зносін дазволілі зразумець, што, нягледзячы на адлегласць паміж Гроднам і Томскам, дашкольная адукацыя дзвюх краін мае шмат агульнага: у нас аднолькавыя мэты, задачы, мы хочам выгадаваць здаровых, разумных дзяцей, якія любяць сваіх бацькоў, свой горад, сваю краіну.

Цікавай для гасцей атрымалася і экскурсія па выставе, экспанатамі якой сталі прадукты праектнай і даследчай дзейнасці выхаванцаў дашкольнага цэнтра, іх баць­коў і педагогаў. Тут былі прадстаўлены самаробныя беларускія народныя лялькі, генеалагічныя дрэвы, нетрадыцыйнае абсталяванне для даследчай дзейнасці, вырабы з пластыку, якому далі другое жыццё.

Напрыканцы сустрэчы жыхары Томска пачулі жывую беларускую гаворку: гасцям расказалі пра самаробную ляльку-абярэг “Падарожніца”, пасля чаго кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў гэты сімвалічны падарунак.

Дзякуючы за гасціннасць, кіраўнікі дашкольных адукацыйных арганізацый Томска не скупіліся на добрыя словы. А на развітанне загадчыца Ірына Кітлер з Томска перадала для нашых выхаванцаў ілюстраваную кнігу-пісьмо ад дашкольнікаў сваёй установы, якія вельмі цікава і даступна расказалі беларускім аднагодкам пра горад Томск. Яскравыя малюнкі маленькіх сібіракоў і шчырыя словы запрашэння да сябе ў госці зрабілі сваю справу: у нашых выхаванцаў зарадзілася мара аб падарожжы ў Сібір.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: