РУС БЕЛ ENG 中文

У сярэдняй школе № 3 Ашмян выбудавана свая сістэма работы з адоранымі навучэнцамі

17.11.2023

Кожнае дзіця па­-свойму адоранае, упэўнены педагогі сярэдняй школы № 3 Ашмян, таму развіваюць у дзецях творчыя, даследчыя, спартыўныя і пазнавальныя здольнасці з першага класа.

Спачатку была творчасць

Ужо каля 30 гадоў школьнікі, пачынаючы з 1 класа, вучацца танцаваць, маляваць, спяваць, іграць на музычных інструментах. Сёння тут можна пачуць гукі фартэпіяна, баяна, цымбалаў. Творчасцю займаюцца каля 30% хлопчыкаў і дзяўчынак у класах эстэтычнай накіраванасці, якія ёсць у кожнай паралелі з 1 па 9 клас.

— Паступаючы ў школу, першакласнікі па жаданні праходзяць творчы адбор у гульнявой форме. Ёсць у нас і такія вучні, якія ў пачатковых класах асвойваюць адначасова некалькі эстэтычных напрамкаў, напрыклад, вучацца спяваць і маляваць, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Кумпіцкая. — Праўда, з 5 класа дзецям усё ж даводзіцца вызначыцца з выбарам аднаго эстэтычнага кірунку, бо вучэбная нагрузка значна ўзрастае. Кожны год юныя таленты здаюць выніковы залік у форме выставы ці канцэрта, а пасля заканчэння 9 класа ў іх пасведчаннях аб базавай адукацыі з’яўляецца запіс аб тым, што навучэнцы наведвалі факультатыўныя заняткі музычнай, мастацкай і харэаграфічнай накіраванасці.

У школе працуюць тры калектывы, якім за доўгія гады паспяховай дзейнасці прысвоена званне “ўзорны”. Гэта студыі выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль”, хор “Тоніка” і ансамбль цымбалістаў “Перазвон”. Штогод на іх рахунку каля 100 прызавых месцаў у самых розных конкурсах.

Інавацыйныя праекты

— З 2017 года на базе школы рэалізуюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты, у якіх удзельнічаюць навучэнцы 1—4 класаў. Першай інавацыяй, якую мы ўкаранялі пад кіраўніцтвам прафесара кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога ІРА Святланы Гін, стаў праект па выяўленні высокаматываваных дзяцей “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, — удакладняе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Яскель. — На працягу чатырох гадоў з дапамогай псіхалагічных тэстаў, заліковых і алімпіядных работ педагогі не толькі выяўлялі высокаматываваных дзяцей, але і развівалі ў іх імкненне да пазнання, крытычнае мысленне, лідарскія якасці.

У ходзе рэалізацыі праекта школьнікі ўдзельнічалі ў партнёрскіх алімпіядах, якія праводзіліся паміж установамі адукацыі розных абласцей, у днях самаадукацыі: кожны апошні дзень чвэрці адводзіўся самастойнай рабоце з энцыклапедычнай літаратурай. Таксама праводзілася цікавая групавая работа, у працэсе якой дзеці ў класе выконвалі ролі каардынатара, рэпетытара, трэнера і аніматара. Так, каардынатар адказваў за арганізацыю работы групы на ўроку, рэпетытар — за паўтарэнне вывучанай тэмы, аніматар — за выкананне задання гульнявой або зай­мальнай накіраванасці, а трэнер адказваў за заданне павышанага ўзроўню. Такім чынам малодшыя школьнікі вучацца камунікаваць у калектыве, рабіць аргументаваны выбар, працаваць з інфармацыяй, становяцца больш самастойнымі і адказнымі, у іх фарміруецца адэкватная самаацэнка. Такая методыка — “КАРТ” — дазваляе дзецям зразумець, што ўрок з’яўляецца рэалізацыяй іх інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу. А сістэматычнае выкарыстанне гэтай методыкі спрыяе глыбокаму засваенню вучэбнага матэрыялу, узнікненню ў вучняў цікавасці і задаволенасці не толькі вынікамі, але і самім працэсам навучання.

Зараз ва ўстанове адукацыі рэалізуецца чарговая інавацыя — рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі шматмернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў”. Навучэнцы пачатковых класаў асвойваюць тэхналогіі шматмернага чытання, адпрацоўваючы чытацкія навыкі: на невялікіх урыўках тэксту дзеці вучацца чытаць уважліва, удумліва, звяртаючы ўвагу на дэталі, працуючы з табліцамі, дыяграмамі, суцэльнымі і несуцэльнымі тэкстамі.

Пераемнасць у адукацыйным ланцужку

Пачынаючы з другога класа, малодшыя школьнікі робяць першыя крокі ў алімпіядным руху: удзельнічаюць у школьных алімпіядах па розных вучэбных прадметах, якія праводзяцца некалькі разоў на год. Педагогі прыглядаюцца, хто да чаго праяўляе ціка­васць і схільнасць, ацэньваюць узровень ведаў вучняў. Прымеціўшы найбольш здольных, матываваных, мэтанакіраваных дзяцей, прапаноўваюць ім займацца дадаткова на факультатыўных занятках.

Акрамя таго, навучэнцы пачатковых класаў — актыўныя ўдзельнікі конкурсу даследчых работ для малодшых школьнікаў “Я спазнаю свет”, які праводзіцца на Гро­дзеншчыне з 2017 года. Штогод у скарбонцы юных знаўцаў прызавыя месцы на ўзроўні вобласці. Такім чынам ужо на першай ступені адукацыі педагогі далучаюць вучняў да даследчай, пошукавай і праектнай дзейнасці.

У 5—8 класах юныя разумнікі і ра­зумніцы працягваюць удасканальвацца ў алімпіядным руху, удзельнічаюць і перамагаюць у абласных алімпіядах па грамадазнаўстве, рускай і беларускай мовах, фізічнай культуры. Таксама хлопцы і дзяўчаты працягваюць актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці, паспяхова выступаюць са сваімі работамі на канферэнцыі “Крышталёвая Альфа”, канферэнцыі эколага-біялагічных работ, канферэнцыі “Таленты XXI стагоддзя”, у конкурсе “Тэхна­Інтэлект”.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Святланы Бабраўніцкай школьнікі вывучаюць экалагічныя тэмы, даследуюць рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Малады педагог Дзіяна Дорнік зацікаўлівае навучэнцаў алімпіядным рухам, а таксама даследаваннем расліннага і жывёльнага свету роднага краю, напрыклад, вывучэннем біялагічных і экалагічных аспектаў варанавых на тэрыторыі Ашмянскага раёна.

— У даследаваннях заўсёды ўдзельнічае група школьнікаў. Мы бяромся за актуальныя і перспектыўныя тэмы, — расказвае Святлана Аляксандраўна. — Даследаванне павінна быць займальным для дзяцей. Калі яно падагравае дапытлі­васць, дзецям становіцца цікава самастойна разважаць, развіваецца іх інтэлектуальны патэн­цыял, узнікае жаданне здабываць веды і прымя­няць іх на практыцы. Даследчая работа можа дапрацоўвацца і трансфармавацца. Нярэдка ўдалае даследаванне для навучэнцаў 9—11 класаў становіцца пропускам у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Дарэчы, летась 12 юнакоў і дзяўчат прайшлі там навучанне. Пазалетась — 6 чалавек.

У мінулым годзе пад кіраўніцтвам Святланы Бабраўніцкай дзесяцікласніца Кацярына Шыманская разводзіла з аднакласнікамі ў пажыўным асяроддзі мікраарганізмы, якія потым выкарыстоўвала ў якасці ўгнаення пры вырошчванні перцу і садовага гарошку. Сваю работу па вырабе біяпрэпаратаў, якія ўплыва­юць на рост раслін, старшакласніца прадставіла ў заяўцы для навучання па кірунку “Біятэхналогіі” ў дзіцячым тэхнапарку. А падчас вучобы там узялася даследа­ваць устойлівасць глебавых мікраарганізмаў да солей цяжкіх металаў. У верасні гэтага года Кацярына прайшла навучанне па кірунку “Інжынерная экалогія” і пасля паспяховай абароны праекта дыстанцыйна вучыцца ў сферы экадызайну, працуе над тым, як выра­шыць праблему забруджвання навакольнага асяроддзя, мінімізаваць адходы з пластыку. У снежні дзяўчына плануе прайсці яшчэ адзін курс вочнага навучання ў тэхнапарку.

Спорт заўсёды побач

Спорту і фізвыхаванню ў школе ўдзя­ляецца не менш увагі. Сёння тут працу­юць чатыры настаўнікі фізічнай культуры. Установа адукацыі займае ў раёне лідзіруючыя месцы ў розных спартыўных конкурсах і спаборніцтвах. Хлопчыкі і дзяўчынкі з 5 класа вучацца ў аб’яднаннях па інтарэсах меткай стральбе, плаванню, асвойва­юць лёгкаатлетычныя віды спорту, гуляюць у валейбол, баскетбол, футбол. Школьнікі — актыўныя ўдзельнікі разнастайных спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню.

Не першы год функцыянуе ва ўстанове і спартыўны клас. Зараз яго вядзе настаўнік фізічнай культуры Віктар Багдановіч. А пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка фізкультуры Часлава Унукевіча дзеці дэманстру­юць поспехі ў летнім і зімовым мнагаборствах “Абаронца Айчыны”, “Здароўе”, удзельніча­юць у алімпіядзе па фізічнай культуры.

Улічваючы шырокі спектр адукацыйных напрамкаў, прадстаўленых ва ўстанове адукацыі, нядзіўна, што кожны школьнік можа выбраць тую траекторыю асобаснага развіцця і росту, якая яму бліжэй. Пры гэтым, па назіраннях педагогаў, нямала тых навучэнцаў, якія адначасова рэалізуюцца ў творчасці, спорце і навуцы. Сярод іх васьмікласніцы Настасся Гарбаковіч, Караліна Сазановіч, Настасся Бражыцкая і Валерыя Бабраўніцкая, якія вучацца ў эстэтычным класе, спрабуюць сябе ў алімпіядах і ўдзель­нічаюць у навукова-практычных канферэнцыях. Рознабаковыя інтарэсы праяўляюць таксама пяцікласнікі Ульяна Зінкевіч і Кірыл Сліжоў.

Источник: https://nastgaz.by