Чаму навыкі самакантролю і самаацэнкі — важная частка вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў
02.11.2023Патрэба ў самакантролі будзе падштурхоўваць вучня, патрабаваць ад яго ўважлівага аналізу, абагульнення, абгрунтавання і самаправеркі кожнага кроку сваёй дзейнасці.
У працэсе работы над фарміраваннем навыкаў самакантролю ў вучняў выпускных класаў выкарыстоўваю элементы тэхналогій праблемнага і развіццёвага навучання, развіцця крытычнага мыслення. Паколькі сэнс самакантролю ў своечасовым папярэджванні або знаходжанні памылак, то, абапіраючыся на методыку і вопыт калег, выпрацавала сваю сістэму работы ў гэтым кірунку.
Метады самаправеркі і ўзаемаправеркі рэалізую праз наступныя прыёмы знешняй арганізацыі самакантролю: самаправерка па ключы; узаемаправерка з суседам па парце; выбарачная праверка; зверка з узорам пры дапамозе слоўніка, табліцы або схемы; зверка з аналагічным заданнем; зверка з адказам аднакласніка; маналагічныя адказы па тэме; падбор прыкладаў і праверачных слоў; прагаворванне; выкананне дзеянняў па алгарытме; мадэляванне; тлумачэнне выбару; работа з падручнікам; самастойнае прыдумванне заданняў па тэме; параўнанне; работа над памылкамі. Урокі работы над памылкамі арганізую як самастойнае запаўненне табліцы з графамі “Правільна”, “Правіла”, “Прыклад”. У час адпрацоўкі памылак арганізую работу ў пары, раю дапамагчы суседу па парце сфармуляваць правіла, падабраць прыклад. У працэсе такой работы імкнуся вырашыць задачы засваення cістэмы сінтаксісу складанага сказа, развіцця арфаграфічнай пільнасці, фарміравання пунктуацыйных навыкаў.
Кожная з пастаўленых задач патрабуе пэўнага віду дзейнасці. Для рэалізацыі першай задачы прапаноўваю выпускнікам заданні на знаходжанне складаных сказаў, выдзяленне пэўных відаў, характарыстыку і ўсведамленне іх структуры. Для рэалізацыі другой і трэцяй задачы імкнуся выкарыстоўваць разнастайныя віды практыкаванняў для фарміравання правільнага пісьма, якое магчыма толькі пры свядомым падыходзе з боку вучня да правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Добрыя вынікі даюць дыктоўкі. Асабліва эфектыўнымі лічу слоўнікавыя, зрокавыя і лічбавыя размеркавальныя, таму што яны дазваляюць мне эканоміць час на ўроку, засяроджваюць увагу на пэўных арфаграмах, садзейнічаюць узбагачэнню слоўніка вучняў, дапамагаюць ім засвоіць сістэму сінтаксісу складанага сказа.
Пры выкананні размеркавальнага лічбавага дыктанта “Бяззлучнікавыя, складаназлучаныя і складаназалежныя сказы” вучні павінны згрупаваць нумары адпаведных сказаў:
1. Да кніжак тут усе сышліся, ды разважанні пачаліся.
2. Пакуль малады, не страшны ні гарачыня, ні халады.
3. Узыходзіць месяц, шчодрым засевам высыпаюць на небе па-асенняму яркія зоркі.
4. Пасееш у пару — будзеш мець хлеба гару.
5. Ля падножжа гор разлягліся сіняватыя цені, а некаторыя вяршыні гараць у апошніх промнях сонца.
6. То нямеюць нівы ў полі, то дрыжыць пяшчотна гай.
7. Стол у хаце заўсёды быў дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом.
8. Старыя яліны высока ўзнялі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоры.
9. На дварэ было цёмна, затое яснымі былі думкі ў чалавека.
10. Каму прыходзілася хоць раз пабачыць гэты куток, той, напэўна, не забудзе яго ніколі.
У перыяд падрыхтоўкі да экзамену многія вучні 9 класа набываюць зборнік экзаменацыйных пераказаў, таму ёсць магчымасць азнаёміцца з тэкстам, разабраць цяжкія для напісання словы і сінтаксічныя канструкцыі. Пасля прашу вучняў закрыць тэкст і пісьмова пераказаць яго для далейшай самаправеркі. Рыхтуючыся да ўрока, выпісваю да тэмы са зборніка сказы і словы, з якіх рыхтую заданні, карткі, слоўнікавыя дыктанты. У рабоце са старшакласнікамі часта выкарыстоўваю тэставыя заданні, таму што яны даюць магчымасць праявіць самастойнасць, індывідуальнасць, садзейнічаюць фарміраванню самакантролю, дазваляюць выявіць прычыну нізкага выніку. Гэтыя заданні падабаюцца мне хуткасцю працэдуры, дакладнасцю ацэнкі, аднак не могуць быць асноўнай формай, бо маюць недахопы: немагчыма прасачыць логіку вучня і верагоднасць угадвання адказаў.
1. Заданні, накіраваныя на засваенне сістэмы сінтаксісу складанага сказа:
- скласці складаныя сказы па схемах;
- пабудаваць схемы складаных сказаў;
- выканаць сінтаксічны разбор складаных сказаў;
- выпісаць з прапанаванага тэксту складаныя (складаназлучаныя, складаназалежныя, бяззлучнікавыя, камбінаванай будовы) сказы, абгрунтаваць свой выбар;
- падрыхтаваць вуснае выказванне па тэме “Складаны сказ” на аснове матэрыялу падручніка;
- скласці кластар (схему) па тэме “Складаназалежны сказ з даданымі акалічнаснымі часткамі” (па іншай аб’ёмнай тэме);
- прапанаваць алгарытм, па якім можна адрозніць адзін від складанага сказа ад другога;
- скласці ўласны тэкст-апісанне (або іншага тыпу) з выкарыстаннем складаных сказаў камбінаванай будовы;
- лічбавы дыктант (размеркаваць нумары прадыктаваных сказаў па групах: складаназалежны, складаназлучаны, бяззлучнікавы).
Варыянты тэставых заданняў адкрытага (частка А) і закрытага (частка В) тыпу для самаправеркі:
- адзначыць складаныя сказы, якія адпавядаюць пэўнай схеме;
- адзначыць складаныя сказы, якія складаюцца з 3 (4, 5) частак;
- знайсці характарыстыкі, якія адпавядаюць дадзенаму сказу;
- знайсці складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, запісаць від падпарадкавальнай сувязі;
- вызначыць і запісаць колькасць састаўных частак у дадзеным складаным сказе з рознымі відамі сувязі;
- знайсці складаны сказ з рознымі відамі сувязі, запісаць від сувязі на першым узроўні члянення;
- адзначыць сказы з бяззлучнікавай і падпарадкавальнай сувяззю (злучальнай і бяззлучнікавай або іншымі відамі сувязі);
- устанавіць адпаведнасць паміж сказамі і іх схемамі;
- адзначыць правільнае сцвярджэнне;
- знайсці правільны разбор па членах сказа;
- адзначыць, пры дапамозе якіх сродкаў звязаны паміж сабой сэнсавыя часткі ў складаным сказе.
2. Заданні, накіраваныя на развіццё арфаграфічнай пільнасці вучняў 9 класа:
- уставіць прапушчаныя ў тэксце літары;
- выправіць памылкі ў чыстым тэксце:
Нядаўна яшчэ тут шумела залатым калоссем збажына, а над ёй, у шырокім блакіце неба незмоўклымі званочкамі ліліся песні вясновых жаўрукоў.
У канцы лета жыта сжалі і па ўсім полі паставілі залацістыя сцірты духмянай саломы.
У адно вераснёўскае ранне ўвесь ржэўнік раптам застрыкацеў рамонкам. Яго столькі тут закрасавала, што поле зрабілася белае;
- скласці ўласны слоўнікавы дыктант;
- падабраць уласныя прыклады да правіла;
- выканаць арфаграфічны разбор;
- утварыць словы пры дапамозе прапанаванай марфемы (напрыклад, прыметнікі ад назоўнікаў пры дапамозе суфікса -ск-);
- раскрыць дужкі (правапіс слоў праз злучок):
пяцідзесяці(тонны), грос(майстар), борт(інжынер), жар(птушка), паў(горада), паў(Мінска), анты(рэклама), абы(куды), блакітна(шэры), беларуска(польскі), заходне(беларускі), вечна(заняты), кісла(салодкі), вечна(зялёны), дзевяноста(гадовы), такі(заснуў), вастра(вухі), усё(ж)такі, паўднёва(заходні), дзе(небудзь), двух(ярусны), з(за)хмары, сам(насам), інжынер(канструктар), лірыка(эпічны), шырока(экранны), байка(пісец), параўнальна(вялікі), шмат(значнае), бульба(сховішча), супер(вокладка);
- перакласці словы з рускай мовы на беларускую:
аттракцион, вариант, геология, гладиолус, ориентир, мельхиор, диагноз, марионетка, диалект, биатлон, бастион, библиограф, стадион, океан, миллион, авиация, теория, регион, биология, клиент, теория, киоск, шпион, леопард, аукцион, диагноз, олимпиада, идеология, официант, районный, иероглиф, сиамский.
- разнесці словы слоўнікавага дыктанта ў дыягнастычную карту па прынцыпе: “ведаю дакладна”, “сумняваюся”, “не ведаю”;
- скласці алгарытм прымянення правіла;
- параўнаць напісанне спрадвечнабеларускіх і запазычаных слоў у межах правіла;
- запісаць словы па фанетычнай транскрыпцыі.
Трэнінгі, тэставыя заданні для самакантролю і далейшай карэкціроўкі ведаў:
- адзначыць словы, у якіх вымаўленне не супадае з напісаннем;
- адзначыць выпадкі, калі пры ўтварэнні патрэбнай формы назоўніка адбываецца чаргаванне зычных х/с, к/ц;
- адзначыць словы, у якіх на месцы пропуску пішацца я (іншая літара);
- знайсці словы, у якіх напісанне выдзеленых галосных не залежыць ад месца націску;
- выканаць трэнінгі “Вялікая ці малая літара”, “Марфалагічнае падваенне ці фанетычнае падаўжэнне”, “Знайдзі і выпраў памылку” і іншыя.
3. Заданні, накіраваныя на фарміраванне пунктуацыйных навыкаў:
- лічбавы дыктант (нумары прапанаваных сказаў вучні размяркоўваюць па калонках у залежнасці ад таго, які знак трэба паставіць паміж часткамі складанага бяззлучнікавага сказа);
- паставіць прапушчаныя знакі прыпынку ў прапанаваным тэксце, растлумачыць іх;
- скласці вуснае выказванне “Знакі прыпынку паміж часткамі складаназлучанага сказа” на аснове матэрыялу падручніка;
- дыктант з узаемаправеркай;
- зрокавы (з папярэдняй падрыхтоўкай) дыктант з самаправеркай;
- складанне ўласнага тэксту (напрыклад, тэксту-апісання пейзажнай замалёўкі з выкарыстаннем складаназалежных сказаў);
- выправіць пунктуацыйныя памылкі ў прапанаваных сказах:
1. Прыемна пачуць, што дзеці дапамагаюць дарослым і што яны шмат чытаюць, і што многія вучацца выдатна.
2. Думайце сабе, што хочаце.
3. Трэба падумаць, і як павіншаваць пераможцаў.
4. Марына цікавілася, не калі прыбудзе аўтобус, а хто з запрошаных прыедзе;
- падабраць уласныя прыклады ў час самастойнага выканання работы над пунктуацыйнымі памылкамі.
Выбраныя мною метадычныя прыёмы і сістэма заданняў з’яўляюцца эфектыўнымі і даюць станоўчыя вынікі: вучні паступова пачынаюць працаваць усвядомлена, удумліва. Аналізуючы вынікі пісьмовых работ і экзамену па беларускай мове за курс базавай школы, магу адзначыць, што я дабілася значнага павышэння якасці ведаў вучняў.
Фарміраванне навыкаў самакантролю ў старшакласнікаў дае магчымасць настаўніку стварыць умовы для эфектыўнага назапашвання вучнямі ўласнага вопыту; павышэння матывацыі да вывучэння прадмета, да самастойнай работы і планавання дзейнасці; скіроўвання вучняў да аналізу і выпраўлення памылак, фарміравання ў іх адэкватнай самаацэнкі.
Источник: https://nastgaz.by