РУС БЕЛ ENG 中文

Як інтэграваныя прафесіі Ашмянскага каледжа павышаюць канкурэнтаздольнасць маладых спецыялістаў

01.11.2023

У Ашмянскі дзяржаўны аграрна-­эканамічны каледж прыязджаюць вучыцца юнакі і дзяўчаты не толькі з розных раёнаў Гродзеншчыны, але і з усіх куткоў нашай краіны. Тут рыхтуюць тэхнічных спецыялістаў для сельскай гаспадаркі і кадры эканамічнага профілю. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У пошуку прафесіі

— Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж — адна з найста­рэйшых устаноў адукацыі сельскагаспадарчага профілю з развітой матэрыяльна-тэхнічнай базай, надзейны пастаўшчык кадраў для арганізацый аграпрамысловага комплексу. Зрэшты, мы прапаноўваем абітурыентам асвоіць і запатрабаваныя сёння прафесіі бухгалтара, праграміста, кухара, прадаўца, электра­зваршчыка, муляра. У нас вучацца выпускнікі як школ, так і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі, — рас­казвае Віктар Вайшнаровіч, выпускнік установы адукацыі і цяперашні яе кіраўнік. — Адукацыйны і выхаваўчы працэсы будуюцца на аснове сучасных патрабаванняў, стандартаў і інавацыйных тэхналогій. Нашы навучэнцы ўсебакова развіваюцца, займаючыся навукай, творчасцю, спортам, удзельнічаюць і перамага­юць у конкурсах прафесійнага майстэрства.

Сярэднюю спецыяльную адукацыю боль­шасць навучэнцаў атрымліва­юць пасля 9 класаў. За 3 гады 10 месяцаў вучобы на дзённым аддзяленні можна стаць тэхнікам-праграміс­там, а пасля 3 гадоў вучобы — бухгалтарам. Таксама прафесіяй бухгалтара можна авалодаць завочна пасля 11 класаў на працягу 2 гадоў 8 месяцаў. Ёсць абітурыенты, якія працягваюць вучобу ў каледжы пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі і становяцца тэхнікамі-механікамі. Такія навучэнцы як на дзённай, так і на завочнай форме навучання асвойваюць спецыяльнасць “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”. Завочна вучыцца на год больш — 2 гады 10 месяцаў.

Сёння ў каледжы 718 навучэнцаў. З іх 629 чалавек вучацца на дзённым аддзяленні, а 89 асвойваюць прафесію завочна. Гэта адзіны з трох каледжаў рэгіёна, дзе моладзь атрымлівае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Усе выпускнікі забяспечваюцца першым працоўным месцам.

На ўзроўні ПТА падрыхтоўка рабочых вядзецца на аснове інтэграванай сістэмы навучання: у асноўным юнакі асвойваюць адразу некалькі спецыяльнасцей і набываюць адначасова 2—3 кваліфікацыі. Так, пасля 9 класаў, асвоіўшы спе­цыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, выпускнікі становяцца слесарамі па рамонце сельгасмашын, трактарыстамі-машыністамі, а яшчэ вадзіцелямі аўтамабіля ка­тэгорыі С. Дарэчы, менавіта гэтыя спецыялісты сёння найбольш запатрабаваныя ў заказчыкаў кадраў. Усяго ў каледжы па гэтым профілі вучацца 177 чалавек.

Тыя, каго цікавяць агульнабудаўнічыя і зварачныя работы, атрымліваюць прафесію муляра, арматуршчыка і электразваршчыка ручной зваркі. Хто выбірае для вывучэння спецыяльнасці “Гандлёвае абслугоў­ванне” і “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні”, у перспектыве стане прадаўцом або кухарам. Для адзінаццацікласнікаў, якія вырашаюць атрымаць рабочую прафесію, прадугледжана адначасовае навучанне па спецыяльнасцях “Зварачныя работы” і “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”. Пасля года навучання яны змогуць працаўладкавацца вадзіцелямі або электразваршчыкамі.

Інавацыі, даследаванні, праекты

— Мы ўжо шмат гадоў арганізоўваем навучанне па інтэграваных прафесіях. Такі адукацыйны падыход значна павышае канкурэнта­здольнасць нашых выпускнікоў, павялічвае іх шансы на прафесійнае самавызначэнне і працаўладкаванне, — пералічвае асаблівасці адукацыйнага працэсу намес­нік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Аксана Суравец. — Сёлета, зыхо­дзячы з пажаданняў заказчыкаў кадраў, былі істотна павялічаны лічбы набору будучых бухгалтараў і трактарыстаў-машыністаў з навыкамі слесара. Дарэчы, сярод апошніх у гэтым го­дзе да нас паступілі 17 мэтавікаў. Прафесія, якая не першы год прыцягвае ўвагу абітурыентаў з розных куткоў нашай краіны, — тэхнік-праграміст.

З гэтага навучальнага года ў каледжы актыўна ўкараняецца інавацыйны праект па фінансавай дасведчанасці, разлічаны на некалькі гадоў. Яму папярэднічала трохгадовая эксперыментальная дзейнасць, падчас якой высветлілася, што, пагрузіўшыся ў вывучэнне законаў свету грошай і фінансаў, навучэнцы трох груп павысілі сваю фінансавую дасведчанасць з 30% да 70%.

— А цяпер мы перайшлі на новую практычную стадыю, у якой задзейнічаны юнакі і дзяўчаты з усіх груп 1—3 курсаў, — удакладняе метадыст Вольга Баравікова. — Правільнае вядзенне персанальных фінансаў, базавыя фінансавыя веды, лічбавыя фінансавыя тэхналогіі, падатковую дасведчанасць, асновы страхавой дзейнасці, правы і абавязкі спажыўцоў фінансавых паслуг — усё гэта нашы падапечныя будуць вывучаць на вучэбных і пазакласных занятках, факультатыўна, у аб’яднаннях па інтарэсах, на інфармацыйных гадзінах, а таксама падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Напрык­лад, заняткі па матэматыцы, фінансах і крэдыце, бухгалтарскім уліку ў рамках тыдняў цыклавых камісій можна праводзіць у форме тэматычнай віктарыны, гульні або квеста. На пазакласных мерапрыемствах прадугледжаны сустрэчы з супрацоўнікамі фінансавых устаноў, спецыялістамі цэнтра падтрымкі прадпрымальнікаў з Гродна. У плане навучання — правядзенне анлайн-кансультавання, бізнес-гульняў.

На факультатыўных занятках пад кіраўніцтвам педагогаў хлопцы і дзяўчаты распрацоўваюць свае стартапы, з якімі пасля ўдзельнічаюць у бізнес-конкурсах. Кансультацыйную падтрымку юныя бізнесмены атрымліваюць ад супрацоўнікаў раённага цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва, які вось ужо 7 гадоў працуе на базе каледжа.

Свой вольны час больш за 80% навучэнцаў праводзяць у аб’яднаннях па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога і тэхнічнага профіляў, у спартыўных секцыях па баскетболе, валейболе, міні-футболе. Юнакі і дзяўчаты задзейнічаны ў валанцёрскіх атрадах, краязнаўчай дзейнасці. Яны даглядаюць помнікі, воінскія захаванні, дапамагаюць ветэранам і пажылым жыхарам раёна, распрацоўваюць і праводзяць экскурсіі па гістарычных мясцінах.

Стартапы і навуковая дзейнасць

У супрацоўніцтве з цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва навучэнцы каледжа прадстаўляюць свае стартапы і ўдзельніча­юць у бізнес-конкурсе “Агра 4.0”, маладзёжным форуме “Бізнес-уік-энд”. Сярод праектаў-пераможцаў — праграмная распрацоўка дадатку, які дапамагае карыстальнікам з багацця крэдытных картак розных банкаў выбраць найбольш аптымальны варыянт (зыходзячы з зададзеных крытэрыяў адбору). Яшчэ адна цікавая распрацоўка — бірулька-дэзынфектар з антысептыкам.

Да таго ж у каледжы кожны год праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі для выкладчыкаў і вучэбна-даследчыя — для навучэнцаў.

Набываючы прафесійныя навыкі пад кіраўніц­твам вопытных майстроў, навучэнцы дэманструюць тое, чаму навучыліся на розных конкурсах.

— У групе амаль заўсёды знойдзецца юнак, найбольш зацікаўлены ў прафесіі, руплівы, выканаўчы. Такім вучням прапаноўваю паспрабаваць сябе ў конкурснай дзейнасці. Гэтая мэта становіцца добрым матыватарам для работы над сабой, — дзеліцца сваімі назіраннямі майстар вытворчага навучання па кампетэнцыі “Будаўніцтва” Іван Ляшчэвіч, які больш за тры дзясяткі гадоў працуе ў каледжы.

Як майстар у будаўнічай справе і куратар групы педагог нацэльвае сваіх падапечных ва ўсім імкнуцца да дасканаласці: і ў вучобе, і ў жыцці. Яго група ў агля­дзе-конкурсе вучэбных груп каледжа рэгулярна зай­мае лідзіруючыя пазіцыі. Акрамя таго, за апошнія гады яго навучэнцы тройчы станавіліся першымі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу ProfSkills Belarus. А вясной гэтага года яго выпускнік заваяваў дыплом III ступені ў кампетэнцыі “Цагляны мур” на ProfSkills Belarus — 2023. Кожны год са сваімі вучнямі Іван Іванавіч рыхтуе экспанаты на рэспубліканскі конкурс “ТэхнаЁлка”, абласны злёт вынаходнікаў і рацыя­налізатараў навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі.

Не баяцца праяўляць прафесіяналізм і твор­часць у конкурсах і спаборніцтвах вучні Вольгі Шчукі, майстра вытворчага навучання па кваліфікацыі “кухар”. Сярод яе навучэнцаў — бронзавы і сярэбраны прызёры Міжнароднага кулінарнага кубка ў намінацыі для юніёраў.

У каледжы створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база: 2 вучэбныя карпусы, 11 вучэбна-вытворчых майстэрняў, інтэрнат і актавая зала на 400 месцаў, сталовая, 2 спартзалы, аўтадром. Вучэбная гаспадарка, дзе юнакі асвойваюць механізаваныя работы на палях, — гэта больш за 700 га зямлі, з якіх 610 га — ралля, дзе апрацоўваюцца пшаніца, ячмень, рапс. У планах — грэчка.

А яшчэ ў каледжы вырошчваюць сталовую агародніну: буракі, моркву, цыбулю, капусту. Ёсць і сад пладовых дрэў, цяпліца для агародніны. Машынны парк налічвае мноства сельгасмашын. Сярод іх — 15 трактароў, 3 камбайны для ўборкі збожжавых, 18 аўтамабіляў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: