РУС БЕЛ ENG 中文

У Іўеўскай пачатковай школе распрацавалі вучэбныя модулі для настаўнікаў усіх школ краіны

26.10.2023

Інтэрактыўныя дадаткі да ўрокаў “Чалавек і свет” у 1 класе сёння размешчаны на Адзіным рэспубліканскім інфармацыйна-­адукацыйным рэсурсе eior.by. Сярод іх аўтараў-стваральнікаў цэлая каманда настаўнікаў пачатковых класаў: Ганна Захар, Жанна Міхалькевіч, Алена Арлова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Распрацоўка чатырох модуляў заняла даволі шмат часу і пачалася з нашай самаадукацыі, — з усмешкай успамінае настаўніца пачатковых класаў Жанна Міхалькевіч. — Для іх стварэння мы з калегамі вывучылі нямала праграм па манціраванні ролікаў, бо кожны модуль уключае ў сябе відэафрагменты.

Тлумачыць новы матэрыял для ўсіх першакласнікаў краіны ў іх Ганна Захар — яе голас гучыць за кадрам усіх чатырох модуляў. Трэба сказаць, такая распрацоўка карысная не толькі для педагогаў, але і для бацькоў навучэнцаў. Калі дзіця па нейкай прычыне прапускае ўрок, інтэрактыўны дадатак можа стаць свайго роду альтэрнатывай традыцыйнаму школьнаму ўроку. Як вынік — і матэрыял не ўпушчаны, і ўдзел бацькоў у яго тлумачэнні зведзены да мінімуму.

Даступны створаныя для модуляў ролікі і на ўласным вэб-сайце “Вместе весело шагать” педагога пачатковай школы Жанны Міхалькевіч. Вядзе яго наша суразмоўніца ўжо сёмы год, і напаўненне рэсурсу вельмі разнастайнае.

Знайсці на сайце можна нават распрацоўкі, аўтары якіх — дзеці. У рамках факультатыўных заняткаў навучэнцы 3 і 4 класаў Іўеўскай пачатковай школы знаё­мяцца з мовай праграмавання Scratch і ствараюць інтэрактыўныя гульні. Іх у сваю чаргу могуць выкарыстоўваць на сваіх занятках выхавальнікі дашкольнай адукацыі, настаўнікі-дэфектолагі. Гульні накшталт “Знайдзі лішняе” і “Самае вялікае” агучаны галасамі іўеўскіх школьнікаў.

Аляксандр РАМАНЮК, дырэктар Іўеўскай пачатковай школы: Тэма злоўжывання гаджэтамі сёння актуальная нават сярод малодшага школьнага ўзросту. Распрацаваныя нашымі педагогамі і вучнямі карысныя гульні робяць такі ўплыў менш агрэсіўным.

Разам з тым для дзяцей-распрацоўшчыкаў такая работа — пачатковы этап знаёмства з вялікім светам праграмавання. Бо ўжо ў стварэнні элементарных інтэрактыўных гульняў яны знаёмяцца з прынцыпам напісання праграм. Як вынік, з прадметам “Інфарматыка”, які ў школьнай праграме вывучаецца з 6 класа, навучэнцы Іўеўскай пачатковай школы знаё­мяцца значна раней.

На сайце педагога нямала ма­тэрыялу па ўсіх прадметах. У займальнай форме школьнікам прапануецца, напрыклад, прарашаць трэнажоры на веданне складу лічбаў, вызначыць род назоўнікаў ці размясціць у адпаведным парадку велічыні вымярэння. Можна знайсці тут алімпіядныя заданні, у тым ліку для самападрыхтоўкі навучэнцаў. Ёсць таксама асобны блок для дзяцей старэйшага да­школьнага ўзросту. Тут — усё неабходнае для падрыхтоўкі да школы з парадамі і рэкамендацыямі вопытнага педагога.

Усе згаданыя распрацоўкі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце педагогі пачатковай школы Іўя. У кожным класе ёсць мультыборд, праектар ці тэлевізар.

Акрамя таго, сёлета яшчэ адна творчая група настаўнікаў ва ўжо згаданым вышэй складзе разам з настаўніцай пачатковых класаў Ірынай Круміной распрацоўва­юць дадатковы матэрыял для заняткаў па матэматыцы ў 1—4 класах у аспекце грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Гэтая работа вядзецца ў рамках стварэння абласнога метадычнага рэсурсу “Выхаванне на ўроку: рэсурсы для развіцця асобы навучэнцаў”.

— Вынікам гэтай працы стане тое, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў будзе адбывацца не толькі падчас выхаваўчых мерапрыемстваў, класных гадзін, экскурсій, а нават на ўроках матэматыкі, — патлумачыла Ірына Круміна.

Напрыклад, цікавым момантам падчас звыклага ўрока матэматыкі становіцца тэст, у адказах якога знакавыя для Беларусі лічбы-даты: 9 (9 Мая), 3 (3 ліпеня), 17 (17 верасня), 1945 (год Перамогі). Атрыманыя навучэнцамі адказы, вядома, суправаджаюцца адпаведнымі тлумачэннямі педагога.

Источник: https://nastgaz.by