РУС БЕЛ ENG 中文

У эфектыўнасці тэхналогіі прадукцыйнага чытання ўпэўнілася настаўніца пачатковых класаў Алена Байрашэўская

24.10.2023

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Навагрудка настаўнік-­метадыст Алена Пятроўна Байрашэўская на аснове ўласнага вопыту работы з навучэнцамі ўпэўнілася ў эфектыўнасці тэхналогіі прадукцыйнага чытання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння яна з’яўляецца каардынатарам праекта і ўзначальвае творчую групу настаўнікаў Навагрудскага раёна па ўкараненні гэтай тэхналогіі ў сістэму ўрокаў літаратурнага чытання ў 2—4 класах.

Тэхналогію прадукцыйнага чытання Алена Байрашэўская выкарыстоўвае з 2003 года. Абагульняла свой вопыт пры здачы экзамену на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Новай старонкай у развіцці гэтай тэмы стала распрацоўка і рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі прадукцыйнага чытання ў сістэму ўрокаў літаратурнага чытання ў 2—4 класах для фарміравання чытацкай пісьменнасці навучэнцаў”. Разлічаны на тры гады, ужо за мінулы навучальны год праект прыцягнуў увагу настаўнікаў раёна, якія таксама сталі прымяняць гэтую тэхналогію.

На пытанне, як узнікла ідэя праекта, яго каардынатар адказала, што аналіз чытацкіх уменняў малодшых школьнікаў прымусіў многіх іншых педагогаў задумацца над тым, як павысіць чытацкую пісьменнасць вучняў.

— Падчас педагагічнай практыкі я бачыла, што ў класе ёсць дзеці, якія доб­ра чыта­юць. Але, калі пачынаеш працаваць па тэксце, разумееш, што яны адчуваюць цяжкасці пры аналізе і ацэнцы яго зместу, аргументацыі пункту гледжання на аснове інфармацыі, прыведзенай у тэксце, набытых ведаў і ўласнага вопыту. Часам з-за няўмення зразумець прачытанае ў вучняў узнікаюць цяжкасці пры вывучэнні іншых прадметаў, знікае цікавасць да пазнання. Таму ў раёне і ўзнікла неабходнасць па ўкараненні гэтага праекта. Перад педагогамі была пастаўлена задача паступова перайсці ад навучання чытанню да выкарыстання чытання для навучання, — дзеліцца Алена Байрашэўская.

Менавіта ў пачатковай школе неабходна закласці падмурак па фарміраванні пісьменнага чытача, у якога ёсць устойлівая звычка чытаць, які ведае кнігі, здольны іх самастойна выбіраць.

Тэхналогія прадугледжвае работу з тэкстам на трох этапах: да чытання, падчас чытання і пасля чытання. На прадтэкставым этапе асноўная задача — развіццё такога найважнейшага ўмення, як антыцыпацыя (прагназаванне). Дзеці робяць здагадкі пра змест тэкста да чытання, і кожны хоча, каб яго версія пацвердзілася. На гэтым этапе задача настаўніка — захапіць дзіця чытаннем, выклі­каць у яго жаданне прачытаць твор. Тэкставы этап прадугледжвае развіццё ўмення працаваць з тэкстам. Выкарыстоўваюцца такія прыёмы, як каменціраванае чытанне і дыялог з аўтарам. Менавіта гэтыя прыёмы забяспечваюць паўнавартаснае ўспрыманне тэксту. Паслятэкставы этап працягваецца канцэптуальнай гутаркай, карэкціроўкай чытацкай інтэрпрэтацыі. Вучні вяртаюцца да таго, што было ў пачатку ўрока, правяраюць свае прагнозы, працуюць з ілюстрацыяй, выконваюць творчыя заданні. На гэтым этапе прадугледжана знаёмства з пісьменнікам, у традыцыйнай сістэме гэта адбываецца перад чытаннем твора.

— Мае навучэнцы пачатковых класаў на 100 працэнтаў гатовы выкарыстоўваць чытанне для навучання, — пад­крэсліла Алена Байрашэўская. — Уменне працаваць з тэкстам звязана не толькі з урокамі літаратуры, гэта праяўляецца і ва ўменні рашаць тэкставыя задачы, працаваць з правіламі на ўроках мовы, вучэбнымі тэкстамі па прадмеце “Чалавек і свет”. І выніковасць таксама ёсць, напрыклад, поспехі ў алімпіядным руху. Сёлета мае навучэнцы заваявалі 6 дыпломаў I, II і III ступені на раённай алімпіядзе сярод вучняў 4-х класаў, праявіўшы свае здольнасці ў матэматыцы, беларускай і рускай мовах. Таксама ў нас дып­лом II ступені на абласным этапе алімпіяды па АБЖ. Я пераканана ў тым, што гэтая тэхналогія садзейнічае павышэнню эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і дасягненню станоўчых вынікаў. Планамернае фарміраванне чытацкай пісьменнасці будзе праяўляцца ва ўменні знаходзіць інфармацыю ў тэксце, разумець яго змест і сэнс, ацэньваць яго якасць і даклад­насць, будзе спрыяць фарміраванню навучэнца як пісьменнага чытача.

Рэалізацыя праекта працягваецца, але ўжо адным з выніковых момантаў стала выданне педагогамі раёна зборніка “Літаратурнае чытанне. Комплексная работа з тэкстам. 2 клас”. Як расказала А.П.Байрашэўская, у сувязі з увядзеннем у сістэму ўрокаў “Літаратурнае чытанне” такога віду пісьмовай формы кантролю ведаў навучэнцаў, як комплексная работа з тэкстам, і актуальнасцю праблемы фарміравання чытацкай пісьменнасці дзяцей ёю была распрацавана і выда­дзена серыя дапаможнікаў “Комплексныя работы с тэкстамі на ўроках літаратурнага чытання” для вучняў 2-х, 3-х, 4-х класаў. Дапаможнік змяшчае 2 варыянты работ па кожным раздзеле ў адпавед­насці з каляндарна-тэматычным планаваннем. Работы могуць быць выкарыстаны як праверачныя, так і трэніровачныя.

У планах творчай групы настаўнікаў — выданне іншых дапаможнікаў.

Источник: https://nastgaz.by