РУС БЕЛ ENG 中文

Як у Лунненскай сярэдняй школе наладжана сістэма выхаваўчай работы

12.10.2023

З 1964 года Лунненская сярэдняя школа Мастоўскага раёна носіць імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета і мае слаўныя традыцыі патрыятычнага выхавання, якія былі закладзены папярэднім пакаленнем настаўнікаў і вучняў. Гэта нас да многага абавязвае.

Ва ўстанове адукацыі наладжана сістэма выхаваўчай работы. Нашы вучні прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам, юбілейным і памятным датам краіны і малой радзімы, разнастайных патрыятычных акцыях, уроках мужнасці, квестах.

Вялікую ролю адыгрывае народны музей баявой славы. Вучні з’яўляюцца экскурсаводамі аглядных, тэматычных і тэатралізаваных экскурсій. Ва ўстанове адукацыі распрацавана праграма “Музей — школа”. Вялікую папулярнасць набылі музейныя ўрокі, на якіх настаўнікі выкарыстоўваюць багаты краязнаўчы матэрыял для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў.

У Год гістарычнай памяці ў школе рэалізоўваліся праекты “Нам трэба, каб і нашы дзеці аб гэтым помнілі, як мы!”, “Таямніцы вялікай вайны малой радзімы”. Эфектыўнай формай работы ў межах гэтых праектаў стала пошукава-даследчая дзей­насць. Наша задача — зацікавіць вучняў края­знаўчым матэрыялам, каб ім захацелася самім правесці даследаванне па пэўнай тэме і папоўніць свае веды.

Як вынік — вывучаны лёсы людзей, якія з’яўляюцца прыкладам адданага служэння сваёй радзіме, дакументальныя фотаздымкі і архіўныя даныя, якія тычацца Лунненскага краю. Вучні з вялікім задавальненнем прадставілі вынікі даследчай дзейнасці на рэспубліканскім семінары для педагагічных работнікаў “Аб ходзе расследавання Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” ў Мінску (снежань 2022).

Народны музей баявой славы школы папоўніўся экспазіцыяй “Нельга за­быць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць”. Вопыт работы па гэтай тэматыцы быў паспяхова прадстаўлены на калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў лютым 2023 года, на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў красавіку.

Матэрыялы народнага музея былі выкарыстаны для выставы-прэзентацыі Гро­дзенскай вобласці, арганізаванай у рамках семінара “Сацыяльна актыўныя тэхналогіі” ў Маскве (красавік 2023). Асаблівыя словы падзякі мы атрымалі за выставу да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, якая праходзіла ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці мінулым летам. Таксама вопыт работы школьнага музея быў прадстаўлены на форуме музеяў устаноў адукацыі ў маі 2023 года, а ў конкурсе прафесійнага музейнага майстэрства ў намінацыі “Музейная дзейнасць” атрыманы дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі.

Погляд у мінулае для маладога пакалення немагчымы без сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Нашы вучні ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі, відэаролікі, фільмы, выкладваюць найбольш значныя выхаваўчыя мерапрыемствы ў інтэрнэце. Вынікам стала перамога класнага кіраўніка нашай установы адукацыі Таісіі Мікалаеўны Жук у абласным праекце “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” ў снежні 2022 года. Прыемна адзна­чыць, што сёлета вучань нашай школы, член маладзёжнага парламента, стаў удзельнікам беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”.

Вопыт работы па рэалізаваных праектах ва ўстанове адукацыі абагульнены і прадстаўлены на пасяджэнні Асацыяцыі Рэспуб­лікі Комі і Беларусі ў верасні мінулага года, адзначаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках XX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі за праект “Невычэрпная крыніца патрыятызму”.

Дадаткам да прадстаўленага вопыту работы з’яўляецца кніга “Повязь часоў праз лёсы людзей”, выдадзеная нашымі настаўнікамі. У ёй сабраны фактычны краязнаўчы матэрыял.

Яна адрасуецца намеснікам дырэктара па выхаваўчай і вучэбнай рабоце, класным кіраўнікам, педагогам-арганізатарам, кіраўнікам школьных музеяў і педагогам для падрыхтоўкі выхаваўчых і пазакласных мерапрыемстваў, урокаў з мэтай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока.

Дзякуючы такой актыўнасці, мы ствараем, дзейнічаем, робім значныя крокі наперад па патрыятычным выхаванні, ганарымся сваімі поспехамі і з надзеяй глядзім у будучыню.

Источник: https://nastgaz.by