РУС БЕЛ ENG 中文

Змена ў стацыянарных аздараўленчых лагерах скароціцца да 15 дзён

06.10.2023

Змена ў стацыянарных аздараўленчых лагерах скароціцца да 15 дзён. Аб гэтым у Гродне паведамілі на пасяджэнні міжведамаснага савета па аздараўленні і санаторна­-курортным лячэнні, якое прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Пранюка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У арганізацыю і правя­дзенне летняй аздараўленчай кампаніі — 2024 будуць унесены некаторыя карэктывы. Літаральна днямі выйшла новая пастанова Савета Міністраў па арганізацыі дзейнасці аздараўленчых лагераў. Цяпер працягласць аздараўленчых змен будзе скарочана на тры дні. З-за памяншэння колькасці дзён адпачынку павялічыцца колькасць змен і, як вынік, колькасць дзяцей, якія наведаюць стацыянарныя лагеры, — паведаміў начальнік Гро­дзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Анатоль Ганчар.

У Гродзенскай вобласці ў летні перыяд арганізавана работа 700 лагераў, з якіх 218 з кругласутачным і 482 з дзённым знаходжаннем. За час канікул прайшлі аздараўленне 48 530 дзяцей (46,8%), у тым ліку 20 938 у лагерах з кругласутачным знаходжаннем і 27 592 — з дзённым. Гэта другі паказчык у краіне.

У вобласці гасцінна прымалі юных адпачывальнікаў у тым ліку 23 стацыянарныя аздараўленчыя лагеры. Прадстаўляючы летняе аздараўленне ў лічбах, важна адзначыць, што ў 32 спартыўна-аздараўленчых лагерах з кругласутачным знаходжаннем сёлета адпачылі 3010 спартсменаў, а ў 47 лагерах з дзённым знаходжаннем — больш за 5500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мінулым летам частка школьнікаў цікавы вольны час сумяшчалі яшчэ і з карысцю для ўласнага бюджэту. У вобласці працавалі 54 лагеры працы і адпачынку для 754 падлеткаў. Прыярытэтнай задачай у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі было таксама аздараўленне дзяцей ільготных катэгорый, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык, асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце лагераў ваенна-патрыятычнага і абаронна-спартыўнага профіляў. Усяго на Гродзеншчыне расчынілі свае дзверы для навучэнцаў 44 такія лагеры. У цэлым на базе сямі воінскіх часцей і пагранічных застаў у іх аздаравіліся 1425 дзяцей.

— Сярод асноўных задач на наступны летні сезон — пашырыць сетку профіляў аздараўленчых лагераў. На абласным узроўні ёсць адпаведны станоўчы вопыт. Напрыклад, для высокаматываваных навучэнцаў у Гродзенскай вобласці працавалі 12 лагераў. У іх адпачылі больш за тысячу дзяцей. Ва ўсіх раёнах вобласці прапрацавана пытанне арганізацыі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах профільных змен, — дадаў Руслан Абрамчык.

Дарэчы, сёлета была працягнута практыка работы абласных профільных лагераў “Навука”, “Юны кадэт”. Упершыню ў рэгіёне была прадстаўлена мадэль арганізацыі летняй аздараўленчай пляцоўкі “ТэхнаСТАРТ” з дзённым знахо­джаннем на базе абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. У планах на будучы сезон летняга аздараўлення — пашырэнне сеткі лагераў працы і адпачынку.

Адным з важных напрамкаў летняй аздараўленчай кампаніі стала работа з кадрамі. У вобласці праведзена 16 вучэбных семінараў па асаблівасцях арганізацыі работы ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.

Гаворачы аб выніках летняй аздараўленчай кампаніі 2023 года, нельга не адзначыць яшчэ адзін момант: больш за 70 лагераў сталі ўдзельнікамі абласнога этапу агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер. І больш за дзесяць з іх працягваюць удзел ужо ў рэспуб­ліканскім этапе.

Источник: https://nastgaz.by