РУС БЕЛ ENG 中文

Пенсія дома не застала. У 72 гады гродзенскі педагог Ларыса Хацько зноў стала першакурсніцай

03.10.2023

У свае 72 гады гродзенскі педагог Ларыса Хацько не толькі

працягвае працаваць, але і атрымлівае чарговую адукацыю. 

У коле трэцім

Ларыса Лук’янаўна стала студэнткай Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна вучыцца па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права” на завочным аддзяленні. У сярэдзіне верасня ўжо наведала ўстановачную сесію.

Ларыса Хацько атрымлівае трэцюю вышэйшую адукацыю. Яна прызнаецца, што на восьмым дзясятку зноў пайшла вучыцца, каб трымаць руку на пульсе часу.

— Нельга спыняцца ў сваім развіцці, сёння ўсё хутка мяняецца і вельмі важна своечасова папаўняць багаж ведаў. Упэўнена, гэта дапаможа мне выконваць свае прафесійныя і грамадскія абавязкі годна і якасна. Некаторыя мае маладыя калегі скончылі Акадэмію кіравання, станоўча аб ёй адгукаюцца. Я вырашыла таксама паспрабаваць паступіць. У сваіх ведах у такіх сферах, як права, сацыялогія, ідэалогія, была ўпэўнена, а вось пытанняў па філасофіі і эканоміцы баялася. Некалькі тыдняў грунтоўна рыхтавалася, па паўночы ся­дзела над кнігамі, чытала артыкулы ў інтэрнэце. У выніку паспяхова прайшла ўступнае выпрабаванне і была залічана ў шэрагі першакурснікаў, — расказвае мая суразмоўніца.

Яе зусім не засмучае, што ў навучальнай установе яна самая старэйшая студэнтка. Дружалюбны характар дапамагае з лёгкасцю знаходзіць агульную мову з аднакурснікамі і выкладчыкамі.

На сваім месцы

Ларыса Лук’янаўна родам з Мастоўскага раёна Гродзеншчыны, з невялічкай вёскі Падбараны. У школу ў суседні пасёлак Лунна даводзілася хадзіць пешшу тры кіламетры праз лес. Але цяжкасці яе не засмучалі. Выдатна вучылася, скончыла школу з залатым медалём. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскай дзейнасці. Асабліва прываблівала дзяўчыну работа ў школьным музеі, які намаганнямі настаўніка гісторыі Мсціслава Уладзіміравіча Семака быў узняты на самы высокі ўзровень — у 1963 годзе яго адзначылі ў ліку лепшых на Усесаюзным аглядзе музеяў. Навучэнцы школы і сярод іх юная Ларыса былі заахвочаны тады пуцёўкамі ў знакаміты піянерскі лагер “Артэк”. А яшчэ яна двойчы ўдзельнічала ва Усесаюзным злёце пераможцаў паходу па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа, пабываўшы ў Маскве і Кіеве.

Актыўная краязнаўчая дзейнасць і натхняльны прыклад школьнага настаўніка гісторыі дапамаглі ёй вызначыцца з будучай прафесіяй. Ларыса Лук’янаўна скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства” і ўсё сваё жыццё прысвяціла рабоце з моладдзю.

Больш за 40 гадоў прафесійнай дзейнасці Ларысы Хацько звязаны з Гродзенскім дзяржаўным каледжам бытавога абслугоўвання насельніцтва. Большасць з іх яна працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, паралельна з гэтым выкладала розныя дысцыпліны. У Ларысы Лук’янаўны ўжо была першая ўнучка, калі яна па ўласнай ініцыятыве атрымала другую вышэйшую адукацыю. Яна скончыла Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Педагог-псіхолаг”. І ўвогуле, яна заўсёды ахвотна карысталася любой магчымасцю павысіць кваліфікацыю, прытрымліваючыся прынцыпу “Век жыві — век вучыся”. Ларыса Хацько мае ганаровае званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, атрымала медаль Францыска Скарыны і шэраг іншых узнагарод.

— Я заўсёды востра адчувала сваю адказнасць за тое, што мне даверылі работу з моладдзю. Педагог — гэта звяно, якое аб’ядноўвае пакаленні. Вельмі важна не толькі даць хлопцам і дзяўчатам веды, але і паспрыяць фарміраванню іх асобы згодна з нашым беларускім светапоглядам. Каб яны цанілі сваю сям’ю, калектыў, Радзіму, былі актыўнымі членамі грамадства, а не абыякавымі сузіральнікамі. Я ніколі не дазваляла сабе самазаспакоіцца, расслабіцца, не прырастала да крэсла. Бо тыя пасылы, якія ты нясеш у маладзёжную аўдыторыю, трэба падмацоўваць уласным прыкладам, — дзеліцца Ларыса Лук’янаўна.

— Другую вышэйшую адукацыю атрымала, калі ў мяне ўжо нарадзілася першая ўнучка, па трэцюю пайшла, маючы праўнучку!

Яна і сёння працуе ў родным каледжы. Выкладае курс факультатыўных заняткаў па падрыхтоўцы навучэнцаў да сямейнага жыцця. А яшчэ адказвае за народны музей баявой і працоўнай славы, які ў свой час быў створаны пры яе актыўным удзеле:

— У ім адлюстравана гісторыя як нашай навучальнай установы, так і сістэмы адукацыі, маладзёжнага руху, жыцця Гродзеншчыны ўвогуле. На базе музея эфектыўна працуем не толькі з навучэнцамі нашага каледжа. Вельмі часта праводжу тут экскурсіі для самых розных груп: ад наведвальнікаў дзіцячых садоў і вучняў школ да пенсіянераў. У адпаведнасці з узростам гасцей, будую і свой аповед, каб усім было і зразумела, і цікава, і карысна. Імкнуся, каб кожны адчуў, у якой цудоўнай краіне мы жывём, колькім можам ганарыцца.

Хапае ў Ларысы Лук’янаўны энергіі і на актыўную грамадскую дзейнасць. Яна ўзначальвае абласны Савет пажылых грамадзян пры ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама. З’яўляецца старшынёй камісіі па рабоце з моладдзю і патрыятычным выхаванні насельніцтва Гродзенскага гарадскога савета ветэранаў.

— Мне вельмі падабаюцца радкі аб сэнсе жыцця вядомага татарскага паэта Мусы Джаліля: “Стоит жить, чтоб в землю врезать след поглубже, позаметней. Чтоб твое осталось дело, словно дуб тысячелетний!..” Гэтымі словамі заўсёды і кіруюся, — адзначае педагог.

Цікава жыць

Надзейнай апорай Ларысы Хацько ва ўсіх пачынаннях з’яўляецца яе сям’я. З мужам Іванам Міхайлавічам яны разам ужо 54 гады. У іх двое дзяцей, 6 унукаў, 1 праўнучка.

— Сям’я падтрымлівае маё імкненне жыць актыўна. Родныя жартуюць, што пенсія мяне дома не застала. Калі я паступіла ў Акадэмію кіравання, унучкі сказалі, што ганарацца мной. Гэта кранула да слёз, — падкрэслівае жанчына.

Мая суразмоўніца лічыць, што ў пэўнай ступені сакрэт яе актыўнага даўгалецця тлумачыцца добрай генетыкай. Яе бацькі пражылі больш чым па 80 гадоў, дзед — 97, прычым да апошняга быў у доб­рай форме. Сама Ларыса Лук’янаўна імкнецца весці здоровы лад жыцця, рэгулярна займаецца плаваннем. Летам шмат часу праводзіць на прыродзе, яны з мужам заўзятыя рыбакі.

Любімае хобі — вандроўкі як па роднай краіне, так і за яе межамі. Ларыса Лук’янаўна пабывала ў 51 краіне свету. У гэтым го­дзе здзейсніла ваяж на цеплаходзе па маршруце Талін — Стакгольм — Рыга, наведала Санкт-Пецярбург і Карэлію.

— Я ўвогуле не адчуваю, што пенсіянерка, і не лічу, што гэта павінна мяне неяк абмяжоўваць, — прызнаецца мая суразмоўніца. — Мне вельмі блізкая канцэпцыя актыўнага даўгалецця, якой зараз прытрымліваецца наша краіна. Прыемна бачыць, што ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічае шмат гурткоў, дзе людзі ўзросту 60+ павышаюць камп’ютарную дасведчанасць, вучаць замежныя мовы, займаюцца аздараўленчай гімнастыкай, танцуюць і г.д. Так і трэба жыць на пенсіі, пакуль ёсць сілы!

Источник: https://nastgaz.by