Захапленне цыркавым мастацтвам у сям’і педагогаў Ірыны і Паліны Міхасёнак з Гродна — адно на дваіх
12.09.2023Захапленне цыркавым мастацтвам у сям’і педагогаў дадатковай адукацыі Ірыны і Паліны Міхасёнак з Гродна — адно на дваіх. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ужо шмат гадоў у свет акрабатычных нумароў яны актыўна паглыбляюцца самі і шчодра дзеляцца сваім захапленнем з дзецьмі. З 1986 года не спыняе сваю дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі аб’яднанне па інтарэсах “Цыркавое мастацтва”. І яго цяперашнія педагогі — маці і дачка Ірына і Паліна Міхасёнак прыйшлі сюды, як гэта часта здараецца ў прыкладах сапраўды захопленых сваёй справай людзей, па прызванні і з любові да мастацтва.
— Ля вытокаў стварэння аб’яднання па інтарэсах стаяла мая родная цётка Святлана Царова. З малых гадоў яна часта брала мяне з сабой на заняткі. Заўсёды я з цікавасцю сачыла за яе працай. Прычым не проста як назіральнік. Многія гады сама выступала на сцэне з акрабатычнымі трукамі, а сёння вучу гэтай цікавай справе такіх жа зацікаўленых хлопчыкаў і дзяўчынак. І разам з тым працягваю агульную для нашай дынастыі педагогаў традыцыю адчыняць для дзяцей дзверы ў цікавы і захапляльны свет цыркавога мастацтва, — падзялілася кіраўнік узорнага эстрадна-цыркавога калектыву “Чудаки” абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірына Міхасёнак.
Упершыню са званнем узорнага калектыў “Чудаки” выступіў у 1997 годзе і кожныя тры гады нязменна пацвярджае свой высокі статус. Сёння яго склад — больш за 40 чалавек ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Кожны тыдзень хлопчыкі і дзяўчынкі ад малога да вялікага спяшаюцца на заняткі да двух педагогаў з адным прозвішчам.
— Упершыню на заняткі ў палац мама мяне прывяла ў тры гады. Папярэднічала гэтаму вялікая праца па расцяжцы дома. А ўжо ў чатырохгадовым узросце я выступала на сцэне, — успамінае Паліна Міхасёнак.
Гэта быў парны акрабатычны нумар з дзвюма самымі маленькімі ўдзельніцамі калектыву, і, вядома, ён прыводзіў гледачоў у захапленне. Ужо на старце сцэнічнага вопыту Паліна не раз станавілася пераможцай і прызёрам конкурсаў рознага ўзроўню. Цалкам заканамерна, што свет цыркавога мастацтва захапіў яе.
Ужо тры гады для сваёй маці Паліна не проста дачка, але і калега. Два гады яна сумяшчала выкладанне ва ўзорным калектыве з вучобай ва ўніверсітэце. А пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы пагрузілася ў працу з новай сілай і ўсё тым жа жаданнем дзяліцца сваёй любоўю да акрабатыкі з іншымі.
— Мы з мамай — той выпадак, калі хобі стала прафесіяй. Прычым, мне падаецца, у нашай сям’і мы не апошнія педагогі цыркавога мастацтва, — з усмешкай дадае Паліна. — Маёй малодшай сястры Насці сёння сем гадоў. Вядома, яна падзяляе наша агульнае сямейнае захапленне і ўжо актыўна выступае на сцэне. Цырк любяць
усе!
Кожны год у аб’яднанне па інтарэсах прыходзяць новыя зорачкі. Толькі сёлета яго рады папоўнілі больш за 20 юных талентаў. Па вопыце мінулых гадоў педагогі Міхасёнак робяць стаўку на тое, што да канца года колькасць навічкоў парадзее. Але так званае абнаўленне кадраў — працэс круглагадовы.
— Прыходзяць новыя дзеці і сярод навучальнага года. Прычым нам ужо шмат гадоў няма неабходнасці стукацца ў дзверы школ і запрашаць дзяцей на пробныя заняткі, — тлумачыць Ірына Міхасёнак.
Нярэдка для дзяцей падставай, каб пакінуць заняткі, становіцца так званая адсутнасць хуткага выніку. Са слоў маіх суразмоўніц, многія бацькі лічаць, што практычна з першых дзён заняткаў іх дзяцей чакае вопыт выступлення на сцэне. Але з цыркавымі нумарамі такая хуткасць шляху з пункта А ў пункт Б — амаль немагчымае выключэнне з правіл. Да выканання нават самых простых акрабатычных нумароў і віртуознай гульні з абручамі, жангліравання і пластыкі на стале дзіцяці трэба падрыхтавацца фізічна. І менавіта з гэтага пачынаецца яго знаёмства са светам цыркавога мастацтва.
У горадзе, дзе няма стацыянарнага цырка, ужо шмат гадоў карыстаецца папулярнасцю сугучнае з ім аб’яднанне па інтарэсах. Справа тут у педагогах, якія, прытрымліваючыся сямейных традыцый, дзень за днём спяшаюцца на індывідуальныя заняткі з дзецьмі.
— Сёння ў нас няма як такой цыркавой адукацыі, але на маёй памяці быў выпадак, калі дзве сястры-актывісткі нашага ўзорнага эстрадна-цыркавога калектыву паступілі ў Маскоўскае вучылішча цыркавога і эстраднага мастацтва і звязалі сваё жыццё ўжо з выступленнем у вялікім цырку, — успамінае Ірына Міхасёнак.
На стале перад ёй цэлым россыпам ляжаць шматлікія дыпломы, граматы і падзякі. У ліку апошніх — дыплом І ступені ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” за подпісам міністра адукацыі, адразу тры дыпломы па выніках адкрытага рэспубліканскага конкурсу “Запалі сваю зорку”… Гэты пералік можна працягваць доўга. Але важна тут іншае: за кожнай з гэтых узнагарод стаяць палаючыя вочы і асабістыя поспехі выхаванцаў сямейнага тандэма Міхасёнак.
Источник: https://nastgaz.by