РУС БЕЛ ENG 中文

Паліна Кушмар: «У групу заўсёды заходжу з добрым настроем і ўсмешкай»

08.09.2023

Двойчы станавілася абітурыенткай і сумяшчала вучобу з атрыманнем першага прафесійнага вопыту… Шлях да зорак у нашай гераіні толькі пачаўся, але былі ў ім ужо і свае церні.

Малады выхавальнік дзіцячага са­да № 3 Мастоў фіналістка абласнога этапу рэспуб­ліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” Паліна Кушмар цалкам паглыблена ў прафесію, шчыра любіць дзяцей і рашуча рухаецца наперад ва ўласным развіцці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пасля заканчэння школы паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі. Вучылася бясплатна, але ўжо на старце вучобы ўвесь час унутры спела пытанне, ці той выбрала шлях. Да канца першага года вучобы зразумела, што тэхнічная спецыяльнасць — дакладна не яе і што лепшым вырашэннем гэтага пытання будзе за­браць дакументы. Будучы педагог дашкольнага навучання зноў стала абітурыенткай.

— Вядома, родныя ўгаворвалі працягнуць вучобу, але я канчаткова пераканалася ў тым, што гэта не мой кірунак. Калі скажу, што забраць дакументы з УВА было лёгкім рашэннем, падману. Але цвёрда вырашыла не ісці супраць самой сябе і пашукаць іншы шлях для самарэалізацыі, — успамінае дзяўчына.

Як гэта нярэдка бывае, напрамак для пошуку сябе падказала выпадковая размова.

— У маёй суседкі — трое дзетак, і я неаднойчы дапамагала ёй з малымі. Нам абодвум заўсёды было зразумела, што ­раблю гэта з задавальненнем. Неяк падчас гутаркі яна між іншым прапусціла фразу-прапанову: “Паспрабуй у педагогіку”. А я ў гэтай выпадковай размове зразумела, што яна трапіла, куды трэба, бо зносіны з дзецьмі сапраўды прыносяць мне задавальненне, — расказвае суразмоўніца.

Зноў Паліну чакала ўступная кампанія і пошукі свайго прозвішча ў спісах залічаных на бясплатнае навучанне. Гэтым разам ужо не ў сталічную УВА. Наша гераіня выбрала ГрДУ імя Янкі Купалы і пра час студэнцтва ўспамінае з цеплынёй і падзякай.

— Універсітэт заўсёды ішоў насустрач актыўным студэнтам, і ўжо на трэцім курсе змагла сумяшчаць вучобу з работай па спецыяльнасці. Паўгода працавала выхавальніцай у адной з гродзенскіх дашкольных устаноў. А ўвесь чацвёрты курс — у дзіцячым садку на сваёй малой радзіме ў Мастах, — успамінае Паліна.

Цікава, што індывідуальны графік вучобы быў складзены такім чынам, што дзяўчыне не прыйшлося працягваць вучобу завочна. Не кожны дзень, але даволі часта яна, як правіла, раніцай спяшалася ў Гродна на заняткі ва ўніверсітэт, а адразу пасля іх паспявала да сваіх выхаванцаў ясельнай групы ў мастоўскі дзіцячы сад № 3. Вядома, такая занятасць прадугледжвала адпаведную стомленасць. Але, як прызналася Паліна, часу на тое, каб сур’ёзна задумвацца пра гэта, проста не было.

З выхаванца ў выхавальнікі

— Я сама выбрала гэты шлях і ніколькі не шкадую. Дыплом выпускніка атрымала, ужо маючы значны багаж асабістага вопыту ў педагогіцы. У якасці бонусу пры такой сістэме, безумоўна, стала тое, што пасля размеркавання я прыступіла да работы ў добра знаёмым калектыве, у якім з добрага боку зарэкамендавала сябе, — гаворыць П.Кушмар.

Зрэшты, прызвычайвацца на першым месцы працы было даволі проста з самага пачатку. Мы часта чуем і чытаем аб выпускніках школ, якія прыходзяць туды ўжо ў якасці маладых спецыялістаў. У выпадку з нашай гераіняй актуальная такая практыка і для дашкольнай установы. Шмат гадоў назад яна ўваходзіла ў групу як чалавек, якому былі адра­саваны ўвага і клопат выхавальніка. А сёння з задавальненнем і энтузіязмам усё гэта дорыць ужо сваім выхаванцам.

Паліна прызнаецца, што работа педагога не заўсёды простая. Але ў ёй ёсць моманты і падзеі, якія грэюць душу. У першую чаргу гэта, вядома, усмешкі дзяцей, іх пацешная непасрэднасць і шчырасць.

— Падчас заняткаў яны гля­дзяць на мяне такім зацікаўленым поглядам! Тое задавальненне, якое дораць такія моманты, нічым не замяніць, ні на што не прамя­няць, — захоплена расказвае Паліна Кушмар і гэтымі словамі адказвае на заканамернае пытанне журналіста пра тое, ці адчувае яна сябе ў рабоце на сваім месцы.

Прызнаецца, што і сама расце разам са сваімі выхаванцамі як прафесіянал. Прычым на шляху да гэтага росту, са слоў маёй суразмоўніцы, шмат чаму ву­чаць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія кожны дзень чакаюць сустрэчы з ёй у дзіцячым садку. Дзеці шчыра радуюцца кожнаму новаму дню ў іх жыцці. Яны з непаўторнай цікавасцю знаёмяцца з новымі ведамі. Пра ўсё гэта ў мітусні будняў дарослыя нярэдка забываюцца.

— Што б ні адбывалася ў жыцці, у групу заўсёды заходжу з добрым настроем і ўсмешкай. Малыя вельмі тонка ўсё адчуваюць, іх не падманеш і не правядзеш. Мабыць, у гэтым і ёсць сакрэт паспяховага дыялогу з дзецьмі, — тлумачыць Паліна і дадае, што за час работы цалкам адчула, што да кожнага дзіцяці трэба знайсці індывідуальны падыход: — З адным трэба быць больш строгай, а з другім — наадварот, як мага больш ласкавай і добрай. Калі іх 20 у групе, даводзіцца быць у розных ролях.

Выхад з зоны камфорту

Працоўны шлях Паліны пачаўся вельмі дынамічна і не мяняецца па сённяшні дзень. Размова тут ідзе, безумоўна, і пра ўдзел у конкурсах, якія патрабуюць вялікай самападрыхтоўкі і кожны раз прадугледжваюць выхад з зоны камфорту.

— “Педагагічны дэбют” — не першы Палінін вопыт удзелу ў конкурсах. Да гэтага ў раённым конкурсе “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” яна станавілася пераможцай. Канкурэнцыя была сур’ёзнай: за званне лепшага змагаліся ўсе маладыя спецыялісты раёна, уключаючы ўрачоў, аграномаў і іншых. Удзел у тым конкурсе дапамог разгле­дзець патэнцыял Паліны. Як вынік — не прымусілі доўга чакаць і новыя перамогі. З’яўляецца пераможцам наша Паліна Генадзьеўна ў тым ліку раённага конкурсу “Першыя крокі ў прафесію”, — гаво­рыць загадчыца дзіцячага сада № 3 Мастоў Святлана Шчука.

— Калі падавалі дакументы для ўдзелу ў фестывалі “Педагагічны дэбют”, было адчуванне, што далей завочнага этапу на абласным узроўні не прайду, — дадае Паліна Кушмар. — Вельмі ўдзячна загадчыцы Святлане Міхайлаўне, што яна паверыла ў мяне, падказала паспрабаваць. Тое, што стала фіналісткай абласнога этапу, вядома, вельмі парадавала і прывяло да важнага ўсведамлення. Калі да гэтага ў мяне верылі ў асноўным калегі і блізкія, то зараз сур’ёзна паверыла, што шмат змагу, і я сама.

Поспех у конкурсе Паліна, дарэчы, лічыць не толькі сваім. Гэта калектыўны вынік. Сярод тых, хто падтрымлівае маладога выхавальніка падчас конкурсаў, нязменна ёсць найбліжэйшы чалавек у яе жыцці — маці. Яна  працуе ў той жа дашкольнай установе, што і дачка. І з асаблівым трапятаннем шыла касцюм для яе выступлення.

Калектыўны поспех

Цікава, што рыхтуецца да выступ­лення ў Мінску каманда дашкольнай установы ў тым ліку і тэхнічна: плануюць узяць з сабой ноўтбук, каляровы прынтар і ламінатар. Усё гэта неабходна, каб за ноч да запаветнай гадзіны Х — заняткаў у незнаёмай групе сталічнага дзіцячага сада — распрацаваць добры метадычны матэрыял. Тэма і ўзрост дзяцей, у групе якіх будуць давацца конкурсныя заняткі, стануць вядомы менш чым за суткі, і ў канкурсантаў, па сутнасці, будзе ўсяго ноч на дэталёвую прапрацоўку заняткаў і распрацоўку дыдактычнага матэрыялу і нагляднасці.

Не можа не цешыць і бацькоўская актыўнасць у сацыяльных сетках дзіцячага сада. Адразу пасля размяшчэння паста аб перамозе Паліны Кушмар у абласным этапе фестывалю “Педагагічны дэбют” літаральна пасыпаліся віншавальныя каментарыі. Склала ім кампанію, безумоўна, і вялізная колькасць вочных віншаванняў ад калег, родных, сяброў і бацькоў выхаванцаў другой малодшай групы, з дзецьмі якіх сёння працуе малады выхавальнік.

Кваліфікацыя — экстэрнам

Паскорыла конкурсная актыўнасць для Паліны Кушмар і працэдуру прысваення першай катэгорыі. З улікам поспехаў маладога спецыяліста, адміністрацыя да­школьнай установы хадайнічала ва ўпраўленне адукацыі райвыканкама аб прысваенні замест другой адразу першай катэгорыі. Звычайна на гэта ідзе мінімум чатыры гады работы, але з мая 2023 года наша гераіня — спецыяліст першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Шлях да гэтай вышыні ў яе выпадку прайшоў экстэрнам і заняў усяго два гады.

— Гэта добры стымул для далейшага росту. Ужо праз тры гады змагу прэтэндаваць на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, — дзеліцца суразмоўніца.

Да пытання аб планах на найбліжэйшую будучыню не выключае Паліна магчымасці атры­маць кваліфікацыю лагапеда, каб тым самым яшчэ больш пашы­рыць межы ўласнага вопыту. Зрэшты, галоўнае на што яна накіравана, — ­стаць добрым і цёплым жыццёвым успамінам для сваіх сённяшніх выхаванцаў. І, мабыць, такая накіраванасць на вынік дарагога варта і шмат аб чым гаворыць без лішніх слоў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: