Нагрудныя знакі «Выдатнік адукацыі» ўручаны педагогам Гродзенскай вобласці
28.08.2023Напярэдадні 1 верасня ў Гродне ўручылі заслужаныя ўзнагароды лепшым педагогам вобласці. Праца 7 з іх адзначана вышэйшай узнагародай для работнікаў сістэмы адукацыі краіны. Нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” прадстаўнікам Гродзенскай вобласці падчас жнівеньскай нарады ўручыў дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Міхаіл Мірончык, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Ад таго, як спрацуе ў новым навучальным годзе кожны асобна ўзяты педагагічны калектыў, залежыць агульны вынік ужо ў маштабе краіны. Перад сістэмай адукацыі Беларусі сёння стаяць вялікія і важныя задачы, — адзначыў М.Мірончык і падзяліўся здагадкай, што з улікам вялізнага патэнцыялу сістэмы адукацыі Гродзеншчыны з пастаўленымі задачамі тут справяцца.
Імёны выдатнікаў адукацыі рэгіёна прагучалі з нагоды свята і як ацэнка значнасці іх працы, і як своеасаблівы ідэал, да якога трэба імкнуцца сучаснай моладзі ў прафесіі педагога.
Сярод лепшых — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школа № 3 Ашмян Яніна Іванаўна Жвірыдоўская. Дзякуючы творчай ініцыятыве, пастаяннаму метадычнаму пошуку педагога, яе навучэнцы праяўляюць вялікую цікавасць да гісторыі, паказваюць высокія вынікі на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды, з’яўляюцца фіналістамі міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды.
— Гаворачы пра сваю прафесію, мне згадваюцца радкі з беларускай песні: “Я ўдзячны лёсу, што з усіх краёў ён выбраў для мяне навекі гэты”. Гэта насамрэч так. У прафесіі я 42 гады, сыходзіла толькі ў дэкрэтны водпуск. Вельмі хочацца дапамагчы навучэнцам знайсці сваё месца ў жыцці. Я лічу гэта сваёй мэтай, — сказала Я.Жвірыдоўская.
У цэнтры ўвагі была таксама дырэктар астравецкай гімназіі № 1 Алена Чаславаўна Севасцьян. У 2023 г. гімназія атрымала статус Школы міру.
— Педагогіка патрабуе любові да прафесіі, аддачы, узаемапавагі з усімі суб’ектамі адукацыйнага працэсу. Менавіта любоў да прафесіі наблізіла мяне да такой высокай узнагароды, — падзялілася яна. — Да таго ж па выніках 2022 г. наша гімназія прызнана лепшай сярод навучальных устаноў гарадской мясцовасці па Гродзенскай вобласці. У гімназіі функцыянуюць абласны рэсурсны цэнтр, рэспубліканская інавацыйная пляцоўка. Мы дзелімся сваім педагагічным вопытам за межамі Беларусі, напрыклад, у Расіі.
Сярод выдатнікаў адукацыі — настаўнік матэматыкі гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Тэрэза Юльянаўна Курчэўская. Выпускнікі педагога паказваюць стабільна высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, а ў 2023 г. яны атрымалі адразу 5 стабальных вынікаў на ЦЭ, дыплом І ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Адзначана высокай узнагародай і настаўнік інфарматыкі гродзенскага Ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага Людміла Васільеўна Пранюк. Пад кіраўніцтвам педагога ў 2023 г. навучэнцы сталі прызёрамі ХХVІІ Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі), фіналістамі рэспубліканскага этапу маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”.
Яшчэ адзін выдатнік адукацыі — выхавальнік дашкольнай адукацыі спецыяльнага дзіцячага сада № 3 Ваўкавыска Ларыса Мікалаеўна Грыневіч. Практыка-арыентаваны падыход педагога ў арганізацыі адукацыйнай дзейнасці дазволіў дасягнуць станоўчай дынамікі развіцця і стабільных паказчыкаў эфектыўнасці карэкцыйна-педагагічнай дапамогі выхаванцам групы з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. У 2022 г. вопыт паспяховага выкарыстання тэхналогіі гульнявога навучання для фарміравання пазнавальнай дзейнасці ў выхаванцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату быў прадстаўлены Ларысай Мікалаеўнай на ХІІ Усерасійскім сімпозіуме з міжнародным удзелам.
Сярод узнагароджаных таксама начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Зігмундаўна Тарасюк. Пад яе кіраўніцтвам у раёне забяспечана дзейсная работа з адоранымі навучэнцамі. На працягу апошніх гадоў раён знаходзіцца сярод лідараў вобласці па колькасці дыпломаў, заваяваных вучнямі па выніках заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Высокую ўзнагароду атрымала і намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэза Вацлаваўна Юшкевіч. Са сцэны абласной філармоніі адзначалася, што намаганні Тэрэзы Вацлаваўны накіраваны на стварэнне ўмоў для дынамічнага развіцця сістэмы адукацыі раёна. Асаблівая ўвага ў гэтай рабоце ўдзелена вырашэнню пытанняў даступнасці дашкольнай адукацыі, павышэнню якасці адукацыі, эфектыўнай рэалізацыі кадравай палітыкі, ідэалагічнаму і грамадзянскаму выхаванню.
Источник: https://nastgaz.by