РУС БЕЛ ENG 中文

Школьнікі Бераставіцкага раёна адпачылі ў лагеры на тэрыторыі пагранзаставы

21.08.2023

Распазнавалі сляды на кантрольна-следавой паласе, разбіралі аўтамат і жылі па ваенным распарадку. Школьнікі Бераставіцкага раёна адпачылі ў незвычайным лагеры — на тэрыторыі пагранзаставы, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ужо больш за дзесяць гадоў такі адпачынак з’яўляецца традыцыйным для школьнікаў аграгарадка Пагранічны. 15 хлопчыкаў, якіх аб’ядноўвае цікавасць да пагранічнай службы, на дзевяць дзён могуць акунуцца ў побыт ваеннаслужачых.

— Галоўны паказчык актуальнасці і запатрабаванасці лагера — тое, колькі разоў за час змены адпачывальнікі задаюць пытанне, як трапіць у лагер у наступным годзе, — з усмешкай гаворыць старшая важатая лагера “Юны пагранічнік” Тэрэза Кароль, запэўніваючы, што сёлета гэтае пытанне пабіла ўсе рэкорды.

І гэтаму ёсць лагічнае тлумачэнне: незабыўныя ўражанні ад яркіх падзей. Літаральна кожны дзень для хлопчыкаў 11—13 гадоў быў распісаны па мінутах. Яны займаліся страявой падрыхтоўкай, рукапашным боем, вывучалі тапаграфічныя карты і практыкавалі навыкі арыентавання на мясцовасці, глядзелі і абмяркоўвалі фільмы ваеннай тэматыкі. Да таго ж у займальнай форме яны знаёміліся з гісторыяй 10-й пагранзаставы Гродзенскай пагранічнай групы: пабывалі на магіле Ільі Антохіна, які загінуў, абараняючы заставу.

— Супрацоўніцтва нашай школы з прадстаўнікамі пагранзаставы не абмяжоўваецца толькі лагернай зменай, — дапоўніла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Таццяна Паланейчык. — На працягу навучальнага года пагранічнікі даволі часта сустракаюцца з дзецьмі ў школе ці запрашаюць іх паўдзельнічаць у мерапрыемствах непасрэдна на тэрыторыі заставы. Прычым гэтаму сяброўству ўжо шмат гадоў. Дастаткова сказаць, што ў нашай школе атрад юных сяброў пагранічнікаў існуе з 1962 года.

Цікава, што сяброўства школьнікаў з пагранічнікамі стала зыходным пунктам для маштабнага праекта “Спадчыннікі Перамогі: мы памятаем! Мы ганарымся!”. З мінулага года ён аб’яднаў усе школы Бераставіцкага раёна.

— Мы сфарміравалі тры цэнтры: спартыўны, ваенна-патрыятычны і цэнтр гістарычнай памяці. Спецыфіка іх работы вызначана ў назве. А вынікам іх стварэння стаў шэраг мерапрыемстваў, якія выклікалі вялікую цікавасць у школьнікаў. Гэта не толькі сустрэчы з вайскоўцамі пагранзастаў, але і займальныя квесты, экскурсіі і нават тэматычныя інтэлектуальныя гульні, — удакладніла метадыст бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета Ірына Заміроўская. — Праект добра зарэкамендаваў сябе і працягнецца яшчэ два гады. За гэты час кожная з дзевяці ўстаноў адукацыі раёна далучыцца да работы названых цэнтраў.

Субяседніца таксама дадала, што зладжаная работа ўсяго педагагічнага калектыву дапамагае дасягнуць галоўнай мэты праекта — сфарміраваць пачуццё гордасці за родную Беларусь і засяродзіць увагу школьнікаў на вельмі важным моманце — павазе і шанаванні дзяржаўных сімвалаў.

Источник: https://nastgaz.by