РУС БЕЛ ENG 中文

Не толькі педагагічныя і аграрныя — у школах Гродзенскай вобласці з’явяцца інжынерныя класы

18.08.2023

У новым навучальным годзе старшакласнікам Гродзеншчыны прапануюць навучанне ў інжынерных класах, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Новаўвядзенне запланавана практычна ў кожным раёне вобласці і дапоўніць ужо распачатую работу па арганізацыі ва ўстановах адукацыі класаў прафесійнай накіраванасці. Плануецца адкрыць класы або групы інжынернай накіраванасці ў 31 установе адукацыі. Навукова-метадычнае забеспячэнне будзе ажыццяўляць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

— У інжынерных класах дзеці на павышаным узроўні будуць вывучаць фізіку, матэматыку, хімію і біялогію. Акрамя гэтага, яны будуць наведваць факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраю інжынерную прафесію”, “Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту”, — расказала начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская.

Новаўвядзенне запланавана практычна ў кожным раёне вобласці. Але самая вялікая колькасць навучэнцаў інжынерных класаў плануецца ў Гродне. З’явіцца такая прафілізацыя, напрыклад, у Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко, гарадской гімназіі № 2, ліцэі № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага, сярэдніх школах № 34, № 28 імя В.Д.Сакалоўскага, № 38 імя Кірылы Тураўскага і іншых установах адукацыі.

Напярэдадні адкрыцця такіх класаў вывучаліся запыты навучэнцаў. Акрамя таго, у прыняцці рашэння аб адкрыцці інжынернага класа або групы ўлічваліся магчымасці канкрэтнай установы адукацыі: кадравыя рэсурсы, матэрыяльна-тэхнічная база. Што тычыцца вучняў, то галоўнае патрабаванне да жадаючых вучыцца ў класах інжынернай накіраванасці — сярэдні бал атэстата і адзнакі па прадметах, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні, не ніжэйшыя за сем балаў.

У школах і гімназіях Гродзеншчыны працягнецца работа і з ужо добра знаёмымі профілямі старшых класаў. Класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці сёння існуюць у 18 установах адукацыі вобласці, спартыўна-педагагічныя — у 9, аграрныя — у 57. Сярод апошніх у гэтым пераліку асаблівай увагі заслугоўвае вопыт работы сярэдняй школы № 2 Смаргоні. У мінулым годзе дзевяць выпускнікоў класа аграрнай накіраванасці гэтай школы паступілі на аграрныя спецыяльнасці УВА.

З 2015 года на Гродзеншчыне функцыянуюць і педагагічныя класы. У 75 такіх класах сёлета будуць вучыцца больш за 900 школьнікаў.

— Прафарыентацыйная работа стартуе ў профільных класах старшай школы. Не менш важнай з’яўляецца і работа па замацаванні маладых кадраў, якія ўжо дакладна вызначыліся з выбарам прафесійнага шляху. Мы шмат гадоў актыўна працуем у гэтым напрамку, — дадала Святлана Станіславаўна.

У якасці прыкладу дастаткова сказаць, што традыцыйная школа маладога педагога з году ў год збірае ў Гродне не толькі настаўнікаў Прынёманскага краю. Па карысны вопыт сюды едуць педагогі і з іншых абласцей, бо ведаюць, што атрымаюць не толькі багаж карысных ведаў, але і пачуццё задавальнення ад датычнасці да выбранай прафесіі.

— Застацца ў педагогіцы маладому спецыялісту лепш за ўсё дапамагаюць зносіны з тымі, хто па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу. Менавіта такія прадстаўнікі нашай прафесіі дзеляцца сваім вопытам і напрацоўкамі ў школе маладога педагога, — адзначае С. Кавалеўская.

Спікерамі тут выступалі дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Іх прафесійны шлях пачынаўся ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці, і як педагогі яны сказалі сваё важкае слова ў рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”.

Прымаючы рашэнне аб тым, ці пайсці ў педагагічны клас, сённяшнім школьнікам важна разумець, што педагогіка — гэта неабмежаваная пляцоўка для самарэалізацыі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: