РУС БЕЛ ENG 中文

На палях вучэбнай гаспадаркі Бераставіцкага каледжа збіраюць кавуны, а збожжа здзіўляе ўраджайнасцю

11.08.2023

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” на свае вочы ўбачыла, што значыць гаспадарскі падыход да вучэбнай гаспадаркі Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа.

На мінулым тыдні тут пачалі ўборку збожжавых культур і першыя намалочаныя тоны пшаніцы ўжо адправілі ў Ліду. У сваю чаргу, там яны ператворацца ў муку новага ўра­джаю, а ў хуткім часе апынуцца на сталах жыхароў краіны ў выгля­дзе духмяных булачак і хлеба.

І педагогі, і хлебаробы

Дыялог з дырэктарам кале­джа пачаўся ў яго кабінеце. Першае, што з парога кінулася ў вочы, — аздабленне ўтульнага памяшкання шматлікімі граматамі і дыпломамі.

— Вось гэтая ўзнагарода — за лепшую арганізацыю работы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, — не без гордасці адзначае Эдуард Карвацкі, тактоўна змаўчаўшы пра тое, што дыпломы пераможцы абласнога конкурсу каледжу ўручаліся тры гады запар.

Сярод шматлікіх узнагарод позірк міжволі спыняецца на мініяцюрным макеце трактара. Адразу за ім — сертыфікат, які ўдакладняе нагоду ўручэння ма­дэлькі. Кіраўнік установы адукацыі прадбачыць прафесійную цікаўнасць журналіста:

— Летась на абласным фестывалі “Дажынкі” атрымалі ў падарунак новую тэхніку. І ў нас яна апраўдвае сваё прызначэнне ў двайным аб’ёме. На працягу навучальнага года гэта неабходны навучэнцам інвентар, а падчас уборкі — памочнік і працаўнік. Тэхніка ў нас не прастойвае ні дня, і ў пытанні эксплуатацыі гэта безумоўны плюс: да гарачага часу жніва ўсё гатова без лішніх намаганняў.

Дарэчы, Бераставіцкі каледж — нязменны ўдзельнік абласнога фестывалю “Дажынкі” на працягу многіх гадоў.

У агульнарэспубліканскі каравай

Гутарка з кіраўніком кале­джа мяняе лакацыю: замест ціхага кабінета дыялог працягваецца ў полі пад акампанемент гулу камбайна, які ў рэдкія паўзы гарманічна дапаўняе шэпт каласоў новага ўраджаю. Пакуль камбайн рытмічна цыруе залатое палатно, дырэктар каледжа не без гордасці гаворыць:

— Уборка для нас толькі пачалася, аднак сёння ўжо можам гаварыць пра ўраджайнасць азімай пшаніцы каля 70 цэнтнераў з гектара. Шмат гэта ці не, вырашайце самі, але сярэдні паказчык па рэс­публіцы сёння крыху перавышае лічбу ў 40 цэнтнераў з гектара.

Сакрэт важкага каравая, прызнаецца суразмоўнік, у добра арганізаванай працы загадчыка вучэбнай гаспадаркі кале­джа агранома Генадзя Вербеля. Да таго ж запазычыць вопыт і скарыстацца парадамі тут заўсёды могуць у буйных гаспадарках, размешчаных па суседстве.

Нельга не адзначыць і яшчэ адзін важны момант. Усяго ў вобласці існуе дзевяць аналагічных вучэбных гаспадарак. І толькі бераставіцкая штогод удзельнічае ў праграме дзяржзаказу. У пачатку гэтага тыдня больш за 150 тон харчовай пшаніцы былі адпраўлены ў Ліду, каб перарадзіцца там у муку новага ўраджаю. Усяго ж сёлета ў вучэбнай гаспадарцы Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа плануюць паставіць толькі па гэтым адрасе больш за 350 тон збожжа.

Майстэрства палявой каманды

Гэтая работа пад сілу цэлай камандзе прафесіяналаў, з якіх у полі пры спрыяльным надвор’і працуюць тры чалавекі. За рулём камбайна — механік Валянцін Талочка. Дапаўняюць палявую каманду майстры вытворчага навучання Яўгеній Ермакоў і Дзяніс Язерскі. Штодзень яны пачына­юць працу, як толькі сыдзе раса, а завяршаюць справу хлебаробаў, калі сонца ўжо даўно не ў зеніце.

— З каледжам мяне звязваюць пяць гадоў работы, і роўна столькі ж працую на адвозе збожжа. Складана заставацца ў баку ад уборачнай, калі ты жывеш у аграрным рэгіёне Прынёманскага краю. Да таго ж падчас працяглага водпуску педагагічнага работніка гэта добрая магчымасць падзарабіць, — дзеліцца майстар вытворчага навучання Яўгеній Ермакоў.

Ён мае і вопыт работы памочнікам камбайнера. Так што пра тое, якім нялёгкім шляхам на наш стол трапляе духмяны кавалак хлеба, ведае не па чутках. Зрэшты, і для яго калегі Дзяніса Язерскага, які ў полі ў час жніва адказвае за супрацьпажарную бяспеку, жніво не проста слова.

— Адразу пасля заканчэння школы выходзіў у поле памочнікам камбайнера, ну а сёлета мая зона адказнасці бяспека, — удакладняе суразмоўнік.

Надыходзячы навучальны год Дзяніс Язерскі ўпершыню сустрэне ў новым статусе — як майстар вытворчага навучання. Да гэтага з каледжам маладога чалавека звязвалі некалькі гадоў вучобы. Нядаўні выпускнік бераставіцкай кузні кадраў сёлета пачынае на малой радзіме свой працоўны шлях пасля праходжання воінскай службы. Ён з усмешкай дадае, што хваляванняў з гэтай нагоды не адчувае: яго новы этап стартуе ў добра знаёмым месцы, з якім яго многае звязвае.

Экзотыка па-бераставіцку

За вучэбнай гаспадаркай каледжа замацавана больш за 180 гектараў зямельнай плошчы. І вырошчваюць тут не толькі збожжавыя культуры. На палях суседнічаюць не толькі традыцыйныя для нашых шырот морква, буракі і капуста. Збіраюць тут і свае кавуны з бахчы, а ў цяпліцах — духмяныя дыні.

— У рабоце з так званай экзотыкай робім толькі першыя крокі. Але магу сказаць, што небеспаспяхова. Некалькі гадоў назад удзельнічаў у рэспубліканскім педсавеце ў сталіцы і з задавальненнем вёз тады на пробу калегам два дзесяцікілаграмовыя кавуны з бахчы каледжа, — успамінае Эдуард Карвацкі.

Спеюць сакавітыя паласатыкі і сёлета, але дырэктар кале­джа наракае на надвор’е: для кавуноў яно сапраўды не задалося. Тым часам у цяпліцах набіраюцца сілы духмяныя дыні. У замкнёнай прасторы чуецца гудзенне пчол — у вучэбнай гаспадарцы займаюцца і пчалярствам. Прычым маюць поспех і ў гэтай справе. Сабраны мёд на працягу ўсяго года можна набыць у фірменным магазіне каледжа, добра знаёмым усім жыхарам раёна.

— Летась траплялі ў магазін у тым ліку вырашчаныя намі кавуны з дынямі. А ў найбліжэйшыя гады спіс “замежнікаў”, можа, папоўніцца яшчэ і персікамі. У мінулым годзе паса­дзілі некалькі персікавых дрэў, — не перастае здзіўляць Эдуард Уладзі­міравіч.

Працягваючы знаёмства з тым, што спее ў вучэбнай гаспадарцы, міжволі спыняюся яшчэ каля адной культуры з адзнакай “экзотыка”. Настойліва цягнуцца да зямлі шчодрыя гронкі вінаграду. Эдуард Уладзіміравіч, убачыўшы маё здзіўленне, запэўнівае: “Нічым не саступае вінаграду з Малдовы ці Узбекістана”.

Даспадобы навучэнцам

На заканамернае пытанне, ці ўдзельнічаюць у работах па дог­лядзе і зборы сельскагаспадарчых культур навучэнцы, суразмоўнік адказвае:

— Безумоўна. Кожны год нашы навучэнцы прыма­юць удзел ва ўборцы бульбы і яблыкаў. А для моладзі, якая выбрала спецыяльнасць “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, у асенне-вясновы перыяд нашы палі — гэта яшчэ і пляцоўка для ўдасканальвання навыкаў ваджэння. Мы рыхтуем не проста так званых асфальтавых трактарыстаў. Нашы выпускнікі ведаюць, як выходзіць на тэхніцы ў поле.

Да таго ж вядзенне гаспадаркі — вялікая справа для пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы адукацыі. Атрыманыя сродкі ідуць на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа. Прычым адчуць на сабе вынік такога гаспадарскага падыходу да справы могуць у тым ліку і навучэнцы каледжа. Вырашчаная на мясцовых палях агародніна на харчаблок установы адукацыі трапляе па сабекошце. Як вынік — значна таннее меню навучэнцаў, што дазваляе зрабіць порцыі больш важкімі і збалансаванымі.

— Увогуле, праца на зямлі вельмі дысцыплінуе чалавека. Для нашых вучняў гэта не проста вопыт самаарганізацыі, а свое­асаблівы дапаможнік, які ву­чыць павазе да працы і сваёй малой радзімы, — падагульняе Эдуард Карвацкі.

І з гэтымі словамі складана не пагадзіцца.

 

Источник: https://nastgaz.by/