РУС БЕЛ ENG 中文

Алеся Давыдзік: «Мару, каб навучэнцы сталі дастойнымі людьмі, рэалізаваліся ў прафесіі»

10.08.2023

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 40 імя В.І.Крамко Гродна Алеся Валер’еўна Давыдзік лічыць важным не толькі добра выкладаць свой прадмет, але і выхоўваць у дзецях такія якасці, як сумленнасць і давер, падтрымка і разуменне, спачуванне і дабрыня.

Алеся Давыдзік нарадзілася ў Казахстане, а калі бацькі пераехалі ў Беларусь, пачала вучыцца ў Скідзельскай сярэдняй школе. У дзяцінстве марыла стаць вучоным, таму і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У 2008 годзе скончыла ГрДУ, атрымаўшы спецыяльнасць “Біялогія. Навукова-педагагічная дзейнасць” з прысваеннем кваліфікацыі “біёлаг, выкладчык біялогіі і хіміі”.

— Ніколькі не шкадую, што звязала свой лёс не з навукай, а з адукацыяй. Я люблю працаваць з дзецьмі, гэта велізарны інтэнсіў бадзёрасці, пазітыву. Прыходзіцца заўсёды быць у тонусе, расслабляцца няма калі. На мой погляд, настаўнік павінен быць кампетэнтным, матываваным, вынаходлівым і мець пачуццё гумару, — лічыць Алеся Валер’еўна.

Па размеркаванні малады педагог прыйшла праца­ваць у Скідзельскую сярэднюю школу, дзе яе сустрэў цудоўны калектыў. Адміністрацыя ўстановы адукацыі і калегі далі магчымасць паглыбіцца ў прадмет, і Алеся поўнасцю аддалася рабоце. Ужо тады пад кіраўніцтвам настаўніцы навучэнцы пачалі пісаць навуковыя работы, развіваўся алімпіядны рух.

Замужжа, нараджэнне дзіцяці і пераезд у Гродна прадвызначылі далейшы прафесійны лёс педагога. Спачатку яна працавала ў сярэдняй школе № 35 Гродна, а праз два гады перайшла ў сярэднюю школу № 40 імя В.І.Крамко.

— Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце навуковы кіраўнік Алег Віктаравіч Созінаў зарадзіў мяне навукова-пазнавальнай энергіяй, якая насуперак біяхімічным законам працягвае падсілкоўваць мяне на працягу 12 гадоў работы ў школе і з’яўляецца аднаўляльнай энергіяй. Яе крыніца для мяне — вучні. Так, можа, не заўсёды дапытлівыя, але ў гэтым і заключаецца задача настаўніка — выклікаць цікавасць (бо, як вядома, цікавае запамінаецца лягчэй), заахвоціць да дзеяння, натх­ніць на адкрыцці. Ра­зам з навучэнцамі мы ўдзельнічаем у экалагічных акцыях, рэс­публіканскім адукацыйным праекце “Зялёныя школы” — наша школа мае статус “Зялёная школа”. Дзеці выконва­юць даследчыя работы, з якімі прымаюць выніковы ўдзел у канферэнцыях раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Вопыт арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці адлюстраваны ў публікацыях у “Настаўніцкай газеце” і ў часопісе “Біялогія і хімія”, — расказвае педагог.

Крыніца сілы і натхнення для Алесі Давыдзік — сям’я, у аснове якой — каханне і цеплыня, клопат і разуменне. Педагог удзячна за падтрымку і вучням, і калегам з роднай сярэдняй школы № 40 імя В.І.Крамко Гродна.

Галоўны прынцып заняткаў Алесі Давыдзік — нагляднасць. Яна шыро­ка выкарыстоўвае натуральныя аб’екты (мікрапрэпараты, гербарыі і калекцыі, якія папаўняюцца дзякуючы вучням), малюнкі, схемы і таб­ліцы, якія дазваляюць структураваць вучэбны матэ­рыял. Для візуалізацыі аб’ектаў і працэсаў настаўніца стварае інтэрактыўныя заданні ў вэб-сэрвісах Wordwall, Genial, LearningApps, Padlet. Для замацавання і праверкі ведаў выкарыстоўвае створаныя ў Google Form тэставыя заданні, якія дазваляюць правесці карэкцыю ведаў вучняў на ўроку.

— Галоўная задача настаўніка — навучыць дзяцей вучыцца, — упэўнена Алеся Валер’еўна, — навучыць крытычна думаць для ўстанаўлення прычынна-выніковых сувязей з мэтай разумення адзінства жывых арганізмаў, узаемасувязі працэсаў іх жыццядзейнасці. Поспех педагога выяўляецца ў паспяховасці навучэнцаў.

У Алесі Давыдзік атрымліваецца зацікавіць школьнікаў сваім прадметам, далучыць матываваных вучняў да алімпіяднага руху. Два гады назад выпусцілася Лізавета Урбановіч, якая з навукова-даследчай работай дайшла нават да міжнароднага ўзроўню, прыняўшы ўдзел у арганізаванай Міністэрствам лясной гаспадаркі Расіі міжнароднай канферэнцыі. Лізавета таксама заваявала дыплом II ступені на заключным этапе XXXI Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, годна прадставіўшы даследчы праект “Экалогія першацветаў помніка прыроды “Лесапарк Румлёва”.

На пытанне, якія яе сённяшнія навучэнцы, настаўніца адказала:

— Такія ж актыўныя, як і я, бо за мной трэба яшчэ пас­пець. І яны паспяваюць. А яшчэ працавітыя, сумленныя, гатовыя да ўдзелу ў новых праектах і конкурсах, прычым не толькі навукова-даследчых, але і інтэлектуальных. Два гады назад у складзе каманды 10-х класаў нашы навучэнцы добра праявілі сябе ў рэспубліканскім адукацыйным праекце “Ліга ведаў”, заняўшы сярод 700 каманд 1-е месца. Прыемна, што дзецям цікавыя мае ўрокі. Тое, што нельга паказаць на сапраўдных аб’ектах, заўсёды стараюся прадэманстраваць з дапамогай схемы ці табліцы, прапанаваць інтэрактыўнае заданне, каб максімальна наблізіць вучняў да разумення працэсаў, якія адбываюцца ў арганізмах. Урок атрымліваецца жывым: сухой падачай матэрыялу нікога не зацікавіш.

Для настаўніцы важна любіць не толькі свой прадмет, але і вучняў, не забываць аб выхаванні асобасных якасцей.

На думку Алесі Давыдзік, настаўнік павінен не толькі вучыць, але і вучыцца. Яна прымае актыўны ўдзел у пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання, супрацоўнічае з Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, праводзіць вучэбныя семінары па даследчай дзейнасці навучэнцаў. Калі прапанавалі распрацаваць урокі для 10 класа для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, з задавальненнем узялася за справу і падышла да гэтага творча. Акрамя адукацыйнага кантэнту, дабавіла яшчэ і інтэрактыўны, каб не проста даць гатовы матэрыял, а прапанаваць дзецям знайсці нешта самастойна, праявіць ініцыятыву. Настаўніца таксама ўдзельнічала ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Значным крокам у прафесійным жыцці стаў удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

— Гэтыя спаборніцтвы развіваюць творчы патэнцыял, матывуюць да актыўнай дзейнасці і дазваляюць пазнаёміцца з таленавітымі педагогамі краіны, — пераканана Алеся Давыдзік. — Яшчэ да ўдзелу ў конкурсе ў мяне быў распрацаваны майстар-клас, які давала ў школе. Была і свая педагагічная сістэма, бо некалькі гадоў назад я атрымала вышэйшую катэгорыю. Заставалася правесці ўрок у незнаёмым класе. Падчас абласнога этапу адчула сур’ёзную канкурэнцыю, але ж справілася. Конкурс “Настаўнік года” — шыкоўная пляцоўка для развіцця. Шкада, што ён праходзіць не штогод, хацелася, каб часцей загараліся зоркі таленавітых педагогаў.

Сакрэт свайго прафесійнага майстэрства Алеся Валер’еўна бачыць у пазітыве:

— Як бы ні было складана, без энтузіязму і пазітыўнага настрою цяжка рухацца наперад і натхняць кагосьці сваімі ідэямі, калі ў іх самому не верыць. Таму неабходна выкладвацца на сто працэнтаў і не проста даказваць, а пераконваць іншых у сваіх ідэях. А каб дзеці табе верылі, трэба быць сумленным з імі. Мару, каб мае навучэнцы сталі дастойнымі людзьмі, рэалізаваліся ў прафесіі. Гэта самае галоўнае для настаўніка. Адчуваю за іх адказнасць, нават калі яны выпусціліся са школы, сустракаюся і радуюся іх поспехам.

Ірына АНІКЕВІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/