Людміла Мароз — пра новыя праекты, таленавітых настаўнікаў і ўласны шлях у педагогіцы
09.08.2023Напярэдадні новага навучальнага года пра новыя праекты, таленавітых педагогаў і ўласны шлях у педагогіцы карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз, улюбёная ў сваю работу і родны край.
Пра творчыя кадры
— Крэатыўныя кадры, педагогі-прафесіяналы, цалкам адданыя сваёй прафесіі — наша галоўная каштоўнасць. Гэта мая апора — з імі не страшна, як кажуць, і ў бой пайсці. Цікава, што многія нашы выпускнікі, атрымаўшы педагагічную адукацыю, вяртаюцца працаваць на родную Навагрудчыну. Гэтае месца нібыта прыцягвае. Вось і зараз на работу ў нашы ўстановы адукацыі заступяць маладыя спецыялісты — ініцыятыўныя, у якіх гараць вочы. Скажу больш — выпадковых людзей у нашай няпростай справе няма. Калі не хапае натхнення і таленту, людзі доўга не затрымліваюцца. І наадварот: былі выпадкі, калі нашы педагогі спрабавалі сябе ў іншай галіне, але потым вярталіся, бо без настаўніцтва літаральна не маглі існаваць.
Пра крэатыўныя праекты
— У новым навучальным годзе мы працягнем рэалізоўваць нашы цікавыя праекты, ёсць і новыя. Напрыклад, «Фарміраванне чытацкай пісьменнасці навучэнцаў з дапамогай тэхналогій прадукцыйнага чытання». Аўтар методыкі — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Навагрудка Алена Байрашэўская. Яе праект аказаўся настолькі ўдалы, што мы плануем распаўсюдзіць яго на ўвесь раён. Рэалізоўваць яго збіраемся таксама і ў шосты школьны дзень.
Ганарымся мы і музейнай педагогікай. Навагрудчына ўвогуле край музейны, людзі ў нас творчыя. Музеі ці экспазіцыі ёсць амаль у кожнай установе адукацыі раёна, і не толькі традыцыйныя краязнаўчыя. Уявіце сабе — у Пятрэвіцкай сярэдняй школе працуе музей фатаграфіі, у Гарадзечанскай сярэдняй школе — музей лялек. Таксама ў нас ёсць музей чаю, ёлачнай цацкі, а ў спецыяльнай школе-інтэрнаце Навагрудка — экспазіцыя, прысвечаная творчасці Уладзіміра Высоцкага, які, дарэчы, некалі наведваў наш горад. Ёсць і музей ільну ў гімназіі № 1 Навагрудка, у сярэдняй школе № 7 — унікальны інтэрактыўны музей «Назад у СССР»: мы прапануем наведвальнікам пакаштаваць пончыкі за 2 капейкі, якія былі ў савецкіх сталовых, прымераць адзенне тых часоў, панюхаць пудру «Гваздзік», якой карысталіся нашы бабулі, і гэтак далей. Раю завітаць і ў музей часу сярэдняй школы № 4. Усё гэта — дзякуючы ініцыятыўным педагогам!
Паспяховым лічу праект «Бацькоўскі інтэнсіў». Мы разам з прадстаўнікамі раённага аддзела па надзвыйчайных сітуацыях, камісіі па справах непаўналетніх, іншых структур прыходзім да бацькоў на прадпрыемствы раёна, праводзім з імі размовы, кансультацыі. Напрыклад, па бяспецы дзяцей у летні ці зімовы перыяд. Таксама арганізавалі кансультацыйны пункт па занятасці дзяцей на канікулах. Загадзя рыхтуем для гэтых сустрэч тэматычныя плакаты, памяткі, канспекты.
Пра выхаванне патрыётаў
— Па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі Навагрудчына выходзіць на новы якасны ўзровень. Педагогі ствараюць для школьнікаў экспазіцыі па тэме генацыду беларускага народа. Найбольш змястоўныя — у сярэдніх школах № 4, 5, 7. Таксама праводзім экскурсіі з максімальным паглыбленнем у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны — гэтаму спрыяе практыка, калі вучні выступаюць у ролі экскурсаводаў, расказваюць рэальныя гісторыі ахвяр вайны. Мэта такіх аповедаў — зачапіць дзіця, выклікаць эмацыянальны водгук у яго душы, бо менавіта тады жахі вайны ўрэжуцца ў дзіцячую памяць. Падчас прэзентацый школьнікі-экскурсаводы нават чытаюць аўтарскія вершы. Такія творчыя групы дзяцей і педагогаў існуюць амаль у кожнай школе.
А цудоўны праект «Цягнік Памяці» — я ганаруся, што два нашы вучні сталі першапраходцамі, ездзілі ў мінулым годзе на гэтым цягніку, а потым увесь год расказвалі пра свае ўражанні, арганізавалі фотавыставу. Сёлета вучаніца 10-га класа адной з нашых школ таксама адправілася ў падарожжа па памятных мясцінах.
Зусім новы праект — «Патрыятычны дэсант»: разам з прадстаўнікамі сілавых структур, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы мы прыходзім у навучальныя ўстановы і арганізоўваем для старшакласнікаў «Альтэрнатыўны дзень» — вядзём з імі адкрыты дыялог на актуальныя тэмы.
Асаблівая ўвага — піянерскаму руху, у кожнай школе ёсць піянерскія дружыны, пярвічныя арганізацыі БРСМ. Маё ўласнае дзяцінства прыйшлося на зменлівыя 90-я, таму піянерам у свой час я не стала. Але ж дачакалася! Ужо ў сталым узросце, літаральна ў прошлым годзе, мяне пачэсна прынялі ў піянеры навучэнцы сярэдняй школы № 7 Навагрудка.
Пра планы на год
— Жнівень для педагога, напэўна, самы гарачы месяц — рамонты, справаздачы, камісіі. Трэба ўсё прывесці ў парадак да 1 верасня. Разам з прадстаўнікамі нашага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі аб’язджаем усе аб’екты загадзя, каб быў час выправіць
недахопы. У гэтым годзе шмат увагі ўдзяляем рамонту дахаў навучальных устаноў. Прыводзім у парадак тэрыторыі каля школ і дзіцячых садоў. У дзіцячым садзе № 6 поўнасцю абнавілі харчаблок. Сёння яго калектыў мае выдатныя ўмовы для працы, якія адпавядаюць усім санітарным патрабаванням. Таксама пабудавалі многафункцыянальную фізкультурную пляцоўку на базе сярэдняй школы № 7. У нашым раёне так павялося, што пасяджэнні калегій праводзім кожны раз на базе якой-небудзь навучальнай установы. Такім чынам, усе яны стараюцца заўсёды быць у поўнай гатоўнасці, бо ведаюць, што ў наступны раз пляцоўкай для сустрэчы могуць выбраць іх школу ці садзік. Гэта добрая практыка!
Дарэчы, у рэспубліканскім праекце па школьным харчаванні прымаюць удзел ужо 12 з 16 школ нашага раёна — актыўна ідзе рэарганізацыя па новай сістэме. Справа сур’ёзная — трэба ўсё добра спланаваць, набыць неабходнае абсталяванне. Работы шмат!
Пра сябе і родную Навагрудчыну
— Я з дзіцячага сада хацела стаць настаўніцай. Так і адбылося: па мэтавым накіраванні паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (бо хацела вярнуцца ў родны горад), стала выкладчыцай матэматыкі. Настаўнічала ў сярэдняй школе № 4, потым стала намеснікам дырэктара. Затым — дырэктарам сярэдняй школы № 7, якую скончыла сама. Як матэматык сваю работу заўсёды старалася арганізаваць так, каб выйсці ў плюс, — дасягнуць станоўчага выніку. З 2019 года працую начальнікам упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама.
Ведаеце, кожны куток нашага горада дыхае гісторыяй, да таго ж ён знаходзіцца на вышыні 320 метраў над узроўнем мора: клімат у нас унікальны. Гэта робіць Навагрудак непадобным да ніякага іншага горада — зіма ў нас снежная, як на горным курорце. Старажытныя будынкі, Навагрудскі замак на вяршыні гары… Пэўных вяршынь стараемся дасягнуць і ў адукацыі — павысіць яе якасць, выхаваць дастойных людзей. Гэтым жыву сама, гэтаму спрыяюць і нашы выдатныя, ініцыятыўныя педагогі.
Источник: https://nastgaz.by/