РУС БЕЛ ENG 中文

Да арганізацыі летняга адпачынку дзяцей кіраўнікі лагера «Бярозка» падыходзяць адказна і творча

01.08.2023

Напрыканцы кожнай змены ў аздараўленчым лагеры “Бярозка” Лідскага раёна выхаванцы задаюць важатым адно і тое ж пытанне. Яны цікавяцца, ці будуць педагогі працаваць тут наступным летам, і дамаўляюцца сустрэцца зноў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Асаблівая гордасць загараднага аздараўленчага лагера “Бярозка” Лідскага раёна — яго педагогі. Пачынаючы з 2015 го­да склад важатых не мяняецца, яны адной і той жа камандай прыязджаюць у “Бярозку”, куды за імі едуць іх выхаванцы.

“Бярозка” — самы запатрабаваны лагер у Лідскім раёне, — расказвае дырэктар установы Аліна Каргіна. — Пуцёўкі на ўсе змены былі рэалізаваны ў лічаныя дні задоўга да пачатку канікул. Не буду хаваць: боль­шасць выхаванцаў у “Бярозцы” штогод паўтараюцца, яны вяртаюцца сюды за сваімі важатымі. Для іх напярэдадні аздараўленчай кампаніі ў цэнтры творчасці арганізоўваем школу важацкага майстэрства. Дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы, у лагер яны прыязджаюць з багатым метадычным матэрыялам”.

Следам за дзецьмі прыяз­джае ў лагер і яго дырэктар. Аліна Каргіна прызнаецца, што вельмі любіць “Бярозку” і не ўяўляе для сябе іншага летняга  адпачынку.

“Я пачала прыязджаць у лагер, калі працавала намеснікам дырэктара ў сярэдняй шко­ле № 17 Ліды, — гаворыць А.Каргіна. — Калі ў 2015 годзе прапанавалі стаць дырэктарам “Бярозкі”, адразу згадзілася”.

Падчас кожнай з чатырох змен у “Бярозцы” адпачываюць 150 дзяцей. Для малышоў малодшага школьнага ўзросту на тэрыторыі летніка выдзелены асобны корпус. Падлеткі селяцца ў мадэрнізаваных хатках на першым паверсе, другі паверх адведзены для важатых. Архітэктура хатак так прадумана, што важатым, каб падняцца ў свае пакоі, не трэба заходзіць да дзяцей: лесвіца на другі паверх пачынаецца на ганку. 

“Падлеткам вельмі падабаецца жыць у такіх хатках, — зазначае дырэктар лагера. — Ім хочацца быць самастойнымі, дарослымі, таму, здараецца, нават пачынаюць спрачацца за тое, хто дзе паселіцца. Але мы заўсёды знаходзім кампраміс, таму задаволенымі застаюцца ўсе”. 

Да арганізацыі летняга адпачынку дзяцей кіраўнікі “Бярозкі” падыходзяць адказна і творча. Ужо стала добрай традыцыяй падчас кожнай змены рэалізоў­ваць новыя праекты.

“Трэцяя экалагічная змена называецца “Смела крочым па зялёнай планеце за 18 дзён лета”, — тлумачыць намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Марына Ляскоўская. — Падчас яе дзеці вывучаюць не проста кветкі і расліны, але і іх лекавыя ўласцівасці. Адначасова з гэтым праектам у нас рэалізоўваецца падпраект “Азбука”. Яго сэнс у тым, што выхаванцы кожны дзень вывучаюць назвы кветак на вызначаную літару”.

Для таго каб стымуляваць актыўнасць дзяцей, педагогі што­дзень праводзяць конкурс “Лідар дня” — вызначаюць самых актыўных. Тыя, у каго найбольшая колькасць балаў, атрымліваюць адпаведны значок і стужку, якую носяць на наступны дзень.

“Каб стаць пераможцам, трэба быць першым ва ўсім і зарэкамендаваць сябе лідарам атрада, — працягвае М.Ляскоўская. — Вызначэнне актыўных дзяцей праходзіць вечарам ля кастра, калі збіраемся на лобным месцы. На працягу дня выхаванцы могуць паглядзець, колькі балаў атрымаў іх атрад і на якім месцы знаходзіцца ў камандным заліку. Для гэтага мы стварылі папяровыя кошыкі, на якія наклейваем кветкі вызначанага колеру. Калі ў кошыку больш чырвоных кветак, значыць, атрад перамог. А тыя, хто прайграе, пачынаюць больш старацца: стаць лідарам дня і насіць адпаведную стужку — гэта вельмі ганарова”.

Пасля таго як летняя аздараўленчая кампанія завершыцца, “Бярозка” будзе рыхтавацца да зімы. Аліна Каргіна прызналася, што лагер не мае патрэбы ў рэкламе, бо знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, быццам на асобнай зялёнай планеце. Зімой на яе тэрыторыі размяшчаецца рэзідэнцыя Дзеда Мароза, а гэта значыць, што дзіцячыя галасы тут гучаць пастаянна.

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: