РУС БЕЛ ENG 中文

Чаму так папулярнае аддзяленне спартыўна-тэхнічнай творчасці Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі

07.08.2023

Больш за 2 тысячы навучэнцаў наведваюць 172 аб’яднанні па інтарэсах Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Пра адно з шасці аддзяленняў — спартыўна­-тэхнічнай творчасці, пляцоўкі якога працуюць і летам, раскажа карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Аддзяленне ўключае ў сябе як спартыўныя аб’яднанні, так і аб’яднанні тэхнічнага кірунку, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца робататэхніка, авіямадэляванне і трасавае аўтамадэляванне. Працуе таксама пляцоўка “IT-куб”, дзе дзеці займаюцца вывучэннем моў праграмавання. Спартыўны сектар прадстаўлены такімі аб’яднаннямі, як “Школа самаабароны”, спартыўны клуб імя У.Б.Шурупава, секцыямі па веславанні на байдарках і каноэ, таэкван-до. Тэхнічная творчасць уключае пачатковае тэхнічнае ма­дэляванне, авіямадэляванне, стэндавы мадэлізм, аўтамадэлізм, робататэхніку, пачатковае тэхнічнае канструяванне.

Аб’яднанні аддзялення спартыўна-тэхнічнай творчасці наведваюць больш як 500 дзяцей з розных школ горада і раёна. Выхаванцы пастаянна прымаюць удзел у рэспубліканскіх, абласных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах і конкурсах, становяцца пераможцамі. Усе дасягненні не былі б магчымымі без таленавітых, захопленых сваёй справай педагогаў.

— У нас створаны ўсе ўмовы для паспяховай рэалізацыі адукацыйных праграм, якія дапамагаюць навучэнцам асвойваць перадавыя тэхналогіі, атрымліваць практычныя навыкі ў галіне робататэхнікі, тэхнічнага канструявання і мадэлявання, стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі, а таксама раз­віваць сілу, вынослівасць, лідарскія якасці. Кожны год мы адкрываем аб’яднанні новай накіраванасці, напрыклад, адно з самых маладых — “РобатаЦэнтр”, кіраўніком якога я з’яўляюся, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірына Поскіна.

Аб’яднанне “РобатаЦэнтр” працуе з 2020 года, з групы ў 6 чалавек яно вырасла да 32 навучэнцаў. Пачынаючы з 1 класа дзеці знаёмяцца з асновамі LEGO-канструявання, праграмавання і робататэхнікі. У 2022 го­дзе аддзяленне атрымала грант Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь на адкрыццё міні-музея “Канструктар”.

— Праект у стадыі распрацоўкі, рыхтуем памяшканне. Музей будзе інтэрактыўны, наведвальнікі атрымаюць магчымасць не толькі пагуляць, але і сабраць сваю мадэль, — расказвае Ірына Канстанцінаўна.

Дзеці праяўляюць вялікую цікавасць да заняткаў, робяць праекты ў розных кірунках, часта даволі складаныя, і дэманструюць поспехі, абараняючы іх. У гэтым годзе юныя канструктары атрымалі 4 дыпломы як у камандным, так і ў асабістым заліку. У абласным робатурніры дыпломы III ступені ў розных намінацыях заваявалі Арцём Мікульчык, Ягор Краеўскі, Цімафей Еўтушык і Аляксей Мацяюк.

Аб’яднанні “Трасавы аўтамадэлізм” і “Стэндавы мадэлізм” вядзе педагог Аляксандр Сяргеевіч Хацук. Навучэнцы даведваюцца пра сучасныя тэхналогіі апрацоўкі розных матэрыялаў, пра асновы праектавання аўтамабіля. Мадэляванне і канструяванне пашырае іх тэхнічны кругагляд, развівае канструктарскія здольнасці, тэхнічнае мысленне, матывацыю да творчага пошуку, тэхнічнай дзейнасці, дапамагае ў выбары будучай прафесіі. Дзякуючы адкрытаму ў 2021 годзе новаму напрамку “Стэндавы мадэлізм”, падлеткі могуць навучыцца ствараць копіі рэальных прадметаў у выбраным маштабе. Яны атрымліваюць пачатковыя веды з розных тэхнічных галін, знаёмяцца з гісторыяй стварэння аб’екта і яго тэхнічнымі асаблі­васцямі, працуюць з чарцяжамі і схемамі.

Юныя аўтамадэлісты ўдзельнічалі ў чэмпіянаце Беларусі, адкрытых кубках Беларусі і Гродзенскай вобласці, розных раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У гэтым годзе яны сталі ўдзельнікамі XXI Рэс­публіканскай спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту, дзе ў абласную каманду з 6 чалавек увайшлі трое шчучынцаў. Каманда Гродзенскай вобласці заняла 2-е месца, а ў асабістых заліках узнагароды заваявалі Павел Белаец, Артур Васько і Ілья Белаец.

Свой стыль мае і адкрытая на базе палаца дзіцячая тэлестудыя PRО100TV. У мінулым навучальным годзе была створана сучасная відэастудыя. Тут ва ўтульнай атмасферы здымаюцца ролікі, рэпартажы, робяцца фотаздымкі. Вядзе заняткі педагог дадатковай адукацыі Ігар Андрэевіч Коваль.

— Наведваюць відэастудыю старшакласнікі ўстаноў адукацыі Шчучына і навучэнцы каледжаў, ім вельмі цікава працаваць з відэакамерамі, — адзначыў Ігар Андрэевіч. — У юнакоў і дзяўчат атрымліваецца сапраўды прафесійны прадукт, які потым мы прадстаўляем на медыяконкурсах. Дзеці займаюць прызавыя месцы, заваёўваюць шмат дып­ломаў, нават міжнароднага ўзроўню. Можна пераканацца, наколькі прафесійна хлопчыкі і дзяўчынкі асвоілі ролі відэааператараў і фотарэпарцёраў, дыктараў і карэспандэнтаў, паглядзеўшы іх шматлікія выпускі на YоuTube.

Вельмі папулярныя, асабліва сярод хлопчыкаў, аддзяленні пачатковага тэхнічнага мадэлявання, авіямадэлявання і ракетамадэлявання.

— У мяне 37 навучэнцаў, — расказаў педагог Анатоль Іосіфавіч Пянькоўскі. — Пачатковае тэхнічнае мадэляванне — першая ступень у занятках дзяцей тэхнічнай творчасцю. Потым яны будуюць мадэлі самалётаў і разам з тым паглыбляюць свае веды па матэматыцы, фізіцы, чарчэнні, геаграфіі, метэаралогіі, атрымліваюць практычныя навыкі, неабходныя для вырабу і запуску лятаючых мадэляў, запускаюць самалёты на далёкасць і вучацца кіраваць імі. Акрамя мадэлей з пенапласту і дрэва, другі год запар робім гумова-маторныя мадэлі самалётаў, якія лятаюць па крузе па зале. А ўжо ракетамадэляванне дазваляе развіваць творчыя здольнасці вучняў у галіне навукова-тэхнічнай і спартыўна-тэхнічнай дзейнасці. Дзеці не толькі ствараюць мадэлі, але і выкарыстоўваюць іх на спаборніцтвах, штогадовых паказальных выступленнях.

Толькі ў гэтым годзе юныя авіямадэлісты заваявалі 16 дыпломаў на абласных спаборніцтвах. На рэспубліканскім этапе конкурсу “ТэхнаЁлка” дыплома II ступені ўдастоена сумесная работа дзяцей, педагогаў А.І.Пянькоўскага і С.І.Сасноўскага.

Ірына АНІКЕВІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/